Здавалася б, што цікавага мы можам знайсці для сябе ў афіцыйных лістах савецкай пары? З чым звычайна звяртаюцца да вялікага начальства? Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі (ЦК КПБ) якраз і быў той апошняй інстанцыяй, у якой разбіраліся злабадзённыя пытанні, канфліктныя сітуацыі, грамадскія ініцыятывы, а таксама асабістыя крыўды і нават кляўзы. Творчы тандэм даследчыкаў Алеся Карлюкевіча і Вячаслава Селяменева апрацаваў лісты знакамітых беларускіх пісьменнікаў, мастакоў і дзеячаў культуры і прадставіў у кнізе «Звяртаюся ў ЦК…: чытаючы архіўную пошту» (Выдавецкі дом «Звязда», 2022).
Адкрываецца кніга лістом-справаздачай «Пра сучасны стан беларускай літаратуры і аб працы сакратарыята і Прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР» ад 3 сакавіка 1970 года. Падрыхтавалі яго загадчык сектара літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ Алесь Савіцкі і інструктар сектара літаратуры Уладзімір Гніламёдаў. Гэты ліст дапамагае зразумець логіку, па якой будавалася іерархія і літаратурны канон у тую пару, дазваляе прааналізаваць, якія творы і чаму былі залічаны ў дасягненні, а якія (і гэта, нават больш важнае) абмінулі. Так, па-за ўвагай у справаздачы за пяцігодку засталіся кнігі такіх аўтараў, як Міхась Стральцоў «Сена на асфальце», Вячаслаў Адамчык «Міг бліскавіцы», Уладзімір Караткевіч «Мая Іліяда», «Чазенія», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», Уладзімір Дубоўка «Залатая акацыя», але адзначаліся «генералы» той пары — Міхась Калачынскі і Кастусь Кірэенка, галоўныя рэдактары рэспубліканскіх часопісаў, творы і кнігі якіх прыгадаюць сёння хіба толькі дасведчаныя літаратуразнаўцы.
Між іншым вырашыліся асабістыя крыўды. Алесь Савіцкі, які меў зуб на Васіля Быкава, і ў справаздачы не мог не ўпікнуць апанента: «…скажаецца карціна франтавой і партызанскай героікі», «не адлюстроўвае ні вытокаў нашай перамогі, ні высокага ідэйна-маральнага духу савецкага чалавека на вайне, ні яго выдатных душэўных якасцяў».
Але чаму адных увагай абыходзілі, а другіх — не. А ўсё таму, што ў некаторых згаданых вышэй пісьменнікаў выяўляюцца ў творчасці такія тэндэнцыі, як «забыццё першачарговай задачы літаратуры сацыялістычнага рэалізму, якая патрабуе адлюстравання буйным планам чалавека працы, яго высокіх гераічных якасцяў», а замест гэтага яны займаюцца пошукам «чалавека ў чалавеку».
Не менш цікавым з’яўляецца аналіз дзейнасці кіраўніцтва СП БССР. На аўтарскія каментарыі да гэтай часткі справаздачы і лістоў, звязаных з літаратурным працэсам, варта звярнуць асаблівую ўвагу. Алесь Карлюкевіч цяпер сам узначальвае пісьменніцкую арганізацыю і мае магчымасць супаставіць дзейнасць папярэднікаў з уласнымі ініцыятывамі, прааналізаваць праблемы, правесці паралелі, бо шмат якія пытанні да гэтага часу з’яўляюцца актуальнымі, як, напрыклад, новы літаратурны канон, работа з маладымі пісьменнікамі, шматпакутная літаратурная крытыка, заахвочванне перакладчыкаў і многае іншае.
Заўважу, што некаторыя аўтарскія інфармацыйныя даведкі і ўдакладненні маюць, як падалося, збыткоўны характар. І для чалавека, які больш-менш паглыблены ў кантэкст падзей і апісаных герояў, яны могуць падацца залішнімі. Праўда, за некаторыя хочацца нават падзякаваць. Чаго толькі вартая ўключаная ў кнігу прамова Васіля Быкава на V з’ездзе СП БССР — сапраўдны гімн чалавечай (а ў канкрэтна гэтым выпадку пісьменніцкай) годнасці.
