Ёсць колькі сучасных аўтараў, за творчасцю якіх я сачу з асаблівай увагай і адна з іх – Зараслава Камінская. Даволі цяжка сфармуляваць чым гэты інтарэс выкліканы. Магчыма, надзеяй? Надзеяй на тое, што яна зможа напоўніцу рэалізаваць свой патэнцыял расказчыцы.
Я люблю рознае. Але прыдуманыя гісторыі люблю асобнай любоўю.
Таму кнігу “Па той бок. Старыя лялькі, новыя гульні” прыняўся чытаць з завышанымі чаканнямі і самай строгай меркай на якую здольны.
Акрамя новай гісторыі, мне хацелася паглядзець на інструментоўку – ці зрабіла аўтарка крок наперад.
А цяпер, я знаходжуся ў пэўнай разгубленасці… і не ведаю – ганіць, альбо хваліць тэкст. Бо адно з самых важных для мяне пытанняў – спойлер, а купа дробных заўваг – заўвагі рэдактарскага характару.
Раман заяўляецца як дэтэктыўны, з містыкай і фальклорным флёрам і яно сапраўды так.
Знікае сяброўка і трэба прайсці сапраўдны квэст, каб дабрацца да праўды і знайсці яе. Нельга верыць нікому, і нават сабе, бо рэальнасць скрыўляецца “казкай”. І што, калі яна не падман, а белая і чорная магія сапраўды працуе.
Да таго ж. Гэты грымучы кактэйль густа прыпраўлены настальгічнымі рэмінісцэнцыямі і элементамі псіхадрамы.
Ці не занадта шмат для адной кніжкі? Вось і мне падалося, што нешта не так. Хаця, як бы тое не выглядала парадаксальным – усё гэта лагічна вынікала з папярэдніх твораў Зараславы – “Русалкі клічуць” з дэтэктыўным сюжэтам, містыкай і фігурай Алены Кіш, аб’ядналіся з “Калядным сталом” – гісторыямі дзяцінства і каляпсіхалагічнымі замалёўкамі.
Я не вялікі спецыяліст у вострасюжэтных жанрах, але асноўным паказчыкам добрага дэтэктыва лічу ўменне аўтара выклікаць жаданне хутчэй перагарнуць старонку і паглядзець, што будзе далей.
Таму з пабочнымі элементамі трэба быць вельмі асцярожнымі, асабліва, калі яны не працуюць на асноўную лінію сюжэта і раскрыццё герояў.
Разам з тым, пакінуць голую фабулу таксама не атрымаецца, тым больш калі ты пісьменнік (а Зараслава Камінская дакладна пісьменніца) і мусіш рабіць прастору твора адметнай і сваёй.
Усё ж такі. Мне падалося, што баланс не быў вытрыманы і гэта збівала. Нейкая драбніца трапляла на вока, выклікала ўласныя ўспаміны і да кнігі вяртацца ўжо не хацелася. Ды і самі па сабе “старыя песні пра галоўнае” як жанр, добра так раздражняюць. Асабліва калі акрамя эксплуатацыі “настальжы” і агульных успамінаў за імі не хаваецца нечага большага.
На пэўны момант падалося, што зварот да традыцыі таксама кан’юнктурны. Але тут, здаецца, выруліць у Зараславы атрымалася. Можа ў спецыялістаў па традыцыйных ляльках пытанні і ўзнікнуць, але ў мяне, як шараговага чытача, іх не было.
Зараслава Камінская майстар дэталяў… Толькі часта гэта служыць ёй дрэнную службу. Пісьменніца не можа спыніцца і нагрувашчвае іх з коптурам. Часам яны занадта яркія і адцягваюць увагу.
Магчыма праз рэдактарскія скарачэнні (прасіліся) і дробныя праўкі, твор можна было б зрабіць больш пругкім і стылістычна роўным. Ці карысталася пісьменніца падказкамі сказаць цяжка, у кнізе рэдактар не пазначаны. У тэксце мне яго не хапіла.
Але… раман вельмі кінематаграфічны і з яго атрымаўся б добры фільм ці міні-серыял. Галоўныя героі не выглядаюць кардоннымі, а ў канцы ты па-сапраўднаму суперажываеш гераіне. Падкрэслю, не хвалюешся за яе… а суперажываеш. А гэта ўжо крышачку болей чым проста дэтэктыў.
