Стукі-грукі – што за гукі.  Андрэй Скурко

Стукі-грукі – што за гукі.  Андрэй СкуркоГэта другая кніга Андрэя Скурко ў выдавецтве @gutenbergpublisher у афармленні Волі Кузьміч @animatarka. І яна такая ж яркая, вясёлая і трывалая (бо з картону!), як і папярэдняя.

📚 Цешуся, калі выходзяць сучасныя дзіцячыя кнігі менавіта беларускіх аўтараў і аўтарак. Бо іх мала. Не, дзяржвыдавецтвы друкуюць шмат рознага, але гэта пераважна аднастайнае, нуднае, неактуальнае.

👦🏻👧🏼 Дзіцячых вершаў пра тое, што напраўду  цікава малечы, пра побытавае, штодзённае, з гумарам і без спробы павучаць, мала. Але – становіцца болей, бо апошнім часам выйшлі ажно некалькі кніжак Андрэя Скурко: “Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў” і “Хачу ўмець чытаць” (абедзьве – у выдавецтве @technalohija.publisher), і ўзгаданая вышэй “Хто жыве ў гаражы”. А яшчэ быў пераклад Чукоўскага, дзе вядомы нам с дзяцінства Айбаліт стаў доктарам Будзь-Здароў. Пазітыўнае мысленне ў справе ☺️

📘 У новай кнізе чытачоў чакаюць малаток, гаечны ключ, пласкагубцы з абцугамі, адкрутка, шрубакрут і дрыль,  трымер і газонакасілка, сякера ды нажоўка і г.д.

📌На світанні даўняй эры
Чалавек зрабіў сякеру.
І з сякераю ў руках
Смела крочыў па лясах.

Будаваў сякерай хаты
І вялікія фрэгаты,
Дзёўб і сек, часаў, раўняў,
Часам ворагаў ганяў.

📏 Сітуацыі вельмі жыццёвыя для дзяцей і іх бацькоў. Напрыклад, пра вымярэнне ўсяго і ўсіх рулеткай: у нас так заўсёды, калі рулетка трапляе ў дзіцячыя рукі.

📌 Маме з татам змерым рост,
А сабаку змерым хвост,
І канапу, і пліту,
Даўжыню вусоў – кату.

🌱 Альбо гісторыя пра ранішнюю газонакасілку, якая не дае спаць. Бо хто ж не прачынаўся пад такія гукі ўлетку?

📌… А за ёй прачнуўся трымер,
Майстар грукату і дыму.
І ў Карэлічах, і ў Рыме
Чуем мы ягоны спеў
На газонах сярод дрэў…

… Калі я дарослым стану,
Дык касіць не буду рана.

🎨 У кніжцы багата вясёлых малюнкаў, якія будзе цікава разглядаць і дзецям, і дарослым. Гэтым разам героі вершаў нават маюць імёны: напрыклад, на малюнках ёсць адкрутка Людка, сякера Валера і нажоўка Жанэт, рулетка Светка і рубанак Янак. І нават іголка Івонка – для маёй малечы 🪡

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