Гэй Бэн Гіном. Уладзімір Някляеў

Гэй Бэн Гіном. Уладзімір Някляеў

Пра гэту кнігу многа гаварылася яшчэ да яе выхаду. Атрымала яна значную прэсу і падчас першых продажаў-прэзентацый, якія прайшлі ў некалькіх еўрапейскіх гарадах. Але, на жаль, першых водгукаў на яе давялося чакаць даволі доўга. Больш за тое, прамаўчалі  і цяпер маўчаць вядомыя крытыкі, не чуваць голасу літаратуразнаўцаў. Чаму так? На гэтай старонцы – тры водгукі розных людзей, і водгукі бачанне вельмі розніцца…
——————————–

Гэты раман аматары беларускай літаратуры чакалі. Гадоў пяць таму Уладзімір Някляеў у адным з інтэрв’ю сказаў, што піша раман пра Купалу, дакладней пра таямніцу яго смерці. А таямніца смерці Купалы – хіба адна з галоўных таямніц беларускай літаратуры.

Праўда, працуючы над раманам, Някляеў зразумеў, што гэтую таямніцу нельга разгадваць да канца, інакш таямніца знікне незваротна. І тады аўтар вырашыў увесці ў твор яшчэ аднаго персанажа, маладога паэта Віктара Маргера, які мае аўтабіграфічныя рысы.

Увогуле гэта містычны раман, штосьці на ўзор «Майстра і Маргарыты» Міхаіла Булгакава. Янку Купалу ажыўляюць пасля смерці і ён робіцца сведкам розных падзей, у тым ліку і сваёй крэмацыі. Пасля смерці яго зноў арыштоўваюць і прывозяць на сустрэчу са Сталіным. З гэтай сустрэчы стала зразумела, чаму савецкія ўлады раптам змянілі стаўлення да Народнага паэта Беларусі. А здарылася наступнае: у Менску нямецкія акупацыйныя ўлады адну з вуліц назвалі імем Івана Луцкевіча, пасля чаго на стале Сталіна з’явіўся данос, маўляў, немцы ўшаноўваюць Янку Купалу. Але Купала меў іншае, хоць і сугучнае, прозвішча – Луцэвіч. А Іван Луцкевіч – гэта адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва», актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Ён памёр яшчэ ў 1919 годзе. Але, як бачым, прычына пакараць Купалу ў НКВД была сур’ёзная. І ўжо не вельмі істотна, хто канкрэтна выканаў смяротны прысуд, вынесены Сталіным.

У рамане Купала сустракаецца з каханкай, яго дапытвае камісар НКВД Мяркулаў, удзельнічае ў розных дыскусіях, у тым ліку нават з Хрыстом, а прыканцы рамана яго нават укрыжоўваюць на адным крыжы разам са Сталіным. Адбываецца нібыта суд, падчас якога Купалу апраўдалі і знялі з крыжа.

Паралельна аўтар апавядае пра жыццё і прыгоды паэта, студэнта літінстытута Віктара Маргера, які пазнаёміўся ў Маскве з дачкою члена Палітбюро Грачына. І жыццё яго рэзка пачынае мяняцца – перад ім адчыняюцца ўсё новыя і новыя дзверы. Яго запрашаюць у розныя ўрадавыя паездкі, ён бывае на дачы ў Грачына і нават аднойчы выпівае там разам з Леанідам Брэжневым. І Грачын спрыяе таму, каб Маргер прывітаў вершамі з’езд КПСС ад імя савецкай моладзі. Пасля чаго многія ранейшыя сябры пачалі яго пазбягаць. Але і сам Маргер разумее, што з ім адбываецца штосьці не тое, што гэта яго зацягвае і трэба з гэтага выбірацца. Ён з’язджае ў роднае Крэва і пачытае там пісаць раман пра Купалу. Але яго не пакідаюць у спакоі. І зноў ён апынаецца ў Маскве ў віры падзей.

