Гарачы парафін. Вінцэсь Мудроў

Як жа мне шкада таго сакваяжа з кнігай Сартра…

Ды я напішу пра кнігу Вінцэся Мудрова. Ведаю, сёння цікавяць іншыя асобы і іншыя творы. Але я напішу пра “Гарачы парафін” Вінцэся Мудрова.

Гучыць пераканаўча ды яшчэ з вуснаў вядомых і паспяховых: годзе пісаць па-беларуску, трэба пісаць па-еўрапейску. Нікому наша літаратура, такая, як ёсць, непатрэбная. Еўропе трэба іншая. Еўрапейская.

Крыўдна. І думаецца: а якой стане наша літаратура? Хіба ў тым, што ёсць яшчэ цяпер, не гучыць той самы таемны беларускі код? Прабачце, без імёнаў, але я чытаў колькі рэчаў, напісаных “для Еўропы”. Гэта мог быць любы тэкст, перакладзены на беларускую. Нічога не казала пра тое, што гэта беларускае, напісана беларусам.

Згадваецца юнацтва. Не надта любіў пачынаць чытаць замежныя творы, прыкладам Верна. Бо нязвыкла гучалі імёны, я блытаўся ў іх напачатку, але, пакрысе, запаміналіся. І тады… Тады вачам і розуму адкрываліся не проста героі, а краіна. І краіна Тома Соера не была падобнай на краіну Квазімоды. Што такое ёсць той самы шлях у еўрапейскасць? Адмовіцца ад нацыянальнай ідэнтычнасці? Не думаю, што касмапалітызм у літаратуры – наша мэта і цэль. Урэшце, культура свету, і літаратура ў прыватнасці, багатая менавіта складнікамі. І асабістае развіццё кожнага – каштоўнасць. Гэтая скіраванасць “на Еўропу” – як сотні іншых заклікаў ісці не сваім шляхам, а за некім. Але паслядоўнікі ніколі не былі першымі.

Прабачце за неўпарадкаваныя думкі, тут можна многа гаварыць і доўга казаць. Але – да кнігі.

Па шчырасці, з асцярогай стаўлюся да Вінцэся Мудрова. Было – ён мяне часам шакаваў рознымі, выцягнутымі са старых слоўнікаў слоўцамі. Але ўслед за шакаваннем з’явіліся  пазней разуменне і ўдзячнасць. Бо – нашае, сваё. Асцярога ж была выклікана ягонай сатырай. Не адзін раз сустракаў яўную гіпербалізацыю. І мне яна падавалася часта адарванай ад рэальнасці, надуманай, не эстэтычнай, не майстэрскай. Бо, як казалі некалі камсамольцы на сходах: “Крытыкаваць кожны можа, а ты справу прапануй!”.

У апошняй кнізе толькі адно апавяданне тхнула на мяне той мудроўскай едкай сатырай (аб ім пазней). А так – кніга выявілася абсалютна нечаканай для мяне. І адначасова – чаканай.

Я хацеў пабачыць менавіта вось такога Мудрова: “ Пасля пяцідзесяці гадоў цягне альбо на лірычную пустальгу, альбо на прыпраўленыя лёгкім цынізмам эсэ. Душы творцаў поўніць крыўда на ўласны лёс, і класічная проза з яе прыдуманымі героямі і мудрагелістымі сюжэтнымі хадамі саступае месца немудрагелістай бывальшчыне – згадкам пра тое, што незваротна мінула”.

Гэтая словы з аднаго аповеду льга б было паставіць анонсам кнігі.

Настоенай на болю і ўдзячнасці. Ціхай і шапаткой. Запоўненай дзівосным светам згадак, мільгаценнем эмоцый і думак.

…Адкрыў  пасярэдзіне, пачытаў радок, абзац, наступны. І адклаў усякія справы. Так з’явілася ля шасці гадзін на чытанне. Прачытаў.

Адчуў расчараванне. Бо кніга закончылася.

Недзе на трэцім апавяданні ўзнікла думка, што варта б было папрацаваць рэдактару у сэнсе храналогіі аповедаў. Але яшчэ колькі старонак, і я разумею, што ўся кніга – гэта той самы паток свядомасці. Калі адно чапляецца за другое, і з памяці паўстаюць то дзіцячыя гады, то юнацтва, то дарослае жыццё. І там – самае дарагое.

У гэтай кнізе напоўніцу раскрыўся асаблівы “мудроўскі стыль”, проза максімальна пазнавальная. Дарэчы, існуе дэфініцыя, што літаратура – гэта стыль. Тады ў нас дакладна ёсць выдатны пісьменнік. Расказаць пра сваё мінулае так, каб гэта было цікава, каб выклікаць эмпатыю, – гэта майстэрства. І ім Вінцэсь Мудроў валодае.

Не стану тут казаць пра тое, як за асабістымі перажываннямі герояў адлюстроўваецца той час, бо ў любым выпадку, мы тыя, што з нас робіць час і абставіны. І эпохі і гады, асаблівасці і абставіны перададзены Мудровым часам адным кароткім сказам. Да прыкладу “каштуе пералёт усяго на рубель даражэй, чым паездка на аўтобусе”.

Што не спадабалася. Адзін успамін, пра бочку бясплатнага сухога віна. Тыя мужыкі, якія ўсчалі бойку ля яе, былі першага паваеннага пакалення. Не, не было яно такім спітым. Гэта ўжо наступнае. Апавяданне выйграла б без гэтага “прыпраўленнем цынізму” і  непатрэбнай тут сатыры. Быў бы я рэдактарам, далібог бы пераканаў аўтара))

Аб яшчэ адным успаміне скажу асобна. Такім датклівым, кранальным, шчымлівым. Канешне, яно пра першае каханне. Пра нявызначанасць лёсу, пра ягоныя насмешкі над нашымі планамі. І сустрэчу праз многа-многа гадоў. Апошнімі радкамі яго і я закончу свае думкі наконт кнігі “Гарачы парафін”.

“Трамбаніст заплюшчыў вочы, уявіўшы, што гэта лагоднае сонца свеціць з вышыні, і за спінай ягонай плешчацца дзятва ў возеры, і бялявая дзяўчына гоніць саломінкай у ягоны бок увішнага мураша”

Дзякуй за шэсць гадзін асалоды, спадар Вінцэсь! І паверце, мне сапраўды вельмі шкада згубленай кнігі Сартра “Словы”…

Valer Hapeyeu

 

Пакінуць адказ