Прачытала кнігу Зараславы Камінскай «Па-той-бок: старыя лялькі, новыя гульні». Я чытала абедзве ранейшыя кнігі аўтаркі, “Русалкі клічуць” і “Калядны стол” (якія, дарэчы, атрымалі некалькі літаратурных прэмій), і ў гэтым рамане для мяне было шмат і чаканага, і нечаканага. Чаканае – падыход да працы з тэкстам і з персанажамі, нечаканае – што можна вось так узяць і напісаць тоўсты (400 старонак), кампазіцыйна збалансаваны і захапляльны раман. Гэта ўвогуле цуд, што ў беларускай літаратуры – без рынку, амаль без рэдактараў і крытыкі, з пераследам выдавецтваў – усё яшчэ могуць з’яўляцца тоўстыя сюжэтныя раманы. Гэты раман зрабіўся для мяне чыстай чытацкай радасцю.
– Сюжэт раскручваецца вакол загадкавага знікнення і яго расследавання. Фактычна, гэта дэтэктыў, але з элементамі магіі. Хочацца напісаць: магічнага рэалізму, але на беларускі манер. Аднак, мабыць, з жанравага гледзішча гэта будзе не зусім правільна. У любым разе, калі вы любіце шукаць у гісторыях сляды, доказы і намёкі (якія постфактум, вядома, усё тлумачаць), то гэта яно і ёсць. Як на мяне, дэтэктыўная лінія бездакорная.
– У кнігі нечаканая канцоўка, якая выклікае розныя эмоцыі. Але што б я пра яе ні сказала, гэта будзе спойлер, таму маўчу. Дарэчы, вельмі падрабязна кніга абмяркоўваецца ў падкасце «Bellit», і якраз там адразу даецца папярэджанне, што спойлеры будуць. Ведаю, што ёсць людзі, якія махнулі на папярэджанне рукой і паслухалі выпуск да чытання кнігі, гэта ім шмат чаго сапсавала. Я загадзя не слухала, так што перажыла канцоўку напоўніцу. Пасля кнігі хацелася абмеркавання, і вось тады выпуск падкаста быў дарэчы.
– Вельмі спадабалася рэканструкцыя ў адной з ліній рамана колішняга магічнага мыслення, успрымання побытавай магіі. У кнізе выбудоўваецца свет, у якім нельга выйсці з дому, каб не спатыкнуцца на аднаго-двух дамавікоў, а замовы і абарончыя рытуалы – штодзённая практыка. Гэты свет для мяне – вельмі пераканаўчы і яскравы, відаць, што аўтарка дэтальна вывучыла матэрыял. Фальклор і народныя вераванні зрабіліся вельмі арганічнай часткай сучаснага і дынамічнага сюжэту. Аж захацелася, каб нехта (Зараслава Камінская?) напісала пра гэты свет яшчэ штосьці ў духу «Ведзьмара».
– І яшчэ больш мне спадабаліся лялькі. Беларускія народныя лялькі – важныя дзейныя асобы кніг. У падкасце «Bellit» гучала нешта пра пантэон беларускіх лялек – у рамане сапраўды згадваюцца розныя іх віды: як называліся, для чаго выкарыстоўваліся, як іх рабілі. Для мяне гэта было надзвычай цікава, і зноў жа, відаць, што аўтарка рабіла грунтоўнае даследаванне. У гэтым плане кніга здаецца ў нечым блізкай да «Пасажыраў карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі. Тут таксама загадка на мяжы з магіяй і вялікі пласт ведаў вакол загадкі: у «Пасажырах» – архітэктурная спадчына, у «Па-той-бок» – народныя лялькі.
– У падкасце «Bellit» хваляць наваполацкі антураж. Я ў Наваполацку не бывала, таму нічога на гэты конт не скажу. Але ўжо даўно ясна – полацкая мафія захоплівае беларускую літаратуру!
– Кніга напэўна спадабаецца тым, хто любіць дэтэктыўнае і містычнае (і разам, і паасобку). І ў ёй няма і ценю балючай беларускай гісторыі (ну ладна, цень ёсць, але толькі на ўзроўні асобных думак галоўнай гераіні) – можна сапраўды чытаць спакойна, не баючыся трыгераў. Я праглынула яе за два вечары, адарвацца было немагчыма. І думаю, яе можна прапаноўваць для чытання падлеткам.
