Дзікунка. Эліза Ажэшка (Святлана Воцінава)

Дзікунка

Да 180-годдзя Элізы Ажэшкі Святлана Воцінава пераклала на беларускую раман «Два полюсы» і вярнула яму аўтарскую назву — «Дзікунка». Яна разглядае пераклад як «стратэгію рэпатрыяцыі» творчасці Ажэшкі ў беларускую літаратуру.

Рамана з назвай «Дзікунка» ў афіцыйнай бібліяграфіі Элізы Ажэшкі няма. Там гэты твор значыцца як «Два полюсы». «Дзікунка» — аўтарская назва, і Ажэшка вельмі не хацела яе змяняць. Але прымусілі акалічнасці. Пісьменніца павінна была аддаць раман у варшаўскае выданне, якое яго замовіла, але цэнзар твор не прапусціў. Тады Ажэшка звярнулася ў пецярбургскую рэдакцыю, якой кіраваў яе сябра. Гэта быў польскамоўны часопіс «Край». Эразм Пільц, так звалі сябра-рэдактара, браўся надрукаваць раман „без купюр“, але пры адной „жалезнай“ умове: назва павінна быць зменена непазнавальна — каб у варшаўскіх цэнзараў не было нагод для прэтэнзій.

Перакладаючы, я паралельна вывучала гісторыю стварэння рамана, — расказвае Святлана Воцінава. — За змену назвы аўтарцы было балюча і крыўдна. І за злосную крытыку ад такіх рэцэнзентаў, якіх Ажэшка называла „ананімамі і псеўданімамі па шэсць грошаў за радок“, — таксама. Я вырашыла, што варта не проста перакласці раман на беларускую мову, але і вярнуць з перакладам тую самую назву, ад якой давялося так неахвотна пазбавіцца, — падарыць чытачам на 180-годдзе Элізы Ажэшкі вяртанне яе „Дзікункі“.

Хаця Эліза Ажэшка большую частку свайго жыцця правяла ў Гродне і героямі яе былі мясцовыя жыхары, перакладзена з яе твораў на беларускую мову няшмат. Нават знакаміты раман «Над Нёманам», за які Ажэшка намінавалася на Нобелеўскую прэмію, выйшаў па-беларуску толькі ў пачатку 2000-х.

Пры тым, што яе ведалі ва ўсёй Еўропе, а асобныя раманы выходзілі і ў Нью-Ёрку, пры тым, што яна разам з Генрыкам Сенкевічам, Львом Талстым, Рэдзьярдам Кіплінгам, Сельмай Лагерлёф намінавалася на Нобелеўскую прэмію, — пры ўсім гэтым сёння яе твораў няма ў беларускай школьнай праграме і імя яе не называецца ў пераліку нашых літаратурных класікаў.

Я разумею, што адна з прычын — небеларускамоўнасць яе творчасці, — разважае Святлана Воцінава. — Але польская мова яе аповесцяў і раманаў – гэта толькі абалонка. Змест жа іх — лёсы людзей, прадстаўнікоў розных народаў, што жылі менавіта на нашай зямлі. Ёй балела і за беларусаў, і за яўрэяў, і за палякаў – за ўсіх, незалежна ад моў, на якіх яны гаварылі. І калі прызнаны наш класік Францішак Багушэвіч пісаў ДЛЯ абяздоленых, то яна пісала ДЗЕЛЯ такіх. У гэтым выпадку польская мова яе творчасці сябе апраўдвала: з ёю больш было шанцаў прабіць тую сцяну, якой адгароджвалася ад „простага люду“ улада, і яшчэ адну — за якой стваралася сусветна вядомая літаратура.

«Дзікунка», якую абрала да перакладу Святлана Воцінава, на беларускую мову раней не перакладалася. На рускую раман пераклалі амаль адразу па напісанні, у 1893 годзе, і апублікавалі ў часопісе «Веснік Еўропы». Але гэты пераклад, як адзначае Воцінава, быў слабы і месцамі вельмі недакладны.

Я зазірала і ў „Веснік Еўропы“, і ў кніжнае выданне, каб падглядзець некаторыя складаныя месцы — як з іх выблытваліся калегі з пазамінулага стагоддзя. Дарэмна! Гэтыя месцы яны ці прапускалі, ці перакладалі іх абы збыць. У некаторых эпізодах нават сэнс увесь страчаны. Да прыкладу, з рускага перакладу нельга зразумець, за якую ж такую ідэю гераіня „Дзікункі“ змагаецца, дзеля чаго адмаўляецца ад асабістага шчасця і багатай спадчыны. Не зразумела, што яе брат удзельнічаў у паўстанні, быў высланы і загінуў, не вярнуўся дадому. У тым перакладзе ён проста памёр ад невядомай хваробы.

На думку перакладчыцы, такі пераклад знішчыў ідэю твора, ператварыў яго ў банальны раман пра каханне. Не дзіўна, што ў ХІХ стагоддзі многія так яго і ўспрынялі. Ацанілі твор па-сапраўднаму ўжо значна пазней, у ХХ стагоддзі.

У сваім перакладзе Святлана Воцінава імкнулася захаваць гістарычную дакладнасць.

Гэта адзін з тых твораў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863 года. Пасля перакладзеных Анатолем Бутэвічам навэл цыкла „Gloria victis“ і рамана „Над Нёманам“, якія прасякнуты атмасферай паўстання, „Дзікунка“ заставалася апошнім такім творам, дзе таксама згадваецца паўстанне. З гэтым перакладам можна сказаць, што „прапаўстанцкае“ з Ажэшкі перакладзена на беларускую цалкам.

Паколькі пераклад на беларускую адбыўся праз паўтара стагоддзя пасля напісання рамана, перакладчыца хацела «зрабіць яшчэ нешта такое для гэтага твора, каб ён добра ўспрымаўся сённяшнім чытачом».

Шэсць раздзелаў «Дзікункі» ў кнізе з перакладам Святланы Воцінавай пераслоены дакументальна-публіцыстычнымі ўстаўкамі, якія адыгрываюць ролю падказак. Каб прачытаць чарговы раздзел рамана, трэба адказаць на пытанне квэста — выбраць правільны варыянт з некалькіх прапанаваных.

Крыніца

Пакінуць адказ