Сіямцы. Яўгенія Пастэрнак, Андрэй Жвалеўскі

Сіямцы. Яўгенія Пастэрнак, Андрэй ЖвалеўскіАндрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак – пісьменніцкі дуэт з вялікім кошам кніг і прэмій. Першы з іх таксама быў сцэнарыстам многіх серыялаў, сярод якіх “Солдаты” і (страшна сказаць) “Мент в законе”. А яшчэ яны самі бацькі, таму добра ведаюць нюансы пераходнага ўзросту і ствараюць літаратуру для падлеткаў. Адна з такіх кніг ,”Сіямцы”, выйшла ў 2017 па-руску, а ў 2020 пабачыў свет і беларускі пераклад Станіславы Умец.

🧑‍🤝‍🧑 ЗАВЯЗКА: нацягнуўшы швэдар з дзіркамі для дзвюх галоў, Ян і Гэля прыкідваюцца сіямцамі і вядуць ютуб-канал. Рэшту часу яны прысвячаюць тыповым для падлеткаў заняткам, то-бок робяць усякую дзічыну: сварацца, мірацца, заводзяць інтрыжкі і г.д. Аднак паступова разумеюць, што між імі ёсць нешта большае, чым сяброўства.

🧑‍🤝‍🧑 Першае правіла літаратуры для падлеткаў: чытаць яе трэба так, нібыта ты сам падлетак. Другое правіла літаратуры для падлеткаў такое ж. Пакіньце ўсю дарослую разважлівасць, бо любая спроба ацаніць лагічнасць і адэкватнасць учынкаў непазбежна прыводзіць да воклічаў кшталту: “Аааааа, што ты робіш?! А ты што робіш?! Да вы што, звар’яцелі ўсе?!”

🧑‍🤝‍🧑 Твор прысвечаны няўменню людзей размаўляць: калі б Ян і Гэля сказалі, хто чаго хоча, то гэта максімальна спрасціла б усім жыццё (праўда, і кнігі б не было). У гэтым сэнсе “Сіямцы” актуальныя на любы ўзрост, бо праблема зусім не падлеткавая. Закранаюцца і іншыя важныя пытанні: булінг, сацыяльная адаптацыя, першы эратычны досвед.

🧑‍🤝‍🧑 На жаль, сюжэтную інтрыгу забілі ўжо ў анатацыі: чытачу адразу паведамляюць, што героі створаны адно для аднаго, а калі не разумеюць гэтага, то да справы падключаецца родны Менск, які атуляе любоўю і зводзіць разам. Ход з горадам у якасці містычнага персанажа ўдалы, ды і ўвогуле прыемна, калі дзеянне адбываецца ў вядомых лакацыях. З іншага боку цяжка зразумець, навошта пакінуты такія тлустыя спойлеры: да таго, што напісана ў анатацыі, цікавей было б дапяць самому.

🏆 РЭЗЮМЭ: звычайна я стаўлю арэшкі, аднак тут ўстрымаюся, бо не належу да мэтавай аўдыторыі. Проста падсумую: кніга чытаецца лёгка і пры гэтым закранае важныя пытанні. Нягледзячы на пэўную прадказальнасць, рэкамендаваць яе можна і падлеткам, і дарослым (асабліва для адпачынку).

homa_bellit

Пакінуць адказ