У рамане шмат філасофскіх развагаў пра прыроду творчасці, пра ролю асобы ў гісторыі, пра рэлігію, пра таталітарызм у СССР. Шмат дзіўных здарэнняў і сустрэчаў, напрыклад, з Індзірай Гандзі, або з Ярузельскім. У падзеях удзельнічаюць шмат паэтаў, якія хоць і маюць змененыя прозвішчы, але лёгка пазнаюцца – Барадулін, Бураўкін, Стальцоў, Караткевіч, Еўтушэнка, Вазнясенскі, Раждзественскі і іншыя. Як прызнаецца аўтар рамана, большасць падзей, якія адбываюцца з імі, – рэальныя.

Раман напісаны ў сучасным стылі, і ў прынцыпе, з’яўляецца ўніверсальным, бо свой Купала, які зазнаў трагедыю праз канфлікт з уладай, ёсць практычна ў кожнага народа.

Ну і варта адзначыць, што раман падчас напісання з гістарычнага, ператварыўся ў актуальны. Сёння ў Беларусі адбываюцца практычныя тыя ж падзеі, што адбываліся 80-90 гадоў назад. Таму гэты раман мае ў сабе адказы на некаторыя пытанні, якія хвалююць сёння беларусаў.

Torvald5


Назва рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» азначае пекла, геена вогненная. Раман расказвае пра містычную сувязь паэта і ўлады. Аб’ём тэксту параўнальны з «Сабакамі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, таму вылучыце на чытанне некалькі вечароў. Бахарэвіч, дарэчы, мільгае між радкоў рамана, але пра ўсё па парадку.

У рамане дзве сюжэтныя лініі: лінія Янкі Купалы і лінія Віктара Маргера – alter ego Някляева.

Лінія Янкі Купалы – фантасмагарычная, яе дзеянне адбываецца 1 ліпеня 1942 года. Часавыя рамкі гэтага дня рассунутыя, як сцены ў булгакаўскай кватэры нумар 50. Уваскрослы Купала адпраўляецца на сваё пахаванне, але па дарозе яго перахопліваюць супрацоўнікі НКУС і вязуць на Лубянку. Пасля допыту на Лубянцы Купала трапляе ў Крэмль на гутарку са Сталінам, затым — у першы савецкі крэматорый, дзе Купалу спальваюць, ён бачыць сябе збоку, Гэй бэн гіном, геена вогненная. Урэшце ў крэматорыі адбываецца суд, на якім Купалу прыгаворваюць да распяцця на крыжы. Пераказ сюжэту ў дадзеным выпадку не з’яўляецца спойлерам, бо сутнасць тут не ў паслядоўнасці падзей, а ў змесце размоваў уваскрослага Купалы з рознымі гістарычнымі асобамі, многія з якіх таксама ўваскрэслі дзеля гэтых гутарак. Усіх суразмоўцаў пералічыць немагчыма, вось толькі некаторыя з іх: Сталін, Гітлер, Ленін, Берыя, Хрушчоў, Маякоўскі, Горкі, Фадзееў, Меражкоўскі і Гіпіус, Мяркулаў, Тухачэўскі… Увесь пантэон савецкіх кіраўнікоў і пісьменнікаў, плюс – Ісус Хрыстос. Лягчэй сказаць, каго тут няма. Няма Шагала і чамусьці Булгакава, хоць прадстаўнік нячыстай сілы ў рамане цалкам сабе булгакаўскі: чалавечак з вачамі розных колераў з прозвішчам Вензель, ён з’яўляецца, каб дадаць сюжэту блытаніны, якой тут і без яго, трэба сказаць, хапае.

Такім чынам, Янка Купала гутарыць з вядомымі гістарычнымі персанажамі пра лёс Беларусі, абмяркоўвае падзеі пачатку ХХ стагоддзя, размовы ідуць пра Бога і вечнасць, але асабліва вылучаецца тэма паэта і ўлады, ледзь не галоўнае пытанне, якое вырашаецца ў гэтых абмеркаваннях, — ці мог Купала у свой час абраць: супрацоўнічаць з уладай ці не?