Закранаюцца ў кнізе і пытанні цэнзуры. Так, у даведцы «Пра ідэйна-палітычны ўзровень некаторых твораў друку, прадстаўленых на кантроль рэдакцыямі часопісаў „Нёман“, „Полымя“, „Маладосць“» распавядаецца пра «пытанні», якія ўзніклі ў цэнзараў да твораў Эдуарда Скобелева «Крокі за сцяной» («Шаги за стеной»), апавяданняў Аркадзя Савелічава («Ідуць цягнікі», «Шчаслівы», «Трататушкі»), артыкула Вадзіма Круталевіча «Без народнага апірышча», Васіля Быкава «Круглянскі мост». Таксама адзначана, што «адыход ад сапраўднай рэчаіснасці і скажонае адлюстраванне савецкага Палесся мела месца ў нарысах Уладзіміра Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр». А згаданае вышэй апавяданне «Трататушкі» атрымала наступную характарыстыку: «Апавяданне „Трататушкі“ — пра камсамольскую будоўлю. У ім гераіня апавядання, і кіраўніцтва, і перадавікі будоўлі паказаны як маральна паўшыя людзі. Нічога светлага, вакол пошласць, бруд, п’янства, разбэшчанасць. Брыгада выведзена як калектыў, які аб’яднаны толькі „бутэлькай“. Кіраўнік будоўлі — чалавек стомлены ад усяго і заклапочаны толькі тым, каб сысці адсюль хутчэй. І ўвогуле праца нікому не прыносіць радасці».
Гэтую ж тэму працягваюць лісты Алеся Адамовіча, у якога ўзніклі праблемы пры экранізацыі яго партызанскай дылогіі, і лісты Аляксея Кулакоўскага, які пасля ганенняў на аповесць «Дабрасельцы» імкнуўся вярнуцца да літаратурнай работы на якой-небудзь пасадзе.
Пасады, асабліва кіруючыя, давалі якія-ніякія магчымасці. У дакладной Аркадзя Тоўсціка чытаем: «Што датычыць заўвагі т.Віткі пра злоўжыванні штатных работнікаў выдавецтва „Беларусь“ па выпуску сваіх твораў, то, як паказала праверка, гэта адпавядае рэчаіснасці. Так, з 1966 года па рэдакцыі дзіцячай літаратуры выйшла 5 кніг рэдактара А. Дзеружынскага і 6 кніг заг. рэдакцыі новых твораў мастацкай літаратуры Хв. Жычкі. Усяго за гэты перыяд па названай рэдакцыі 12 работнікаў выдавецтва, членаў Саюза пісьменнікаў, выпусцілі 28 кніг агульным аб’ёмам 166 аркушаў».
Адзін з самых цікавых матэрыялаў прысвечаны звароту дзеячаў культуры Беларусі з захадам па выратаванні гістарычнай забудовы ў раёне Нямігі. Пад ім падпісалася 49 вядомых пісьменнікаў, мастакоў і акцёраў. Звяртае на сябе ўвагу, што сярод падпісантаў не было ніводнага архітэктара. Чаму сталася так, як сталася, мы можам зразумець з ліста старшыні Дзяржбуду БССР У. Караля і старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных М. Кавалёва. Ці сапраўды справа захавання гістарычнага цэнтра не мела іншых рашэнняў, пытанне цяпер хутчэй рытарычнае, але матэрыялы артыкула даюць добрую фактуру для аналізу і ўласных высноў.
Не варта думаць, што кніга пабудавана толькі на «смажаных» тэмах. У ёй прыведзены і грамадскія ініцыятывы па ўшанаванні памяці нашага першадрукара Фрацыска Скарыны, беларускіх класікаў Янкі Купалы, Івана Мележа, Петруся Броўкі, пісьменніка-франтавіка з Кабардзіна-Балкарыі Алі Шагенцукава, скульптара Анатоля Анікейчыка, вартыя вывучэння і пераймання досведу. Разглядаецца шмат актуальных і для той, і для нашай пары праблемных пытанняў. Бо, як відаць, інструментарый з таго часу амаль не змяніўся, шмат якія ідэі маюць рацыянальнае зерне, але з розных прычын не былі даведзены да ладу.
Кніга служыць добрай крыніцай інфармацыі, бо раскрывае «ўнутраную кухню», паказвае, якім чынам адбываліся стасункі паміж савецкай інтэлігенцыяй і кіруючымі арганізацыямі, з чым да іх звярталіся, што хвалявала, чым жылі і як мыслілі.
Міхал БАРАНОЎСКІ