Не называю свае тэксты рэцэнзіямі, бо яны імі, насамрэч, і не з’яўляюцца. Так, водгукі… па прачытанні. У адВОЛЬНАЙ форме, т.б. без выканання абавязковай праграмы, якая, на мой погляд, мусіць у рэцэнзіі прысутнічаць.
Ці пераследую я нейкія мэты, калі бяруся нешта напісаць у адказ на прачытаную кнігу – толькі ўскосна. Імпульс для стварэння ўласнага тэксту з’яўляецца не заўсёды і гэтая акалічнасць мяне добра такі займае. Бо, часам, хапае проста прывесці прыклады ўпадабаных твораў, ну можа яшчэ невялікага каментарыя ў дадатак.
Спадабалася – падзяліся… Гэта ж так проста. Табе тое будзе каштаваць 10-15 хвілін каб набраць вершык, альбо хвілінка зрабіць фота.
Шэраг можа працягнуць: зрабі рэпост, напішы водгук, запрасі, арганізуй, надрукуй і г.д.
Гэтым самым вы аказваеце такую/сякую падтрымку аўтару і, што вельмі важна, транслюеце ў космас (выдаўцам, прадаўцам і ўсім зацікаўленым) тую эстэтыку/узровень/імёны, якую вам бы хацелася бачыць навокал.
Калі шчыра, то мяне здзіўляе, што гэтая з’ява не такая распаўсюджаная, якой магла б быць. І размова не толькі пра кнігі…
Здавалася б… а пры чым тут зборнік Наталкі Кучмель?.. Ведаеце, амаль не пры чым, але калі мы (чытачы) сапраўды жадаем чытаць кніжкі з якаснай паэзіяй, мы павінны ствараць на яе попыт.
У іншым выпадку дэбютная кніга ў аўтара можа з’явіцца ў 40 (як кніга “Імгненні”(мо лепшая ў серыі “Дэбют” выдавецтва “Мастацкая літаратура”), альбо “Залатое” у 60… як збор твораў і падсумаванне здабыткаў, з шчымлівым адчуваннем “запозненага цяпла”.
Не гэта не смяротна і свет не абрынецца, але шкада, калі цэлыя пакаленні (хто там зараз меленіялы/зумеры) могуць размінуцца з аўтарам вартым увагі, а Наталка Кучмель таго, сапраўды, вартая.
Кніга выдавецтва “Пфляўмбаум” змяшчае ў сабе вершы паэткі падзеленыя на два раздзелы “пасля 2005” і “да 2005”, выдатную замалёўку “На фальклорную практыку” (эх… кніжку прозы Кучмель набыў бы адразу) і інтэрв’ю (улічваючы яе немедыйнасць вельмі дарэчнае).
Анатаміраваць, тое што мне падабаецца, на прадмет таго чаму мне гэта падабаецца жадання не маю. Таму абыдуся агульнымі словамі.
Вершы напісаны выдатнай мовай з багатым слоўнікам.
Большая частка твораў пранізаная светлым сумам, той элегічнай ноткай, якая дазваляе адсланіцца ад паўсядзённай прозы. Таму, вельмі важна патрапіць у настрой, бо похапкам адчуць смак не атрымаецца. Кніга вартая не толькі чытання, але і перачытвання і будзе раскрывацца пры кожнай новай сустрэчы.
Паэзія Кучмель сузіральная, медытатыўная. Магчыма, занадта эмацыйна роўная. Без ружовай сентыментальнасці. Вершы праўдзівыя ў дэталях і ацэнках. Гэтае “уменне ў праўдзівасць” дазваляе перадаваць самыя розныя, у тым ліку натуралістычныя з’явы паэзіяй.
А вось у камунікацыі думаю не раз шкодзіла… калі пэўная катэгорыя знаёмых называецца пусікамі, малятамі, коцікамі, а іншыя характарызуюцца словамі на х… п… д…)))) Асабовую пухнатую шчырасць і адначасова закамплексаваную вожыкаватасць, набраўшыся смеласці, я б змясціў у спод стваральнай энергіі паэткі.
Ва ўхвальнай рэцэнзіі Веры Бейкі на гэтую кнігу ёсць прызнанне, што пасля яе прачытання “зусім нічога не хочаш сказаць”. Магу толькі далучыцца, бо лепшыя вершы Наталкі зроблены з такой тонкай матэрыі, што на яе фоне нейкія там разборы будуць падавацца штучным пустаслоўем. Гэта зусім не значыць, што іх не трэба рабіць, але іх дакладна не трэба рабіць павярхоўна.
Ці ёсць у кнігі мінусы, можа і ёсць… Ці ўсе вершы ў ёй геніяльныя – можа і не ўсе… Але перад тым як казаць, што ў беларускай паэзіі няма таго, няма сяго – пазнаёмцеся з вершамі Наталкі Кучмель бліжэй і, глядзіш, адной пустой пазіцыяй будзе меней…
Раю.
***
Між часам ластаўкі i часам кажана
Ёсць час таемны ранняга змяркання,
Калі, забачыўшы ў паветры крылы,
Не разумееш, хто перад табой;
Калі вось-вось у чорнае адно
Далёкі лес зліецца з блізкім садам
I зорку першую на пабляднелым небе
Вітае зорка ў бочцы пад трубой.
Між часам ластаўкі i часам кажана
Ёсць час, які сам па сабе нагода —
Перасыпаць аскепкі дзён мінулых,
Як хвалямі абгладжанае шкло,
З далоні на далонь… І ў гэты час
Зноў агартаюць сум і насалода
З тых даўніх дзён. I надыходзіць згода
I мір з сабой. I з тым, што адышло.
*
Сёння ў небе імжыцца
снег бялюткі, а дробны такі –
Маці Божая быццам
вытрасае мяхі з-пад мукі.
*
Зямля, дзе мяжуюць глыжы і будылле
3 крыжамі;
Дзе ржавыя косткі змяшаны з жалезам
Іржавым;
I ўсё гэта сплёты здзічэлых малінаў
Хаваюць ад свету…
Калі Бог і праўда зляпіў мяне з гліны —
То з гэтай.
*
Стосам блытаных ліній,
Быццам ніці з асновы, —
Залатое на сінім
Голле ў вечар вясновы.
І ў дрыготкіх глыбінях
Шэрых воч тваіх — тое:
Залатое на сінім.
Залатое на сінім.
Залатое…
Паэтычны зборнік, які сам па сабе выглядае як твор мастацтва. Незвычайны, яркі дызайн робіць гэтую кніжачку заўважнай сярод іншых.
📝 Я раней вершаў Наталкі Кучмель не чытала. Адзіная, як я зразумела, ейная кніга выходзіла ў 2005 годзе. Сама паэтка ў інтэрв’ю, якое змешчана напрыканцы цяперашняга выдання, кажа: “У мяне паэзія – пабочны прадукт жыцця”. Магчыма, гэта і ёсць тлумачэнне, чаму вершаў няшмат.
📚 Вершы падзелены на два блокі. Першы – “На вуліцы, якой ужо няма”, – вершы, напісаныя пасля 2005 года. Другі – “Залатое на сінім”, – выбранае са зборніка “Імгненні”, і гэта вершы 1988-2005 гадоў.
💙 Я спачатку не звярнула ўвагі на гэтае дзяленне і даты, але адчула, што ў другой палове зборніка паболела любоўнай лірыкі. А мне з ёй апошнім часам складана. Перажываю нейкую трансфармацыю ў сваім стаўленні да ролі кахання ў жыцці чалавека, і занадта вострыя пачуцці мяне ў літаратуры цяпер хутчэй раздражняюць, чым кранаюць.
✨ Але якія ж прыгожыя, якія кранальныя ў Наталкі Кучмель назіранні за прыродай, за горадам і вёскай, ды папросту за жыццём.
📌 Дзень прыбыў. На застылым жалезе
Блікі граюць, і хочацца жыць.
Між машын па натрушаным снезе
Голуб круглы драбненька бяжыць.
📘 Магчыма, гэта ўжо ўзроставае 😅, але для мяне цяпер ледзь не самае каштоўнае ў паэзіі – нейкае дробнае назіранне, імгненне, схопленае выпадкова, апісанае проста і пры гэтым – праз нейкую незвычайную дэталь.
📌 …Толькі вестуном нядальнай ночы
Цераз двор па вечаровых справах
Кот бадзяжны з годнасцю прамуе –
Хвост закрутам, як у леапарда.
👇🏼 Крыху больш вершаў пакіну ў сторыз, а тут напрыканцы няхай будзе такое. На словах “расліны толькі што пілі” я проста млею і, здаецца, адчуваю гэта скурай.
📌 Пах вільгаці і пах зямлі.
Пад сонцам травеньскім – як быццам
Паветра вогкае дыміцца,
І з панадворку ў шкло цяпліцы
Калоцяцца два матылі.
Расліны толькі што пілі:
Вада спаўзае па лістоце,
І хочацца, каб так плылі
Стагоддзі ў сонечнай самоце –
Нібы хвіліны працяклі…
Вельмі дзіўнае пачуццё як для літаратурнага крытыка: гартаеш зборнік з пачатку ў канец і з канца ў пачатак, перачытваеш асобныя вершы, спрабуеш на смак асобныя радкі, праводзіш з ім дзень, два, тры і напрыканцы разумееш, што зусім нічога не хочаш сказаць. Не хочаш адсочваць трэнды і традыцыі, не хочаш высвятляць канцэпты і метады, не хочаш яго ані змяшчаць у нейкую плынь, ані вымаць з яе, увогуле не хочаш расчахляць хірургічны інструмент літаратуразнаўцы, а хочаш проста мець і ў сумны час — перачытваць.
Я не ведаю, ці гэта добра для аўтара і для зборніка. Відавочна, гэта нядобра для крытыка. Адзіны, хто выйграе ў такім раскладзе — чытач.
Але што ж ты зробіш: каб забяспечыць сцежку ад аўтара да чытача, патрэбны жа іншы раз і крытык! Добры ці злы — няважна, але каб быў. І, баюся, у выпадку з Наталкай Кучмель у наяўнасці гэтай сцежкі найперш зацікаўленая якраз не яна, а я: гэта мне карціць расказаць пра зборнік “Залатое” неяк так, каб не парушыць межы, не ўлезці ў цэльнае, не драбіць на кавалкі, а захаваць атмасферу і, не пабаюся гэтага слова, вайб.
Дарэчы, будучым чытачам я б раіла пачынаць чытаць зборнік з канца. Укладальніца Аксана Данільчык змясціла ў кніжку выбраных паэтычных твораў два непаэтычныя тэксты: колішнюю нататку аўтаркі “На фальклорную практыку” і інтэрв’ю “Права не пісаць, калі не хочацца”. Нататка мяне, шчыра кажучы, здзівіла (не зместам, а сваім знаходжаннем у кнізе), а вось гутарка — завершыла вобраз (альбо насамрэч — распачала, бо пасля яе давялося перачытаць вершы наноў).
Менавіта ў гэтай гутарцы — Наталка Кучмель у ёй вельмі нешматслоўная і скупая на фармулёўкі — адшукаліся некалькі ключыкаў да зборніка, якімі, падаецца, і трэба адкрываць гэты сусвет.
Першы — пра ўласную творчасць: “Я не хацела, каб мяне вучылі. Каб увогуле ў гэта хтосьці лез, тым болей чужы чалавек, якога я на гэта не прызначала”. Жаданне гэтае прагаворваецца ажно некалькі разоў, у розных адказах на розныя пытанні, тычыцца не толькі юнацтва, але і дарослай пазіцыі, і як жа прывабна глядзіцца яно на фоне звычайных прызнанняў “вучыўся у Купалы”, “мае старэйшыя таварышы”, “мае паэтычныя настаўнікі”, “арыентуюся на еўрапейскіх паэтаў”. Гэтыя вершы нараджаюцца самі сабой, з аднаго толькі жадання выказацца — прынамсі, так гаворыць пра іх аўтарка. Напэўна, адсюль у іх такая прывабная прастата, у якой нібыта няма цяжару пражытых літаратурай стагоддзяў. Аніякай слоўнай гульні, аніякіх спецыяльных вымудраў, адно толькі — убачаны свет. Ад таго, пэўна, у вершах Наталкі так шмат пейзажных замалёвак, нацюрмортаў, зафіксаваных імгненняў і так няшмат звонкіх афарызмаў альбо цяжкога роздуму. Гэта як дыханне — без прэтэнзій на нейкую надзвычайную асаблівасць гэтага натуральнага працэса.
Неба лікуе,
пацямнелі брады,
Чайкі святкуюць
вызваленне вады.
Другая думка — пра кропку зроку. Думка, безумоўна не новая (“і праймешся думкаю няновай”, як сказана ў адным з вершаў). “Галоўнае — вугал зроку, і дзе ёсць вось гэты адрозны ад іншых ракурс, там ёсць паэзія. А словы могуць быць якія заўгодна”. Менавіта ён, гэты “вугал зроку”, і ёсць сапраўдным зместам зборніка — для тых, хто любіць паўсюль шукаць змест. Ці магла б я яго сфармуляваць, канцэнтравана пераказаць прозай амаль восемдзесят вершаў?
Думаю, магла б. Падаецца, вугал зроку Наталкі Кучмель нечым падобны на вугал зроку харошага фатографа: заўважыць нешта побач — і надаць сэнс. Прычым сэнс не інтэлектуальны, а хутчэй чуццёвы, эстэтычны. Узяць у рамку. Спыніць і зафіксаваць. Зрабіць нешта зусім звычнае, няважнае, немаштабнае фактам мастацтва за кошт рытму, памеру, рыфмы і асаблівага настрою, які тчэцца з гэтых няўлоўных паэтычных тэхнік. Усё нягучна, асцярожна, без яркіх фарбаў, без перабольшанняў і прыхарошвання, усё нібыта няўлоўна — але вельмі дакладна. Умяшальніцтва аўтара ў рэальнасць у такім выпадку мінімальнае, але ўплыў — здаецца, гранічна магчымы. Той, які нараджаецца з умення кіраваць не кіруючы, увасабляць не ўвасабляючы.
З ціхім шасценнем, бы кнігі старонкі,
Вецер шаволіць лістоты руду.
Ў небе бязвоблачным месячык тонкі
Нізка ляжыць — запірае ваду.
Найлягчэй параўнаць гэтую паэзію з жывапісам, і нават параўнаць вельмі канкрэтна — з карцінамі Валерыя Шкарубы. Тая ж ціша, тая ж рухомая нерухомасць — і пільны, чэпкі погляд чалавека дзесьці па-за кадрам.
І гэтая кропка зроку пануе не толькі ў пейзажах. Звычайныя, агульныя для нас усіх пачуцці, сумневы, перажыванні гэтаксама схоплены ў моманце, зафіксаваны — і дадзены нам у імгненным эстэтычным адчуванні.
Але дагэтуль
Выклікае здзіўленне
Тое,
Што імем тваім
Могуць клікаць кагосьці яшчэ.
Калі ўжо казаць пра вайб — гэтыя вершы нібыта напісаныя для ціхага адзінокага вечара ў невялікім дамку на ўскрайку леса. Тады ўся звычайная мітусня і жыццёвая калатнеча падаюцца луской, шалупіннем, глядзяцца па-іншаму — драбязней, мізарней, затое нешта іншае — чыясьці колішняя усмешка, рух рукі, водбліск месяца — становіцца чамусьці важным, у яго хочацца ўгледзецца, але, сказаць папраўдзе, не хочацца шукаць прычын і наступстваў. Плысці па хвалях мімалётнага — і проста глядзець, не раскладаючы на рацыянальныя складнікі.
У старых рэцэнзіях і водгуках на тэксты Наталкі Кучмель можна сустрэць азначэнне: “імпрэсіянізм”. Ну так, гэта, мусіць, ён і ёсць, але вось гэтае жалезнае “-ізм” моцна дысануе з агульнай фанетыкай яе вершаў. Мо праз увесь зборнік мы не адшукаем такога спалучэння гукаў, і увогуле — аніякага скрыгату. Сапраўды “простыя словы, простыя рэчы”, і ў фанетыцы, і ў лексіцы, і ў сінтаксісе — для прафесійнага літаратуразнаўцы гэта ўсё прыкметы вялікага майстэрства і той самай “працы над словам”, а для звычайнага чытача — толькі атмасфера, толькі гэты самы “вайб”, адчуванне нейкай вельмі нескладанай праўды, да якой іншы раз так хочацца далучыцца.
Гэтаксама, як цяпер хочацца далучыцца і да маўчання аўтаркі — яна не піша ўжо некалькі гадоў, і зборнік “Залатое” — рэтраспекцыя, выбраныя вершы, напісаныя ў 1988-2010х. Ёсць паэты, маўчанне якіх — таксама выказванне.
І будзь блаславёны кнігадрук, які захоўвае ціхі, спакойны голас паэта ў часы ягонага маўчання.