Сподачак для цмока. Надзея Ясмінска

Ясмінска
Ясмінска

 

Пачну здалёк. Даўно чакаю выхаду трэцяй кнігі з адзінарожай серыі Надзеі Ясмінска. Яна ужо з’явілася ў продажы, але пакуль я дзюбай шчоўкала, увесь першы прывоз расхапалі. “Ну і Густы Лес з вамі,” – сказала Маша і набыла “Сподачак для Цмока” таго ж аўтара, бо кніжка надта ж вабіць гэтым белым і ліловым, як такое можна не жадаць!

І вось, гудзе мая электрычка, грукочуць калёсы, імчацца вясновыя казкі за акном, а ў мяне бела-ліловы цуд у далонях лашчыцца, што кацяня: старонкі шчыльныя, гладзенькія, харошыя.

Гэта зусім кароценькая кніжачка, для самых маленькіх чытачоў. Але калі гэта мне перашкаджала атрымліваць асалоду ў свае 33!

Белыя-белыя старонкі з маленечкімі гісторыямі пра Юзіка-Гузіка і яго пачвару. Прыемная мова, жыццёвы і цёплы гумар, цудоўныя інструкцыі па прыняццю сваіх жахаў і жыццю ў ладзе з сабой, карысныя не толькі дашкалятам, але і бацькам, што будуць чытаць ім услых. А таксама просты, але шыкоўна ілюстраваны другарадны пасыл: на ўсе ў гэтым жыцці трэба паглядаць з розных бакоў. О, колькім дарослым сёння не хапае гэтай маленькай мудрасці!

Заўважце, усё гэта на 39 старонках, дзе малюнкаў болей, чым тэксту. Вось гэта шчыльнасць! А якая цудоўная сувязь сэнсу і версткі! Калі праблема вялікая – то й літары будуць ВЯЛІКІЯ. Калі штосьці памяншаецца, то й літары будуць МЕНШаць. Калі бурбалкі па ўсім пакоі – то за імі раз ля ту цца і сло вы. Асалода.

Дарэчы, аб шыкоўным ілюстраванні. Мастачка Святлана Міхалап – неверагодная! Мяккая акварэль, тэкстура вільготнай паперы, утульнасць і пяшчотнасць. І такія дакладныя персанажы! Іх немагчыма бачыць іначай. Лёгкія, паветраныя постаці стылізаваных людзей. І, канечне ж, ён: Цмаказаўр! Ліловы!!! Велізарны. На ўсю кніжку! І цмаказюлечка, з якой ніяк не магу скончыць смяяцца. Гэта такі эстэтычны кайф, быццам заліваеш кіпнем лавандавую гарбату на белым-белым абрусе ў белым-белым кубку. Глядзіш, як лаванда аддае вадзе свой пах і колер. І п’е-е-е-е-еш.

Звычайна я не ўплываю на кніжны выбар сваіх дзяцей. Самастойныя людзі, самі маюць рацыю. Але вось гэтую прыгажосць малодшаму пакажу А можа – чым Цмок не жартуе, – нават пачытаю ўслых.

P.S. Так і ведала пра шкарпэткі!

P.P.S. І пра зашафныя прасторы.

P.P.P.S. Файныя бутэрброды. Трэба паспрабаваць!

Марыя Шабанец

 


Думаю, калі зладзіць сярод дзяцей апытанку наконт іх страхаў, у лідары з вялікім адрывам вырвецца страх таго, што пад тваім ложкам нехта жыве. Нават не нехта, бо гэта ж не можа быць якая-небудзь добрая істота. Пад ложкам можа жыць адно вялікая і страшная пачвара, якая толькі і чакае, каб цябе з’есці. Такі закон.

А калі вам пашанцавала і пад вашым ложкам хаваецца нехта зусім не страшны? Галоўнае — знайсці належны падыход, каб пасябраваць з ім. Хлопчык Юзік ведае, што там дакладна нехта хаваецца, але што з гэтым рабіць? Чакаць, калі пачвара нападзе ці першаму нацкаваць на яе пэўных спецыялістаў? Але ж у школе не вучаць, да каго звяртацца, калі сутыкнуўся з такой праблемай. З бацькоў у гэтай сітуацыі таксама так сабе памочнікі. Таму хлопчык вырашае зрабіць першы крок: пачаставаць пачварку малаком. І гэты крок стане пачаткам вялікага сяброўства.

Надзея Ясмінска напісала выдатную дзіцячую кнігу пра пераадоленне страхаў, пра сяброўства і сілу дзіцячай фантазіі. Дзіцячы персанаж не толькі выклікае давер, але і сапраўды можа існаваць у рэальнасці.

А дарослыя могуць знайсці ў кнізе і парады для сябе: як вы да праблемы ставіцеся, такой яна і будзе. Адразу ўспрымаеце ўсё негатыўна, панікуеце і енчыце, што ў вас нічога не атрымаецца? Упэўніваю, што так і будзе. Хто жыве пад нашым ложкам, сябар ці вораг, залежыць толькі ад нас.

Цудоўныя яркія ілюстрацыі да кнігі зрабіла Святлана Міхалап. Кніга дакладна ўпрыгожыць любую бібліятэку. Да таго ж яна настолькі мілая і прыемная, што з лёгкасцю стане любімай у вашых дзяцей.

А хто жыве пад вашым ложкам?

xbohx

Пакінуць адказ