Пасланцы Цмока. Марыя Шабанец

  1. Калі ты сам у тэме фэнтэзі імкнешся нешта такое нашкрабаць, безумоўна, створанае раней за цябе тваім сучаснікам выкліча цікавасць. І гэткую прыхаваную рэўнасць. Таму чытаць будзеш прыдзірліва.
  2. Прыдзірацца расхацелася, калі пачаў знаёміцца з насельнікамі кнігі. Аўтарка (дзякуй ёй за гэта ад мяне ў пояс) стварае свой свет, абапіраючыся на беларускую міфалогію. Яна не прыдумляе, не перацягвае стварэнняў з іншых краін у нашу, але ўмела скарыстоўвае атрыманыя веды, дадумвае. Недзе па-свойму тлумачыць. Вось цікавы варыянт з зазоўкай – як вясёлая бесклапотная дзяўчына стала пагрозай для мужчын і юнакоў у лесе…

Увогуле, розныя версіі нейкіх асаблівых магічных дзеянняў (кшталту ажыўлення паморка і надання яму ці не бяссмерця) – вельмі арыгінальныя, нечаканыя, беларускія па духу. І, прызнацца, недзе страшнаватыя.

  1. Асобны момант – вершы ў кнізе. Нават песні. Недарэмна на аватарцы Марыі ў ФБ гітара – вершы вельмі музыкальныя, густоўныя, як на мой густ)
  2. Ад пачатку аповед падаецца занадта простым, але цягам часу ўсё разгортваецца ў глыбіню і шырыню, узбагачаецца аўтарскай магіяй, з’яўляюцца спасылкі ў мінулае, завязваецца сапраўдны клубок адзінай гісторыі. Такім чынам раскрываецца суіснаванне свету людзей і нелюдзей. Далей – болей, з’яўляюцца рэчы самыя сур’ёзныя, які, аднак, падаюцца праз кароткую думку, адзін-два сказы. Карацей, уважліва чытаеш – задумаешся, не вельмі – яна не перашкодзіць успрыманню тэксту.
  3. Тут зусім асабістае: поўнай нечаканасцю (прыемнай) было для мяне пабачыць галоўную думку аўтара пра стварэнне і само існаванне свету міфалагічных істот, а таксама ягоную магчымую гібель, бо ўсё супала амаль што цалкам з маёй). Што праўда, у Марыі Шэбанец думка выказана больш ярка, гэта – асаблівасць самой гісторыі і ўсёй кнігі.
  4. Мне не зусім зразумела, чаму для наймення міфалагічных істот скарыстоўваецца слова “нялюдзі”, калі ў нашай мове існуе канкрэтнае “нелюдзі”. Так, адмоўная канатацыя ў слова існуе, яна дастаткова моцная, але тут ужо задача аўтара і ягонае права змяніць яе, надаць ёй іншы сэнс.
  5. Што яшчэ не надта зразумела: персанаж знічкі, якая можа пераўтварацца ў зернейка, кацяня, і – дзяўчыну ці юнака. Калі першыя пераўтварэнні знаходзяць у гісторыі сваё прымяненне, дык апошнія – не зусім. А вось напачатку гісторыі ўзнікае і блытаніна.
  6. Як для мяне, які за дзень-вечар прачытаў усю кнігу, маленькія часткі падаліся не вельмі ўдалымі для чытання. А вось для юнага чытача гэта павінна падасца прыдатным. Да таго ж, пераскокванне з дзеі ў адным царстве на дзею ў другім дадае дынаміцы ўсёй гісторыі, ўзнікае адчуванне, што агульная перамога магчымая толькі ў выпадку паспеху і там, і там.
  7. Князёўна Люта – адзін з цэнтральных персанажаў, аўтар імкнецца утрымаць сваю гераіню ў яе межах з-за хваробы: вытрымаць яе націск дапамагае асобнае моцнае-моцнае пачуццё, каму – любоў, каму – адчай ці жаданне выратаваць дзіця. Люце дапамагае злосць. Яно б і хай, але князёўна злуе на усё запар, ці варта так было рабіць? Да ўсяго, эмацыянальная афарбоўка дзеяў дзяўчыны падаецца недзе занадта экспрэсіўнай: “прагырчэла пад нос”. Ну, гырчэць – то больш сабакі, трошкі крыўдна за дзяўчыну)).
  8. Што яшчэ бачу добрым у тэксце: аўтар не імкнецца патлумачыць усякую дробязь, кшталту фізіку існавання блакітных агеньчыкаў у лабірынце, прыроду капялюшнікаў ці магію стварэння сцені (не цені, а менавіта сцені). І гэта дадае балаў на факт існавання гэтага свету, чытач успрымае чараўніцтва і фэнтэзійнасць як нармальную такую рэчаіснасць.

Але ў некаторых дзеях кароткіх тлумачэнняў не зашкодзіла б: напрыклад, у эпізодзе абдурвання князя з прысыпашамі, пакараннем смерцю хіхітуна.

  1. Лічу не вельмі правільным пісаць асобных персанажаў з малой літары. Лясун, Балотнік, Аржавень, Пушчавік, Лазавік – адзінкавыя ў прасторы свайго існавання асобы ў адрозненне ад русалак, гаёвак, шэшак, хіхітуноў і паморкаў. Тут жа побач і асоба Дабрахожага. Гэта даволі фактурны сваімі здольнасцямі, дзеямі і адносінамі да людзей дзядок, то наўрад ці трэба даваць яму яшчэ і асобнае імя.
  2. Даведаўся, што аўтар – маладая жанчына, мае трох дзетак. І цяпер не дае спакою пытанне: а як яна змагла напісаць?

Што ўрэшце маем? Маем добрае беларускае фэнтэзі, структурна завершанае, цэльнае і глыбокае. Канешне, зараз знойдуцца спецыялісты і пачнуць пытацца: а чым гэта фэнтэзі, а не міфалагічная казка? Ужо было аднойчы, і гэта, па шчырасці, было непрыемна. Таму адразу папярэджваю: я кажу, што маем беларускае фэнтэзі і не збіраюся спрачацца на гэты конт.

Цудоўная гісторыя, займальнае чытанне, якасная работа па стварэнні цэльнага сусвету, добра распрацаваны сюжэт, густоўны фінал. Канешне, можна б было рэальна больш за нешта чапляцца, разбіраць асобныя хады і вобразы, але – не хочацца.

  1. Дзе-нідзе спатыкаўся. Да прыкладу, калі Лазавік названы “карузлік”, а таксама “карла”, я многа думаў і пайшоў курыць.

Доўга спрабаваў уявіць, як выглядае “хмыз вярбы”: гэта зараснік маладой вярбы, ці гэта гара сучча і ламачча засохлых і ўпаўшых вербаў… Не зусім зразумеў, чаму між княствамі існуюць дачыненні (прычым, двойчы), а не наладжаныя сувязі, усталяваныя адносіны, добрасуседскія стасункі?

Ну, але тое ўжо – іншая размова…

Дзякуй за кнігу, спадарыня Марыя!

Valer Hapeyeu

Пакінуць адказ