Тое ж пытанне ў паралельнай сюжэтнай лініі паўстае перад паэтам Віктарам Маргерам. Маргеру прапануюць выступіць перад Брэжневым на XXVI з’ездзе КПСС з паэтычным прывітаннем. І герой сумняецца, ці варта яму гэта рабіць. З аднаго боку, выступіць бы трэба, не адмовіўся ж ён раней ад камсамольскай прэміі, з іншага — сябры будуць коса пазіраць, як на калабарацыяніста. І вось у Маргеры змагаюцца дзве душы: рамантычная і практычная.

Ён раіцца са сваімі знаёмымі-пісьменнікамі, якія ўсе згадваюцца пад псеўданімамі, але для зручнасці я назаву імёны прататыпаў: Быкаў, Барадулін, Шклярэўскі, Еўтушэнка, Вазнясенскі, Караткевіч, Стральцоў… І ўсе яны яму кажуць: «Не выступай». «Ага, не выступай, — думае Маргер. — Самі-та вы ў свой час па-рознаму супрацоўнічалі з уладай, а ў мяне свайго кута няма», — тут мае на ўвазе кватэру.

Акрамя мноства знаёмых літаратараў, у Маргера ёсць прыяцелі сярод прадстаўнікоў улады, і яны ўсё раяць яму выступіць. Аднак Маргер пабойваецца страціць павагу сяброў-пісьменнікаў. У выніку ён рашаецца ісці на з’езд з выкрывальнай прамовай і папрасіць Брэжнева сысці ў адстаўку, але нешта ідзе не так, і замест гэтага гучаць яго прывітальныя вершы: «Плыви, страна – эпохи ледокол. Греми в цехах, вставай в полях хлебами…» Вершы гучаць насуперак жаданню героя, а значыць ён, падаецца, не нясе адказнасці за гэты выбар. Не абыходзіцца без прадстаўніка нячыстай сілы з рознакаляровымі вачыма, які аказваецца ў прэзідыуме побач з Брэжневым. Гэта, відаць, разнавокі Вензель бянтэжыць нейкім чынам Маргера. Якім? Не да канца зразумела.

У кнізе, трэба сказаць, шмат гэтага незразумелага і невядомага. Не заўсёды вядома, якім чынам раптам адбываецца тая ці іншая падзея. І ключ да гэтага трэба шукаць у цытаце з самой кнігі:

— Адзін з маіх сяброў любіць паўтараць: «Невядомае – усё, што захочаш, а вядомае толькі адно». Праз невядомае ваша жыццё небанальнае.

І такіх невядомых небанальнасцей у кнізе хапае. Напрыклад, дакладна невядома, хто бацька жанчыны Маргера — Ганны: ці то Купала, ці то Сталін, ці то Берыя, выбірайце самі. Ці кахае Ганна Маргера? Выбірайце самі. Ці з’яўляецца Маргер слабым чалавекам, які не можа супрацьстаяць спакусе атрымаць нешта ад улады, ці ён асоба моцная? Выбірайце самі. У нейкі момант становіцца незразумела: чытаеш ты кнігу ці чарнавік, дзе аўтар спрабуе прапісаць усе магчымыя варыянты, каб выбраць найбольш па-мастацку правільны. Зрэшты, выбар варыянту зноў-такі за вамі.

Калі казаць пра стыль, то папярэднікаў Някляева вызначыць не ўяўляецца магчымым. Адзіны відавочны папярэднік — гэта ён сам. Перад намі ўсё той жа Някляеў з аповесці «Вяртанне Веры» і рамана «Аўтамат з газіроўкай…» з яго шматразовымі паўторамі слоў, фраз і нават цэлых фрагментаў тэксту.

Вось, напрыклад, эцюд са словам «вечнасць»:

Купала падумаў, што гэта вечнасць. Бог прысніўся ў вечнасці?.. Вечнасць прыснілася ў Ім?.. Як раней, так і цяпер ён уявіць не мог, што такое вечнасць?

Або ж практыкаванне з фразай:

і стала яму ўсё адно, што з ім будзе далей. А што далей будзе? Хрыстос казаў, што таксама не ведаў, што з Ім будзе далей

Такі наглядны пошук mot juste, даступны анлайн.

