Сняжынка. Адам Глобус

Сняжынка
Сняжынка

“Сняжынка” кішэннага фармату. Пра зборнік хайку Адама Глобуса.

“Убачыў хайку…” – так Адам Глобус апісвае момант з’яўлення аднаго свайго новага твора. Магчыма ў гэтым самым уменні  сузіраць, наяўнасці спецыфічнай оптыкі ўспрыняцця наваколля і схаваны сакрэт удалай паэтычнай мініяцюры, у якой аўтар мае багаты досвед.

Для Адама Глобуса гэты жанр, сапраўды, добра знаёмы. Упершыню ён выступіў з ім на старонках часопіса “Бярозка” (1983), потым змясціў хайку ў кнізе “Груд” (1985), якая, праўда, так і не дайшла да чытача (у тым ліку з-за хайку), збіраў анталогію “Круглы год: хоку беларускіх паэтаў”, што хоць і выйшла ў 1996 годзе, але па словах укладальніка (А.Г.) мелася з’явіцца на дзесяць гадоў раней. Усё ж прадставіў частку твораў у кнізе “Парк” (1988). І з той пары да нашага часу звяртаецца да сваёй любімай паэтычнай формы, навучае маладых пісьменнікаў яе законам, піша пра выдатных перакладчыкаў японскай паэзіі, у якіх вучыўся сам.

Як гэта ні дзіўна, зборнік “Сняжынка” – першая паасобная кніга “Хайку” Адама Глобуса. Напісаныя за апошнія дзесяцігоддзі творы згрупаваныя ў цыклы адпаведна календара, асобна вылучаны хайку, напісаныя да Калядаў і Новага году. Своеасаблівая даніна традыцыі, калі прысутнасць маркераў той ці іншай паравіны году была абавязковай.

Ва ўступным слове да згаданай вышэй кнігі “Круглы год…” Адам Глобус пералічвае асноўныя прынцыпы, па якіх будуецца японская паэтычная мініяцюра. Акрамя вядомых 5-7-5 складоў, хайку павінны вытрымліваць пэўныя эстэтычныя патрабаванні і змяшчаць у сабе: “ЮГЭН — запаветная прыгажосць, глыбіня, неспазнанасць да канца, існасць, нязменнасць… МАКОТО — ісціна, праўда, сапраўдная справа, сапраўднае слова… АВАРЭ — зачараванне, чароўнасць… МОНО-НО АВАРЭ — чароўнасць рэчаў… САТОРЫ — азарэнне, прасветленасць, духоўнае абуджэнне, раптоўнае адкрыццё ісціны, яднанне душы чалавека і прыроды, адсутнасць рацыянальнага элементу ў творчым працэсе… САБІ — паціна, след мінулага, заміранне, пацямненне, згасанне, адзінота, самота, прасветленая адзінотнасць, адчужанасць ад штодзённай мітусні, затуханне свядомасці… КАРУМІ — лёгкасць… ХОСОМІ — тонкасць, ломкасць, крохкасць, суперажыванне, зліццё са светам, расплыванне ў свеце… СІОРЫ — гнуткасць, маркота, сум, спачуванне… ФУЭКІ-РЮКО — нязменная зменлівасць, адзінства руху і спакою, хамелеоннасць… ФУГА-НО МАКОТО — сапраўднасць прыгажосці…”.

Прашу прабачэння за такі доўгі шэраг паняткаў, але ён добра ілюструе зманлівую простасць хайку (акрэслівае амаль недасяжны ідэал, да якога можна імкнуцца бясконца).

Калі мы звернемся да твораў змешчаных у “Сняжынцы”, то пабачым, што гэтыя паняткі прысутнічаюць у тканцы вершаў, калі не ў паасобных творах адразу, то ў ланцужку іх – дакладна.

Крыжы пад снегам;
вось і ўсё, што магу ска-
заць пра Радзіму…

Адліжны ранак,
пад вадасцёчнай трубой
ледзяны слімак…

Чуеш – як моцна
адліга пахне вясной?
Не падманвайся…

У завіруху
па цаліку сунуся,
адзін на ўвесь свет…

Хайку не толькі малюе канкрэтную сітуацыю – “убачанае”, але выцягвае сабой, нібы за ланцужок гісторыю, шэраг асацыяцый і, да таго ж пакідае абавязковы прысмак, які застаецца па прачытанні.

Спыніла мяне
Дрэва, поўнае птушак,
Стаяў і слухаў…

На лаўцы ў парку
сустракае раніцу
вянок з дзьмухаўцоў…

Цётка да грудзей
прыціскае букецік
з трох кацянятаў…

Вясновы вецер
гуляе-весяліцца
пад спадніцамі…

З аднаго боку, гэта вельмі асабісты і суб’ектыўны жанр – тваё сузіранне. Разам з тым, добрае хайку дае магчымасць “пабачыць” сітуацыю вачыма паэта, разглядзець 3D малюнак, стаўшы на пэўную кропку – праз індывідуальнае да тыповага, таго што адгукаецца, калі, здавалася, глядзеў на тыя ж рэчы, але не бачыў, пакуль не паказалі.

У летнім парку
піў смачнае паветра –
ажно захмялеў…

Пасярод  поля
маленькае пудзіла –
сама самота…

Каля лужыны
шпак думае: купацца
ці не купацца?

Жнівеньскі вецер
птушынай пушыначцы
не дае ўпасці…

Рэцэпт ідэальнага хайку складаецца з мноства элементаў, але без паэтычнага суладдзя яно застанецца толькі літаратурным практыкаваннем. Спыніся імгненне, бо ты цудоўнае ў сваіх дэталях. Дзіцёнак, які ўпершыню зацікавіўся саспелымі жалудамі і збірае іх у кішэні, вожык каштана, які зваліўся з неба пад ногі, птушынае пёрка, якое гарманізуе гэты самы момант і гэту прастору ўнутры назіральніка.

Няхай пажыве
лісток сухі дубовы
ў кнізе закладкай…

Без дай прычыны
кінуў каштан у Свіслач,
нарабіў кругоў…

Як не спыніцца?
На залатой лістоце
шэрае пяро…

Пад дробным дажджом
з касцёла ў касцёл, быццам
у наступным – Бог…

Год бяжыць за годам, словы пяском збягаюць скрозь пальцы, высыпаюцца радкамі на экран. Як тут не задумацца пра вечнае, як не дазволіць сабе пабыць лірыкам і філосафам. У чарговы раз згадаць, што ўсё было і калісьці ізноў паўторыцца.

У новым годзе
прышываю гузікі
на стары халат.

Хацелася напісаць, што кнігу “Сняжынка” можна лічыць удачай аўтара, але гэта будзе не зусім справядліва, бо ўдача змяшчае ў сабе элемент выпадковасці. У дадзеным выпадку гэта плён вялікай працы – жыццё ў хайку, ці “хокуманія”, як сам называў сваё захапленне Адам Глобус. То гэта хутчэй наша чытацкая ўдача мець – пазнаёміцца з плёнам гэтай шматгадовай работы прафесійнага “гледача”.

Міхал Бараноўскі.

Пакінуць адказ