Нячысты Мінск (зборнік, Пісьменнікі шуфлядкі)

Нячысты Мінск (зборнік, Пісьменнікі шуфлядкі)

Я даволі доўга адкладала чытанне гэтай кнігі, бо не мела чаканняў, а хутчэй – перасцярогі. Але калі мяне ў чарговы раз моцна прыбіў да зямлі змрочны і прыўкрасны Шляпікас (гл.адзін з нядаўніх допісаў), я ўсё ж вырашыла ўзяцца за “(Ня)чысты Мінск” 🤭

📘 Не скажу, што мне спадабалася. Але і што не спадабалася – таксама не скажу. Гэта той выпадак, калі я магу сказаць “міленька” і “не мая літаратура”.

☑️ Я разумею, што тут знаходзяць чытачы і чытачкі, якія пакідаюць захопленыя водгукі: гэта Мінск агулам, знаёмыя лакацыі, лёгкая мова і магчымасць прачытаць тэкст па-беларуску, нават калі звычайна чытаеш па-руску. І як мінімум некалькі даволі цікавых сюжэтаў.

☑️ І я дакладна разумею тых, хто кажа, што кніга не спадабалася. Дарэчы, не чула пакуль расчараваных водгукаў, а менавіта: не спадабалася.

📝 Мне не хапіла глыбіні. Нават не сюжэтнай (хаця яе часам напраўду моцна бракуе), але фактурнай. Лакацыі называюцца, але за імі быццам бы пуста, яны як плоскія дэкарацыі. Мне не хапала прапрацоўкі гістарычных фактаў, архітэктурных ці тапаграфічных дэталяў. Не хапіла таго, што аўтар_ка не называе, але ведае, і яно прысутнічае ў тэксце паміж радкоў. У гэтым зборніку я пазнавала родны Мінск па назвах лакацый, але не пазнавала сэрцам. Ну і лакацыі пераважна даволі базавыя. Гэта вам не Зінаіда Юр’еўна ці нават “Галоўная памылка Афанасія” 🙂

👌🏻 З лакацый асабіста дзякую за Кальварыю, Арлоўку, раён Пуліхава. А ў плане (сучаснага) гістарычнага падмурка харошай атрымалася гісторыя пра метро. Хіба што там 33-гадовы герой называе маці аднакласніцы “бабулькай”. Ну што за эйджызм? 😁 “Убогія” хрушчоўкі ваеннага гарадка чамусьці таксама рэзанулі вока. Магчыма, таму што для мяне яны амаль заўсёды з нейкім сваім вайбам у Мінску 🥰 Ну альбо гэта ўжо нейкі сіндром эмігранткі.

📚 Гэта безумоўна лёгкае чытво. Яно не для прыхільніц/каў якаснай гістарычнай літаратуры, глыбока рэфлексіўнага аўтафішна ці вытанчанай псіхалагічнай прозы. Але хочацца верыць, што праз такія кнігі можа ўзнікаць цікаўнасць да роднага горада, жаданне чытаць пра яго больш ці чытаць па-беларуску.

kniznyja_razmovy.


Кніга, пра якую я буду расказваць з цеплынёю💛. Кніга, якая будзе саграваць вас удалечыні ад Радзімы🫂. Кніга, утульная і атмасферная, як знаёмыя з дзяцінства-юнацтва вулачкі і мясцінкі роднага Мінска 🥹. Вось такое агульнае ўражанне засталося ў мяне пасля прачытання “(Ня)чыстага Мінску” ад @shuflyadka_pisatelya выдавецтва Папуры @papury.bel_new

Узяўшы ў рукі гэтую кнігу, я НЕ чакала чагосьці невераемнага, бо ведала, што гэта зборнік твораў пісьменніц-пачаткоўцаў. Баялася, што творы будуць слабыя па стылю і майстэрству. Але дарма! З 15 апавяданняў я толькі ў 2 ці 3 не зусім зразумела пасыл аўтара і мне хацелася нейкага працяга ці большай глыбіні. Астатнія творы цудоўныя!😍 Яны розныя, але аб’яднаныя адзінай тэмай – містыка, пераплеценая з беларускай гісторыяй і фальклорам.

А яшчэ хачу адзначыць дасканалую працу перакладчыц на беларускую мову Ірыны Зінкевіч, Паліны Грыб @palinagrib , Яны Владыкі і Наталлі Давыдоўскай👏. Я ж яшчэ чытаю і вучуся ў вас (ці шукаю хібы 😆).

Афармленне кнігі таксама на вышыні. Прыемна ўзяць у рукі, нясорамна падарыць ці наогул мець ва ўласнай бібліятэцы.😍

Вядома, мне вельмі хацелася б, каб такія творы з’яўляліся адразу па-беларуску. Я прынцыпова не чытала гэтую кнігу па-расейску, бо на мой погляд творы пра Беларусь ад беларускіх аўтараў мусяць быць па-беларуску! ❤️ Але пакуль маем, што маем.

А яшчэ з гэтай кнігай я ўдзельнічаю ў летнім чытацкім марафоне #дадому ад @taja_kacia. Гэта кніга як нельга лепш падыходзіць да тэмы “Дом. Родны кут. Радзіма”

Карацей, мая адзнака 8 з 10. Не шукайце мінусаў, а проста адпачывайце 😉

natalia_maslinka


👻 “Нячысты Мінск” – гэта захапляльны збор фантастычных і містычных апавяданняў ад сучасных беларускіх аўтараў пра сталіцу нашай краіны – Мінск.

👉🏻 Кожны з пісьменнікаў прыўносіць свой унікальны стыль і свае погляды на свет звышнатуральнага, што робіць кожнае апавяданне цікавым па-свойму. 👍🏻

💁🏻‍♂️ Сапраўды гэта і ёсць самае моцнае ў кнізе. Праз разнастайнасць стыляў і падыходаў да тэмы мы можам дакрануцца да розных бакоў містыкі ад самага жудаснага да дзіўнага і недзе нават камічнага.

Атрымліваецца, “Нячысты Мінск” – добры выбар для аматараў фэнтэзі і містыкі, асабліва калі вы яшчэ маеце небагата часу на чытанне 👍🏻

Калі жадаеце зазірнуць на звычныя лакацыі праз шкельца цудоўнагая, то вам дакладна сюды 🖤

✍🏻 Але збор ёсць збор, і табе ўсё адно некаторыя апавяданні залятаюць менш, чым іншыя. Магчыма, тэма не твая, стыль не твой, настрой не твой і іншае штосьці не тваё. І як бы ні намагаліся аўтары менавіта ў твае “кропкі” трапіць, захапіць цябе, не ва ўсіх гэта атрымліваецца, ды і не павінна. І ў выніку гэта будзе ўсё роўна нешта сярэдненькае, нешта кшталту “не ваў, але і не блага.” 😅

Галоўнае, што ты атрымліваеш ад збору роўненька тое, чаго ад яго і чакаеш: містыку, атмасферу, Мінск, знаёмыя лакацыі, цікавыя апавяданні. Таму стаўлю свае 4.5/5 ⭐

serg_by_books

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме