На прызбе ў Сілічах. Марыі Вайцяшонак

Марыі Вайцяшонак

Сакрэт варанага яйка

У 2023 годзе ў выдавецтве “Пфляўмбаўм” выйшла кніга Марыі Вайцяшонак “На прызбе ў Сілічах. Дзённік паэткі”. Тэкст яе складаецца з тэлефонных і прыватных гутарак спадарыні Марыі з гісторыкам Аксанай Ёркінай, якая запісвала дыялогі, выкладала іх на адмысловай старонцы у Фэйсбуку, а потым сфармавала іх у цэльны тэкст (сама Марыя Антонаўна запісваць і рэдагаваць напісанае не можа з-за праблем са зрокам). Адрэдагаваў кнігу і напісаў прадмову да яе Леанід Галубовіч, прыязнымі словамі адгукнулася Святлана Алексіевіч. Дастаткова, каб у вачах чытачоў выданне набыло пэўны арэол, асабістую гісторыю, з якой заўсёды прасцей ісці да кнігі.

“На прызбе ў Сілічах” — не з тых кніжак, якія чытаюцца нагбом. Кожная мая спроба засесці і прачытаць яе похапкам, да канца, цярпела адчувальную паразу. Два-тры, іншы раз — пяць, але не болей, фрагментаў. Некаторыя — перачытаць зноў. Некаторыя — прагледзець вокам не занурваючыся. Адзін адгукнецца сёння, другі — заўтра, трэці — можа, праз год альбо нават ніколі. Так рэдка бывае з прозай, затое заўсёды менавіта так чытаюцца зборнікі вершаў, калі падзеяй становіцца нават не верш ці некалькі з іх, а — слоўка альбо радок.

Увогуле жанр кнігі я б нават не называла дзённікам, у гэтым ёсць нейкія хітрыкі, спроба ўкласці небанальны тэкст у агульнапрынятую рамку. Гутаркамі яе таксама не назавеш: іншы раз гэта сапраўды дыялог, іншы раз — кароткі маналог, іншы раз — верш альбо водгук на чужыя вершы. Ад дзённіка такі тэкст моцна адрозніваецца заўсёднай прысутнасцю “іншага”, чалавека, які слухае і запісвае. Гэтая сюжэтная напруга паміж чалавекам, які выказваецца, і чалавекам, які запісвае, адчуванне безабароннасці апавядальніка, які не можа потым перачытаць запісанае, асаблівы давер, які мусіць быць пры такім узаемадзеянні — моцны бок гэтага тэксту, недэклараваны, але існы. Сказаць папраўдзе, кніг такога невызначанага жанру мусіць быць як мага больш — калі нехта бярэ на сабе адказнасць фіксаваць думкі і пачуцці іншага і ў гэтай паўсядзённай камунікацыі выпрацоўвае і ахайнасць да чужога слова, і пільнасць да чужога жыцця.

Дарэчы, мастацкая прысутнасць Аксаны Ёркінай у тэксце — вельмі цікавая з’ява. Спачатку мне моцна мулялі частыя хваласпевы Аксане з вуснаў Марыі — не таму, што іх не мусіла быць у рэальных гутарках, вядома ж, што такі суразмоўца для пісьменніцы — дар Божы; але таму, што ў нашай літаратурнай традыцыі прынята “не выстаўляцца” ані інтэрв’юерам, ані фіксатарам, ані, напрыклад, перакладчыкам альбо ўкладальнікам дакументальных кніг. Імя курсівам на форзацы дзясятым радком — усё, на што могуць разлічваць нашы выбітныя суразмоўцы і дакументалісты. У кнізе “На прызбе ў Сілічах” Аксана мае і свой голас, і свой вобраз (моцна ідэалізаваны, канешне, але, пэўна, такім ён ёсць і ва ўспрыняцці Марыі, і гэта таксама цікава, асабліва калі мы разважаем пра ролю і месца добраахвотнага слухача ў жыцці творчага чалавека).

Дык вось, пра жанр і прысутнасць “рэцыпіента” ў лірычным нібыта-дзённіку: сапраўды, добра было б развярнуць нашу літаратурную звычку ў бок прыняцця ўсіх тых людзей, якія дапамагаюць аўтару выказвацца, тым больш што ў сусветнай літаратуры мы маем агульнапрынятыя ўзоры такіх тэкстаў: “Размовы з Гётэ” Іагана Экермана, гутаркі Мансура Валіева ці з айчыннай класікі — “Колас расказвае пра сябе”, выдатная кніга, пабудаваная на размовах Коласа са сваім сакратаром Максімам Лужаніным (і вельмі важна, што менавіта з Лужаніным, чый бясспрэчны талент і спрэчная роля ў жыцці Коласа расквечваюць кнігу дадатковымі драматычнымі фарбамі). Аксана Ёркіна, безумоўна, робіць крок наперад у замацаванні і гэтага жанру (я ўсё яшчэ не ведаю, як яго назваць), і ў прыняцці суразмоўцы героя як роўнага.

Але цяпер ужо — непасрэдна да тэксту і, канешне, да сакрэтаў варанага яйка.

Усё ў кнізе “На прызбе ў Сілічах” — вельмі проста. Падзеі (жанчына пераязджае са свайго звыклага дома ў новы, шумныя суседзі, суседскія дзеці, публіка гарналыжнага курорта, касмеі, праехаў трактар, пайшоў дождж, Аксана чытае Марыі верш, прыйшла вясна, суседскія дзеці нарвалі кветак, Марыя варыць яйка). Мова (іншым часам яна беларуская, іншым часам — руская; аказваецца, пра сваё дзяцінства ў дзіцячых дамах Расіі гераіня ўспамінае і расказвае менавіта па-руску). Думкі (пра цётку Марылю, пра сваяцтва, пра адчуванне “свайго”, пра стары дом, пра змену надвор’я ці сезонаў, пра адносіны да іншых). Ніякіх вымудраў — ані моўных, ані інтэлектуальных. Усё вельмі проста. Іншы раз простасць у творчых людзей спалучаецца з пафасам, але тут і пафасу няма, ані ў разважаннях пра драматычны лёс, ані ў гутарках пра роднае. Утрыманне ад літаратуршчыны, ад прэтэнзіі на мудрасць, на асаблівасць думкі — пэўна, так я б ахарактарызавала стылістычную дамінанту тэксту. Простасць і стрыманасць, як у тых краявідах, што бачныя з прызбы.

Адпаведна, і тыя фрагменты, якія моцна адгукаюцца, вылучаюцца менавіта сваёй простасцю. Прыкладам, фрагмент пра яйка. Марыя варыць яйка і расказвае Аксане, што для яе варанае яйка — гэта заўсёды свята, бо гэта было рэдкім і дарагім сэрцу святам у дзіцячым доме, і дзяўчынка Маша, гледзячы на ачышчанае, бліскучае і пругкае яйка, адчувала сапраўднае шчасце і здзіўленне: як жа так, такі неверагодны цуд — і мне, за што, як гэта магчыма?

Менавіта так і выглядае ў кнізе шчасце: як касмея, звычайная садовая кветка, як кудлаты букет з травы і красак, сабраны дзіцёнкам, як зрэзаныя хрызантэмы, як дожджык. Не бог ведама якая думка, прагавораная ў кнігах тысячы разоў, але тут яна ачышчаная і ад грувасткіх сюжэтаў, і ад пафасу, выказаная вельмі проста і як бы сарамліва, праз яйка.

Марыя Вайцяшонак не ўтойвае сваёй простасці, і гэта ёсць самым вялікім сакрэтам яе новай кнігі: калі ты не ведаеш, як жыць сваё жыццё, пачні ab ovo — літаральна з яйка. У ім — галоўны сакрэт.

Вера Бейка


Марыя Вайцяшонак – паэтка, чый жыццёвы і творчы шлях неаддзельны ад ценяў мінулага. Народжаная на сібірскіх рудніках у сям’і сасланага польскага афіцэра і беларускай сялянкі, якія дагэтуль ляжаць пад снежным алтайскім саванам, яна зазнала дзетдомаўшчыну. Уратавала цётка, якая выпатрабавала дзяўчынку да сябе на Пастаўшчыну. Гэтая дваістасць – беларускага і алтайскага – адна з загадак, якую прапануе нам дзённік “На прызбе ў Сілічах” ад Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm. Жаночае выдавецтва.

З’яўленню кнігі паспрыялі цяжкія абставіны: Марыя губляе зрок. Для чалавека, якому надзвычай важна чытаць і пісаць, гэта фактычны прысуд. Нечаканым паратункам стаў блог “На прызбе ў Сілічах. Марыя Вайцяшонак з Аксанай Ёркінай”, дзе паэтка нагаворвае тэкст (а часцей проста размаўляе па тэлефоне), а Аксана Ёркіна публікуе яго ў фэйсбуку. Спасылка – у сторыз.

Кніга не мае выразнага пачатку ці канца: адчуванне такое, што ты проста слухаеш жывыя, няспешныя і месцамі медытатыўныя гутаркі на любыя тэмы (жыццё, побыт, сад і, вядома, літаратура – частка вершаў публікуецца тут упершыню). Чырвонай лініяй скрозь кнігу праходзіць рэфлексія па страчанаму дому: пераехаўшы з Іслачы ў Сілічы, аўтарка пачуваецца эмігранткай. А часам хтосьці з суразмоўцаў можа дадаць эфект прысутнасці, проста сказаўшы “Алё!”. А чытач, здрыгануўшыся, думае: можа гэта мне?

Марыя Вайцяшонак – той выпадак, калі проза падобна да паэзіі: здаецца, яна не толькі піша, але і думае ёй нават на самыя звычайныя і будзённыя тэмы. Падчас чытання я лавіў сябе на тым, наколькі ж рознае ў нас светаўспрыманне, і пачуваўся абсалютным “фізікам” на фоне “лірыка”.

“Нацыянальная самасць” – спалучэнне слоў, якое я не раз сустракаў у дачыненні да паэткі. Штосьці ў яе вершах, здаецца, дазваляе намацаць ледзь улоўнае, але сваё. На гэтым фоне нечаканым выглядае згаданая дваістасць, якая адбіваецца і ў моўным аспекце: аўтарка спакойна (часам па некалькі разоў за сказ) пераходзіць з беларускай на рускую і наадварот. Справа тут не столькі ў мовах, колькі ў пачуццях і эмоцыях, якія яны выклікаюць. Далей тлумачыць не буду – выйдзе спойлер

Пры ўсёй цяжкасці кніга аптымістычная і шчырая: гэта легальны спосаб дакрануцца да іншага жыцця і пабыць крыху па той бок творчага мыслення.

Кніжны Хома

 

Пакінуць адказ