Як у кепскіх расійскіх серыялах, героі ўвесь час перапытваюць, нібыта недачулі. Як і ў серыялах, гэта не з’яўляецца мастацкім прыёмам, хутчэй спосабам запоўніць пустэчу.

Асобна варта адзначыць раптоўна-яркія дэталі, якія ні да чаго не вядуць. Ганна адмаўляецца засынаць з Маргерам у ложку і кладзецца на падлозе, «як сука» кажа яна, «я твая сука». Моцная заява. Гэта адбываецца два разы на пачатку кнігі, а потым проста перастае адбывацца і тлумачэння не мае.

Праз увесь тэкст праходзіць «залаты медальён, на якім, нібы кропля крыві, чырванеў маленькі рубін». Медальёну шанцуе больш, чым «суцы», і ён згадваецца больш-менш на працягу ўсёй кнігі, звязвае герояў, аказваецца ў руках то ў аднаго, то ў другога, але, уласна, навошта гэтыя ўсе прыгоды медальёна, так і незразумела. На пару з медальёнам па рамане падарожнічае тэлескоп, які выконвае прыкладна тую ж ролю. Успамінаецца дурань Шэкспір, у якога хустачка ў выніку выклікае рэўнасць Атэла і гібель Дэздэмоны. Навошта хустачка, хай бы было ўсё, што заўгодна, чытач бы сам выбраў.

Пісьменнік, як правіла, стварае такі свет, у якім учынкі герояў адэкватныя гэтаму свету, яны абумоўлены і выкліканы падзеямі. У рамане «Гэй бэн гіном» такога не будзе, падрыхтуйцеся бездапаможна цягнуцца за Маргерам і Купалам, якіх аўтар кідае, куды яму заманецца: на партыйнае пасяджэнне, на пахаванне, да Сталіна, у плацкарт, на сустрэчу з Еўтушэнкам, на спатканне з каханай жанчынай … І калі сюжэт з Купалам з самага пачатку заяўлены як фантастычны, то лінія Віктара Маргера спярша развіваецца ў больш-менш рэалістычным ключы. Чартаўшчына, вядома, адбываецца, але спачатку ад таго, што нячыстая сіла Вензель падпойвае Маргера то настойкай травы, то дурманлівым алкаголем. Але ўрэшце, гэта працягваецца нядоўга, неўзабаве героі нават не стараюцца нешта выпіваць, фантастычныя рэчы адбываюцца з імі ўжо без усякай нагоды і тлумачэння. Аліса памяншаецца і павялічваецца па шчупаковаму загаду, без усялякіх піражкоў.

Геаграфія перасоўванняў Віктар Маргера даволі шырокая: Масква, Балгарыя, Карэлія, Крэва, Смаргонь, Вільня, Індыя, Польшча. У большасць з гэтых мясцін ён едзе толькі таму, што так хочацца аўтару. Напрыклад, прычына паездкі ў Літву наступная: «Каб не хадзіць па Маскве, чакаючы, пакуль ці паклічуць на Лубянку, ці на вуліцы арыштуюць, Віктар паехаў у Вільню».

Ёсць у рамане эпізадычны герой «таварыш Расплывісты», адзіны ў трох асобах. Прамова яго складаецца з фрагментаў эсэ Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» і Яна Максімюка «Цёмная камора белліту». Нагадаю, Бахарэвіч і Максімюк у гэтых тэкстах спрабуюць крытычна асэнсаваць той перыяд творчасці Купалы, дзе ён ужо відавочна пісаў вершы нібыта на замову сталінскага рэжыму. «Таварыш Расплывісты» — герой настолькі адмоўны, што нават сам Сталін у кнізе спачувае Купалу, што ў таго такія нашчадкі: «Ведаеце, як яны вас назавуць? Каян Лупака!» Гэтая сцэна насычаная эмоцыямі: Купала бялее, а Сталін упершыню за ўсю кнігу нервуецца і налівае вады. Наогул, сам Сталін выпісаны так, што пачынае выклікаць спагаду, маўляў, стаміўся чалавек ад вялізнай улады, памрэ, а яго памыямі абліюць. У фінале Някляеў укрыжаваў Сталіна на адным крыжы з Купалам. Спадзяюся, сярод чытачоў знойдуцца псіхатэрапеўты, якія здолеюць растлумачыць сабе, навошта аўтар гэта робіць.

