Мора ў горадзе. Эльга Папова

Мора ў горадзе. Эльга ПаповаЭльга Папова – досыць вядомая мастачка і ілюстратарка кніг для дзяцей. Мае мноства персанальных выставак. Па шчырасці, мне малюнкі падабаюцца. Ёсць у іх чараўніцтва.

Як гэта часта здараецца, мастачка пачала пісаць. Дзіцячыя кніжкі. І як гэта здараецца, на жаль, куды часцей, першая яе кніга для дзяцей выйшла на рускай мове. Аўтарцы тады было толькі 26 гадоў (а першая персанальная выстаўка малюнкаў – у 25). Кнігі выдаваліся ў Беларусі, зацікавілася Эльгай Паповай і расейскае выдавецтва, бо аўтарка актыўна удзельнічала і перамагала ў конкурсах. (Многія свае апавяданні Эльга выкладае на сваім сайце адразу на абедзьвюх мовах)

Але трэцяя кніга, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” ў 2018 годзе, была на беларускай мове. І вось другім разам Эльга Папова піша і малюе незвычайную гісторыю на роднай мове. Не ведаю, ці дапамагаў ёй хто з выбарам. Урэшце, гэта няважна. Мы тут за выключную падзею успрымаем той факт, што рускамоўнага Сашу пераклалі на родную мову. А тут – аўтар ад пачатку ствараў кнігу на беларускай мове, маючы пры гэтым добры вопыт і неблагія быццам перспектывы ў іншым моўным кірунку.

То будзем знаёмыя! І пажадаем пісьменніцы-мастачцы ўдзячных чытачоў.

В. Г.


Лета скончылася, але калі вам мала шыкоўнага цёплага верасня, то можна яго дапоўніць яшчэ і добрай кніжкай. Акурат пра канец лета і верасень.

📘 Адразу скажу, што мы ўсёй сям’ёй яе вельмі ўпадабалі. Спачатку ўнутры мяне спрабаваў нудзець нейкі непрыемны галасок: ну як гэта, мора ў вядры, мора ў школе, мора ў ванне – так не бывае! Я ажно здзівілася: адкуль яно толькі лезе? 😏 Напэўна, гэта таму, што гісторыя выглядае вельмі рэалістычнай спачатку, а потым – ба-бах! – і хлопчык забірае мора з сабой у горад. У вядры 🫣

✨ Але паступова тэкст зачароўвае, ты пачынаеш яму давяраць і атрымліваць сапраўдную асалоду. Становіцца дужа весела і дужа цікава – напрыклад, ад таго, што акула гуляецца з бігудзі, як котка, што піраты ідуць у першы клас, што на прасавальнай дошцы можна плаваць…

🔥 Мне падалося, што пад канец гісторыі аўтарка перастала сябе стрымліваць і там паболела і гумару, і яскравых эпізодаў. Тое, што спачатку можа бянтэжыць, паступова пачынае выклікаць шчырае захапленне: як яна можа вось так спакойна расказваць пра такія неверагодныя рэчы!

✏️ Сюжэт такі: хлопчык з бацькамі прыехаў на адпачынак да мора, пасябраваў з ім, і ў апошні дзень яны вырашылі, што мора паедзе з хлопчыкам у горад, бо занудзілася ўвесь час быць на адным месцы. У горадзе мора разам з сябрам ідзе ў першы клас. Тым часам на курорце пярэпалах, бо мора знікла. І піраты, якія дужа любяць сваё мора і жыцця без яго не ўяўляюць, выпраўляюцца на пошукі. Прыязджаюць у горад, сустракаюцца выпадкова з настаўніцай, якая прымушае іх таксама пайсці ў першы клас, бо яны нарабілі шмат памылак у абвестцы пра мора, якое згубілася. Вядома, гэта гісторыя з хэпіэндам, але якім – не скажу, самі пачытайце 😁

❤️ Цешуся, што гэта не перакладная кніга, а кніга беларускай аўтаркі. Якая да таго ж і мастачка! Кніга поўная яркіх ілюстрацый, якія Захар уважліва разглядаў. І, дарэчы, даўно ён так жыва не рэагаваў на тэкст. Было шмат каментароў, падказак героям, пытанняў.

👌🏼 Калі вы яшчэ не чыталі, то шчыра раю.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