Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія

этнафіласофія

 

Так называецца першая ў Беларусі кніга па этнафіласофіі і першая кніга па этнафіласофіі еўрапейскага народа ўвогуле.

Назва кнігі ўзята з твораў Уладзіміра Караткевіча і метафарычна апісвае месца Беларусі ў сусвеце, як яно бачыцца людзям, улюбёным у сваю краіну. Кніга выйшла на пачатку снежня ў Выдавецкім доме «Беларуская навука». Гэта вынік выканання асобнагапраекта фундаментальных і прыкладных даследаванняў НАН Беларусі «Беларуская этнафіласофія ў сістэме нацыянальнай культуры» (2019–2020).


Яна выйшла! “Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца” – першая ў нашых (і ня толькі) шыротах кніга па этнафіласофіі, над якой я сядзела апошнія месяцы днямі і начамі да поўнага выпадзеньня з жыцьця.

10 аўтараў, 2 рэдактары (Сяргей Санько і я), 5 частак – пра сусьвет, сакрум, чалавека, грамадзтва і каштоўнасьці. Больш за 160 артыкулаў, якія разам складаюцца ў дасьледаваньне беларускай карціны сьвету. У артыкулах мноства цытат жывой народнай думкі з фалькларыстычных запісаў 19–21 ст.

Я кожнаму артыкулу дала назву з беларускай літаратуры і эпіграфы, з якіх відаць, як нашая культура ўзаемадзейнічае з народнай традыцыяй, рэагуе на яе, разьвівае, адпрэчвае, перайначвае. Такая сабе інтэлектуальная і мастацкая рэфлексія на народную філасофію, а таксама яе працяг у беларускім аўтарскім пісьменстве.

Усяго каля 700 эпіграфаў з тэкстаў ад 12 да 21 стагоддзя. Гэта яшчэ й самакаштоўны цытатнік беларускай думкі! Аўтары эпіграфаў – беларускія мысьляры і творцы ад Сярэднявечча, Рэнэсансу, Рэфармацыі, Асьветніцтва да нашых дзён. Яны сьведчаць, што ідэі і вобразы, на якіх грунтуецца старажытнае аўтэнтычнае мысьленне працягваюць фармаваць інтэлектуальны дыскурс, утвараючы неперарыўны культурны дыялог, супольны і індывідуальны роздум над асноўнымі пытаньнямі, што вярэдзяць усе пакаленьні нацыянальнай супольнасьці. Такім чынам ствараецца аб’ёмная карціна беларускага сьветамысьленьня і сьветаадчуваньня.

Афармленьне кнігі дадае яшчэ адну плынь беларускага сьветабачаньня – візуальную, узятую з беларускай кніжнай ілюстрацыі 15–17 ст. Над тэкстамі кнігі працавалі 10 навукоўцаў з розных акадэмічных і навучальных устаноў Беларусі (Таццяна Валодзіна, Ірына Дубянецкая, Валер Евароўскі, Міхаіл Завадскі, Анатоль Лазарэвіч, Уладзімір Лобач, Іван Новік, Алена Падалінская, Сяргей Санько, Зміцер Скварчэўскі). З падборам карцінак (ды і з усёй кнігай) вельмі дапамагла выдатная выдавецкая рэдактарка Ірына Старасціна.

Выдавецкая (паліграфічная) праца не ідэальная, але ў цэлым кніжка прыгожая.

Спадзяюся, чытачы атрымаюць ад яе задавальненьне.

Дарэчы, калі хто не пазнаў, назва ўзятая з Караткевіча і апісвае месца Беларусі ў сусьвеце.

Iryna Dubianetska


Гэта будзе настольная кніга для ўсіх пісьменнікаў, якія пішуць пра Беларусь, яе гісторыю, людзей, характары і хочуць піць ваду з сапраўдных крыніц, а не збіраць расу са столі. Для тых, хто спрабуе сябе ў фэнтэзі, хто ўплятае ў тканае палатно сваіх тэкстаў фальклор, хто хоча дадаць аўтэнтычнасці ці хоць аздобіць свой тэкст сапраўднымі кветачкамі беларускай мудрасці.

Зверыць сваё разуменне беларусаў з тым, што маецца насамрэч, узбагаціцца новымі ведамі, урэшце мець пад рукой самы аўтарытэтны на сёння даведнік па філасофіі беларусаў. Каб не памыліцца з лаянкай ля печы і шмат яшчэ з чым…

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *