«Рыцар Янка і каралеўна Мілана» — фэнтэзійна-прыгодніцкая трылогія, серыя прыгодніцкіх гісторый юнакоў у іншасвеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча. Фэнтэзі на падставе беларускай міфалогіі. Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Першая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» пабачыла свет у 2021 годзе, другая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» выйшла ў 2022 годзе, трэцяя частка «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд» была выдадзена ў 2023 годзе.
Дакладна можна сказаць адно: гэта трылогія першая ў беларускай літаратуры з моманту яе з’яўлення займела такія велізарныя, самавітыя артыкулы адразу ў двух Вікіпедыях – беларускай і рускай. Наўрад ці згадаецца, пра які твор нашага часу напісана столькі ж і са столькімі спасылкамі (больш за паўсотні).
“– Але толькі народ, які нарадзіўся на гэтай зямлі, вырас на ёй, гатовы бараніць яе нават цаною свайго жыцця, толькі ён мае права на яе.
– А вось я лічу, правы ў таго хто, мацнейшы. А тут мацнейшы я. Мае войскі раскідаюць ваш, так бы мовіць, народ хутчэй, чым вы паспееце апамятацца і сцяміць, на якое ж глупства вы надумаліся.
– Наш народ будзе змагацца за сваю зямлю. Вашы ваяры змагаюцца за грошы. Таму і біцца да перамогі больш жадання будзе ў нас.
– На адным жаданні далёка не дойдзеш. Што ж, давядзецца мне вас правучыць, – сказаў Семаргал і павярнуў свайго скакуна, прышпорыўшы яго. Страшэнная істота расправіла свае шырокія крылы, узмахнула імі і ўзняла вершніка над зямлёй.
А Янка пусціў каня галопам у напрамку да свайго войска.“
«Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» – працяг неверагоднай гісторыі прыгод. Таямнічае каралеўства Сварга ізноў у небяспецы – яго захапіў яшчэ больш магутны вядзьмак, якім рухае помста. Юныя героі Янка ды Мілана выпраўляюцца ў падарожжа на дапамогу сваім сябрам. Дзецям наканавана павесці за сабой мужных ваяроў, вызваліць караля Мацея, змагаючыся супраць злых чараў і ненавісных ваўкалакаў, а таксама ўпершыню сустрэцца са светлым пачуццём кахання. Ці дадуць яны рады новым выпрабаванням – залежыць толькі ад іх саміх!
Захапляльна-прыгодніцкая гісторыя ад Алега Грушэцкага навучыць пераадольваць любыя цяжкасці, а таксама не баяцца ніякіх перашкод
“За волю! За каралеўства!”