Локісаў.  Артур Клінаў

Локісаў. Артур КлінаўХто такі Артур Клінаў? Падрабязны адказ заняў бы некалькі пастоў. Калі сцісла, то мастак, дызайнер, акцыяніст і стваральнік арт-вёскі Каптаруны, дзе праходзяць разнастайныя імпрэзы. А яшчэ – пісьменнік, які мае ў бібліяграфіі некалькі кніг. Адна з іх, “Локісаў”, выйшла ў 2020, атрымала прэмію “Гліняны Вялес” і трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройца.

ЗАВЯЗКА: Антон Локісаў прыязджае ў правінцыйны пасёлак, які застыў у савецкім часе. Візіт не застаўся незаўважаным: туземцы лічаць яго “локісам” (пярэваратнем, які пераўвасабляецца ў мядзведзя). А мясцовы следчы на поўным сур’ёзе хоча павесіць на яго забойства – і гэта толькі пачатак праблем.

📌 Локіс – не новы персанаж у літаратурнай традыцыі. Найбольш вядомым творам пра мядзведзя-пярэваратня з’яўляецца аднайменная навэла Праспэра Мэрымэ. Дарэчы, такі сюжэт нават быў экранізаваны ў Беларусі: у 2010 выйшаў фільм “Масакра”, які адразу ахрысцілі “бульба-хорарам”.

📌 Плюсам твора з’яўляецца лёгкасць. Мяркую, ён ідэальны зойдзе тым, хто толькі пачынае азнаямленне з беллітам. Ніякай цягамоціны – дэтэктыўны сюжэт, шчора прыпраўлены гумарам, іроніяй і сарказмам. Прысутнічаюць мацюкі, лютая трасянка, такія-сякія сцэны для дарослых, таму цэнз 18+.

📌 Пасля выхаду кнігі пісьменнік казаў у інтэрв’ю, што яго цікавіць ідэя лакальнага “майдана” у межах невялічкага паселішча. І сапраўды, гэтая фантазія чырвонай лініяй праходзіць праз сюжэт. У некаторым сэнсе твор выйшаў нават прароцкім.

📌 Пасля гэтай кнігі паўстала пытанне: чаму ўся лухта адбываецца менавіта ў Беларусі? То Хрыстос прызямліцца ў Гародні, то пярэварацень з’явіцца (?) у балотах… І я яшчэ маўчу пра Завальню з яго фантастычнымі апавяданнямі 😀

АДЗНАКА: 7 🌰 з 10. Наш адказ “Графу Дракуле”.

homa_bellit

Пакінуць адказ