Марта і яе мара пра снег. Ганна Янкута

Марта і яе мара пра снег. Ганна ЯнкутаШто б такога пачытаць, каб былі зімовая атмасфера, прадчуванне свята і пах мандарынаў? Зараз раскажу 🐹

❄️ Ганна Янкута – беларуская перакладчыца, паэтка і дзіцячая пісьменніца, многім вядомая кнігамі пра ката Шпрота (я і сам іх аматар). Аднак аднойчы аўтарка, паводле ўласнага прызнання, сказала сабе: усё, больш ніякіх катоў. Пасля гэтага з’явілася аповесць пра Марту. Праўда, і пра Шпрота потым новы твор выйшаў, аднак пакінем гэта 😀.

❄️ Марта – дзяўчынка ў інвалідным вазку, якая ўспрымае навакольны сусвет праз акно. А за ім – тыповае дэпрэсіўнае надвор’е з дажджамі, голымі дрэвамі і лужынамі. Марта доўга марыць пра снег і жаданне збываецца, аднак даволі нечаканым чынам: засыпае так, што ўвесь горад аказаўся паралізаваным. З дапамогай новых сяброў дзяўчынка мусіць пусціцца ў небяспечную вандроўку і вырашыць праблему.

❄️ Аўтарка адзначае, што гэта кніга з’яўляецца яе любімай, хоць і мае не самы шчаслівы лёс: яна не надта ўшанавана крытыкай і ўвогуле атрымала мала водгукаў, сярод якіх ёсць і негатыўныя. У чым прычына?

❄️ Па-першае, казка даволі сацыяльная і рэалістычная. Вядома, хапае ў ёй і цудаў, аднак перш за ўсё перад чытачом паўстае праблематыка існавання “не такіх, як ўсё”. Марта – дзяўчынка з абмежаванымі магчымасцямі, якую тата выводзіць з дому раз на тыдзень. Ды і гэтыя прагулкі не асабліва доўгія праз адсутнасць беспарогавай прасторы. Ці лёгка пра гэта чытаць? Не, але ж такое аўтарскае рашэнне я адназначна заношу ў плюс.

❄️ Па-другое, даволі павольнае развіццё сюжэту: Ганна прапаноўвае нам настолькі глыбокі і падрабязны гайд па працэсу вытворчасці снегу, што на ім цяжка захаваць увагу. Аднак цярплівы чытач будзе ўзнагароджаны даволі дынамічнай канцоўкай.

❄️ Варта адзначыць мастацкае афармленне кнігі: яркая, прыгожая, з вялікім шрыфтам, яна добра выглядае і на паліцы, і ў руках. Ілюстратарка Лілія Давыдоўская намалявала галоўную гераіню рыжай, таму што яна – агонь! 🔥

🏆 Рэзюмэ: сучасная казка з зімовым прысмакам, якую прыемна пачытаць пад цёплым пледам. Дарэчы, яна яшчэ ёсць у продажы 😉

homa_bellit

 

Пакінуць адказ