– Пра гэта падрабязна гаворыцца ў падкасце «Bellit», і я паўтару: у кнізе хапае моўных памылак. Шкада, што яшчэ не ўсе беларускія выдавецтвы клапоцяцца пра якасць выданняў. Пытанне памылак здаецца мне важным, бо для многіх людзей кнігі – гэта ці не адзіны кантакт з беларускай мова, праз кнігі памылкі замацоўваюцца ў узусе. З іншага боку, пасля ўручэння леташняй прэміі Гедройца я бачыла абмеркаванне памылак ў кнізе-пераможцы (іх там вельмі шмат), мне блізкае меркаванне, што ўспрыманне пісьменніцкай працы не мусіць залежаць ад недапрацовак карэктара ці выдавецтва. Гэта праблема нашай сітуацыі, прычым не самая страшная. Ёсць кнігі, якія варта чытаць, нягледзячы на памылкі, гэтая – дакладна з іх.
– Кнігу лёгка набыць у Мінску. Дзе яна ёсць у Варшаве, напішу тым, каму цікава, у прыват. Але было б някепска, калі б яна з’явілася ў варшаўскай «Кнігаўцы» – мне здаецца, гэта цяпер самае дасяжнае кніжнае месца для беларусаў замежжа. І было б цудоўна, калі б выйшаў электронны варыянт (вядома, з выпраўленымі памылкамі).
“Па-той-бок” Зараславы Камінскай (2023) , адна з найлепшых кніжак, што я прачытала за год. Ляжала, сядзела з ёй і нават адклала паход у грыбы, каб дачытаць. Потым некалькі месяцаў прахадзіла з думкай, што мушу напісаць пра яе, бо мала беларускіх кніжак чытаецца ў адзін прысест, як гэта. Не бачыла водгукаў, а яны рашуча трэба.
Калі шукаеце падарунак — раю гэту кніжку.
Вострасюжэтная (з першай старонкі сяброўка пачынае шукаць сяброўку), пра сучаснае жыццё (падзеі адбываюцца ў Мінску, Наваполацку, але не толькі). Пра стасункі. Дзве сюжэтныя лініі, два вымярэнні. Глыбокая аўтарка — але гэта глыбіня без філасофскіх разважанняў і падобнага нудоцця.
Гэта трэцяя кніжка аўтаркі за многа гадоў. Яна піша мала, але ўдала. Цаню такі падыход да літаратуры, калі не рамесніцтва, а “не магу не напісаць”.
Не адразу я прыняла фінал. Ён мяне так шакаваў, што доўга не магла ацяміцца. І пакрыўдзіў, і ацверазіў (каб вы не перажывалі — там няма ніякай трагедыі, шокам стаў выключна аўтарскі ход). І цяпер толькі разумею — фінал такі, як мусіў быць. Класная кніжка, класны канец.
Ага, і яшчэ: ні слоўца лішняга, гэта таксама пакуль рэдка бывае, калі не хочацца пераскочыць праз сказы і абзацы. Страшна рада буду абмеркаваць, калі хто чытаў ці прачытае.
Сапраўдны падарунак для беларускамоўнага чытачоў і асабіста для мяне – трэцяя кніга Зараславы Камінскай #ПаТойБок (Па той бок) #СтарыяЛялькіНовыяГульні (Старыя лялькі новыя гульні). ура!
Яшчэ ў Русалках (*Русалкі клічуць – першы раман) было відаць, як аўтар выдатна ўмее ўплятаць дэтэктыўную гісторыю і рэфлексію міленіялаў у незабыўным фальклорным фоне. Там гаворка ішла аб наіўным мастацтве (дыванах) Алена Кіш. А тут, у цэнтры, стаяць народныя рытуальныя лялькі (куклы), якія створаны як абярэгі/талісманы і як інструменты чорнай магіі.
Шыкоўна! Айцішнікі, расрабы, камп’ютарныя гульні, саспенс (саспенсішча!) старажытныя легенды і рытуальныя лялькі, беларуская глыбінка і мінскія кварталы, складаная беларуская лексіка і маса пасхалак для сваіх [у мяне на вачах слёзы, калі пазнаю людзей, дамы і двары]. Бадзёра, сюжэтна, але з выдатным чалавечым тварам. Ведаю Камінскую-сяброўку (як у Русалках), Камінскую дачку (як у Калядным стале), а ў Ляльках я яшчэ і выразна ўбачыла Камінскую-маму і гэта вельмі душэўна і вельмі добра.
Ps Канцоўка разбіла маё сэрца, Зарына.
Вяртайцеся ўжо ўсе хутчэй.