Першае маё знаёмства з аўтаркай адбылося завочна — праз агульных сяброў у Facebook. Чыйсьці допіс, які яна скаментавала, трапіўся мне на вочы, і я падумала: «Ага! Жанчына разважае з нейкай разыначкай, нестандартна, і думкі мне адгукаюцца. Чаму б не зазірнуць на яе старонку?»
Ну і паняслося… Часам я заходзіла ў Facebook толькі дзеля таго, каб паставіць падабайку чарговаму яе допісу. А як даведалася пра кнігу — мяне ўжо было не стрымаць.
Воля Стварыцеля, у рэшце рэшт, павярнула так, што не я да аўтаркі, а яна сама завітала да мяне ў госці. Такім чынам маю аж дзве кнігі, а водгуку пакуль ніводнага. Выпраўляюся 😉.
Ну і паколькі дакладна ведаю, што Алена будзе ацэньваць не толькі маё ўменне грэмзаць пасты, пастараюся быць максімальна шчырай. Фух… гэта быў толькі ўступ 🫣
Чытаць кнігу — як сесці ў цягнік без квітка і без гарантый, што даедзеш туды, куды планавала. Да таго ж невядома, хто трапіцца ў спадарожнікі па купэ і што чакае наперадзе.
Хоць падаецца, што нічога асаблівага: штодня сустракаеш людзей у маршрутцы, у краме, у двары. Хтосьці, можа, і ўвагі не зверне на раздражнёную прадавачку, на бамжоў каля пад’езда ці на суседа па лесвічнай пляцоўцы. Але ж менавіта такія моманты і ёсць наша жыццё, калі яго не адшліфоўваць і не накладваць фільтры для інстаграмнай фотачкі.
І пачынаеш трошкі інакш глядзець на людзей вакол. На тых самых «выпадковых». Мяне заўсёды прываблівала гэтая пісьменніцкая рыса — умець бачыць людзей і гісторыі вакол сябе. Ну і тады сапраўды становіцца часам смешна, часам страшна смешна, а часам проста страшна… 😁
Заўважна, што Алена ўсё ж намагаецца зразумець героя сваёй гісторыі, нават калі ягоныя ўчынкі ці погляды зусім не ўкладаюцца ў галаве.
У выніку кніга атрымалася проста пра жыццё і, што для мяне вельмі важна, пра адносіны з Богам. Не, ну а хто яшчэ можа растлумачыць, дзеля чаго ўсё гэта?!
Вы малайчына, Алена, што адважыліся выдаць гэтую кнігу. Хай ужо чытач сам вырашае, што тут смешна, што страшна. Мне ж было цікава пачытаць гісторыі і падумаць: “Во-во і ў мяне такое ж было”.
Вельмі спадзяюся, што на гэтай кнізе Вы не спыніцеся. І па-любому буду сачыць за Вамі ў Facebook, бо палюбіла Ваш тонкі гумар.

