Пра маму Зорачку і пра маленькую Зай. Вераніка Ляўчук

Як і многім бацькам, мне хочацца, каб мае дзеці раслі цікаўнымі і імкнуліся да ведаў. Мне хочацца, каб яны ўмелі разважаць, аналізаваць і творча падыходзіць да любой справы. Каб развівалася лагічнае і вобразнае мысленне, слоўнікавы запас і павага да роднай мовы. Для гэтага мы маем такі добры сродак як кнігі. І калі не ігнараваць чытанне ўслых нават для самых маленькіх, то з вялікай верагоднасцю кнігі неўзабаве стануць  сябрамі дзіцяці.

Адной з лепшых нашых сябровак на дзіцячай кніжнай палічцы стала кніга Веранікі Ляўчук “Пра маму Зорачку і маленькую Зай”. Кніга, якая сапраўды заслугоўвае ўвагі.

Яна складаецца з мноства  дзівосных гісторый, якія распавядаюць нам пра казачную краіну масаў – самавітых гаспадароў і чарадзеяў.

У сям’і масаў з’явілася маленькая Зай. Ох, і прыбавіцца цяпер клопатаў і турбот у мамы Зорачкі, таты Чарапаха, бабуль, дзядуль і нават у фанабэрыстага гаспадара-ката!

Махулька пакуль што нічога не ведае пра гэты свет, напоўнены добрымі і злымі чараўнікамі ды небяспечнымі захапляючымі прыгодамі. Але галоўнае, што мама Зорачка заўжды побач –  заўжды падтрымае і не дасць упасці. Разам з мамай і татам маленькая Зай падарожнічае, шукае свой чароўны дар і адначасова знаёміцца з навакольным светам, вучыцца адказнасці і сяброўству, даведваецца аб правілах ветлівасці, вучыцца паважаць сябе і іншых ды пераадольваць ўласныя страхі.

Разам з ёй вучымся і мы. Майму сыну яшчэ толькі адзін годзік, але ён уважліва слухае мае інтанацыі, сочыць за эмоцыямі і пераймае іх, водзіць пальчыкамі па яркіх акварэльных малюнках, якіх тут цэлае мора і ручай. Ілюстрацыі, зробленыя самой аўтаркай (і па сумяшчальніцтву маладой мамай), не адстаюць ад сюжэта.

Чым яшчэ вызначаецца гэтая кніга?

Тым, што яна будзе цікавай ды карыснай і для бацькоў. Акрамя дзіцячага свавольства ды вясёлых прыгод, у кнізе знайшлося месца для жыццёвых назіранняў самой аўтаркі. Як пакарміць махульку, калі тая капрызіць; як укласці спаць, як прыдумаць гульню і заняць вольны час дзіцяці карыснай справай; што рабіць, калі немаўля захварэла ці перагрэлася на сонцы; як адмыць размаляваную мэблю і дзверы, як сцішыць плач, пакінуць Зай на бабулю ці рассеяннага тату Чарапаха; і як урэшце перастаць хвалявацца за кожны крок дзіцяці ды знайсці час на сябе? Часам ад усіх турбот і хваляванняў, недасыпання ды напружання мама Зорачка ператвараецца ў сапраўднага Цмока! Ну скажыце, хіба Вам не знаёмы такі стан?

Багатая вобразная мова, займальны сюжэт і надзвычай дасціпныя ілюстрацыі захопяць увагу на доўгія вечары. Калі мы чытаем гэтую кнігу ўслых – у доме расцвітае казачная атмасфера цеплыні і ўтульнасці. Таму мы любім чытаць яе на нач, каб бачыць бесклапотныя вясёлкавыя сны.

Чаго і Вам жадаем!

Juliana Juliana

Пакінуць адказ