Закрываеш кнігу з палёгкай, нібыта выйшаў з пекла, маленькага персанальнага гэйбэнгінома на 26,5 аўтарскіх лістоў. Ахарактарызаваць тэкст адной фразай мне дапаможа герой рамана — Маякоўскі: тысяча тон слоўнай руды. Раман «Гэй Бэн Гіном» бачыцца мне вялізным чарнавіком ненапісанага верша.

Павел Анціпаў


Абмяркоўвалі апошні раман Уладзіміра Някляева.  Падзялюся сваімі думкамі.  Заўважу, што я – ніякі не крытык, хутчэй заўзятая і неаб’ектыўная прыхільніца гэтага аўтара. Магу сказаць,  што я яго разумею. Хаця, часта здараецца, што чытачы бачаць у кнізе зусім не тое, што хацеў сказаць аўтар. Спадзяюся,  Уладзімір Някляеў  на мяне не пакрыўдзіцца.

Як сцвярджае аўтар,  раман быў задуманы, як гісторыя загадкавай смерці Купалы. Мне здаецца,  што ён больш не пра смерць,  а пра жыццё,  прычым наша цяперашняе. Хаця, час у рамане так зацыклены,  што немагчыма адрозніць, дзе мінулае, дзе сённяшняе. Толькі будучыні няма, і я здагадваюся, чаму. Таму, што мы бегаем па замкнутым коле. І пакуль адтуль не вырвемся, не будзе ў нас будучыні.

Вось, здаецца, прыбеглі ў 21-ае стагоддзе, а на самой справе зноў апынуліся спачатку ў 1937-ым, потым у 39-тым і так на новы заход пайшлі. І ў рамане падзеі ўвесь час паўтараюцца, мінулае і цяперашняе пераблытваецца, а выйсце дзе? Аўтар дае надзею на выйсце, паўтараючы біблейскую гісторыю пра зыход у пекла. Гэй Бэн Гіном  –  гэта пекла і ёсць. Апынуцца там проста, а выйсці мала каму ўдавалася. Таму, напэўна, спачатку кніга чытаецца даволі цяжка. А што ж вы думалі, лёгка ў пекле будзе?

Вось і мне складана чыталася прыкладна да сярэдзіны, да Стральцова з Караткевічам. Тыя са сваім вераб’ём мяне з пекла выцягнулі. І я раптам пачала разумець, што так і трэба. Каб мець надзею на будучыню, трэба забіць у сабе д’ябальскае мінулае, распяць Сталіна, асэнсаваць гісторыю, сваё месца ў ёй знайсці. Тады будзе лягчэй.  Жанчыну Купалы, якая выцягвае яго з пекла, завуць Спагада, а я сваю заву Надзеяй.

Практычна ва ўсіх чытачоў узніклі асацыяцыі з Майстрам і Маргарытай Булгакава. У мяне таксама . Тэма д’яблаў на зямлі не новая. Проста, кожны аўтар раскрывае яе па-свойму. Мне падалося, што д’ябал Някляева страшнейшы за Булгакаўскага. Ды і Сталін з Берыяй  – гэта вам не  забаўныя шкоднікі Караўёў і Бегемот. Мяне падчас чытання перыядычна трэсла, як у ліхаманцы.

Карацей, уражанні моцныя. Людзям са слабымі нервамі не раю. Тым, хто ўзяўся чытаць, прапаную шукаць дапамогі ў любімых пісьменнікаў,  яны стаяць на варце і на працягу ўсяго рамана маральна падтрымліваюць. І канец мне вельмі спадабаўся. Моцна. Хто дайшоў да яго, можа з палёгкай уздыхнуць.

Paniardolynk Kva

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *