Забытая экспедыцыя 1923 года. Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка

Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея СаўчанкаУ 1923 годзе Інбелкульт і Галоўархіў Беларусі арганізавалі і правялі этнаграфічную экспедыцыю. Сабраныя экспанаты былі прадстаўлены ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выстаўкі ў Маскве. А пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Сярод удзельнікаў экспедыцыі — М. Мялешка, А. Шлюбскі, М. Азбукін, Л. Дашкевіч. Зорнае суквецце даследчыкаў беларускай культуры!..

Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтаваў (а Выдавецкі дом «Беларуская навука» выступіў выдаўцом) альбом-манаграфію «Забытая экспедыцыя 1923 года: ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі». Аўтары даўно наспелага і ўнікальнага творчага, навуковага праекта — Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка, аўтарытэтныя даследчыкі беларускай культуры.

Чытаем ва «Уводзінах»: «Нават сярод спецыялістаў, этнолагаў і фалькларыстаў, толькі нямногія памятаюць пра экспедыцыю 1923 г., яшчэ менш тых, хто працаваў з яе фотаздымкамі і выкарыстоўваў у сваіх працах. Яна займае месца на маргінэсе навуковай літаратуры, узгадваецца ў асобных артыкулах, яе фотаздымкі часам трапляюцца ў краязнаўчай літаратуры і публікацыях у інтэрнэце — без пазначэння аўтарства і нярэдка з памылковым годам у подпісе. Экспедыцыю нельга назваць невядомай, яна хутчэй «забытая» — бо засталася ў архіўных справах, газетных публікацыях, музейных зборах».

І далей: «Па цэлым шэрагу прычын яна заслугоўвае большай вядомасці і лепшага месца ў памяці і беларускай культуры. Па-першае, гэта была першая вялікая этнаграфічная экспедыцыя, арганізаваная нядаўна створаным Інбелкультам разам з Дзяржархівам. Гэта экспедыцыя адзначае самыя пачаткі беларускай акадэмічнай этнаграфіі. Матэрыялы, сабраныя ў ёй, былі пакладзены ў аснову вопыту першай комплекснай рэпрэзентацыі розных бакоў і аспектаў беларускай народнай культуры на Ўсесаюзнай выставе ў Маскве. Пасля створаная тут экспазіцыя паслужыла асновай для прадстаўлення народнай культуры ў Беларускім дзяржаўным музеі ў Мінску. Гэта азначае, што навукоўцы, якія збіралі матэрыялы ў экспедыцыі, а пасля арганізавалі беларускі павільён у Маскве, стаялі ля вытокаў фарміравання самапрэзентацыі беларускай нацыі і яе этнічнай культуры. Як выглядае тыповы беларускі дом? А беларускі краявід? А як выглядае тыповая беларуская сялянка і селянін? Як паказаць адметнасці краіны для саміх беларусаў і для прадстаўнікоў іншых рэспублік? Усе гэтыя пытанні стаялі перад удзельнікамі экспедыцыі, і яе плён — досвед першых адказаў на іх».

Альбом-манаграфія складаецца з наступных раздзелаў: «Экспедыцыя 1923 года: падрыхтоўка і правядзенне» (аўтар — Н. Саўчанка); «Фотаздымкі і каментары» (у сваю чаргу ў змест уваходзяць два падраздзелы: «Першы этап. Да вытокаў Нёмана», «Другі этап. У Лагойск», аўтар — С. Грунтоў); «Першая Усесаюзная выстава 1923 года ў Маскве» (падраздзел «Падрыхтоўка ў Беларусі», аўтарам якога з’яўляецца Я. Грыневіч; і — «Свята народаў» — адкрыццё і правядзенне«, аўтар — Н. Саўчанка); «Удзельнікі экспедыцыі 1923 года» (пра Міхася Мялешку, Аляксандра Шлюбскага, Мікалая Азбукіна расказвае Я. Грыневіч; пра Льва Дашкевіча — Н. Саўчанка); «Развіццё этнагарфіі і фалькларыстыкі ў 1920-я — пачатку 1930-х гг.» (аўтар — Я. Грыневіч).

Альбом-манаграфія — выданне, якое надзвычай багата крыніцазнаўчым матэрыялам. Праз цытаванне ўнікальных архіўных матэрыялаў, а таксама публікацый з тагачаснага перыядычнага друку сучасныя даследчыкі ствараюць партрэт дзейства, якое заклала асновы, сфармаціравала грунт вялікай справы. Выданне, праз якое мы маем магчымасць зазірнуць у падзеі стогадовай даўніны, падасца надзвычай цікавым і для сённяшніх краязнаўцаў. Следам за вандроўнікамі 1923 года мы трапляем у Рудзенск, Цітву, Сяргеевічы, Шацк, Лошу, Даўгінічы, Узду, Негарэлае (сучасныя Пухавіцкі, Уздзенскі, Дзяржынскі раёны). Знаёмімся на фатаграфічных ілюстрацыях з моладдзю з Цітвы (гэта каля Рудзенска) і селянінам 67 гадоў з Сяргеевіч, маем магчымасць прайсціся па грэблі з Сяргеевіч на возера Муха. А ў Кавалевічах сюжэтам фотаздымка з’яўляецца перанясенне хаты. Уражлівым з’яўляецца і знаёмства з Хатлянамі і яе жыхарамі. Не меней цікавае падарожжа атрымаецца і праз агляд ілюстрацый, прысвечаных Лагойску і ваколіцам.

Высокая навуковая культура аўтараў альбома-манаграфіі — і ў расповядах пра ўдзельнікаў экспедыцыі. Фактычна перад чытачом паўстаюць міні-манаграфіі жыццяпісаў Льва Дашкевіча, Мікалая Азбукіна, Аляксандра Шлюбскага, Міхася Мялешкі. Унікліва чытаючы пра лёсы гэтых дзіўных, самахвярных людзей, ловіш сябе на думцы, што з часам пра іх будуць напісаны кнігі, мо нават не толькі дакументальныя.

Мікола БЕРЛЕЖ

 

 

 

Пакінуць адказ