Воўчая выспа. Кастусь Цвірка

Воўчая выспа. Кастусь ЦвіркаНа нашым першым спатканні Кастусь Цвірка зайшоў з казыроў – любові да сваёй зямлі, да вёскі, да людзей, якія чалавекі, а не здзічэлыя ваўкі. Гэта любоў гучыць мілагучным гімнам свайму краю і адначасова стогне цягучым болем ад цяжкіх старонак гісторыі.

Кнігу складаюць аднайменны раман “Воўчая выспа”, некалькі апавяданняў, аповесць “Будзіла вёску берасцянка” і замалёўкі-расповеды “Дні мае, падарункі”. Кожны твор – паклон да нашай зямлі, да старой здзічэлай яблыні, да плота, што хутка стане прахам, да суседкі, якая пачастуе свойскімі яйкамі, да помніка, што помніць ганебныя здзекі ваўкоў над людзьмі, да мазалёў на руках, ад якіх можна памерці..

Але маё сэрца я аддала Берасцянцы. Гэта гісторыя вёскі Зялёная Дубрава (Старадарожчына), родных мясцін пісьменніка. Ён расказаў пра кожную сям’ю, пра кожную хатку, пра такія розныя лёсы, што недзе я не магла чытаць – задыхалася ад несправядлівасці і жахаў, а недзе адагравалася ад простых жыццёвых радасцей. Мне блізка ўсё – як К. Цвірка піша, аб чым і пра каго, бо кожная вёсачка, якую я наведала з вандроўкай – трохі Зялёная Дубрава.

А вось да Выспы ў мяне засталіся пытанні. У творы гучыць шмат тэм – калектывізацыя, рэпрэсіі, чалавек-рабінзон і дзіця-маўглі, чыталася цікава, хутка, але хацелася больш падрабязнасцей, бо часам уключаўся крытык з думкамі “Ай, хлусня!”, я глушыла крытыкана, але ўсё ж такі мне не хапіла яшчэ старонак 500 тэкста для такой задумкі. Эмоцый, канешне, шмат у мяне, бо назіраць за лёсам чалавека, які хоча жыць на сваёй зямлі, працаваць, не шкадуючы сіл, кахаць так горача, наколькі здольна сэрца, гадаваць дзяцей і марыць, а яму не даюць, забіраюць усё акрамя хіба мары, бо нават калі скрасці жыццё, парасткі той мары і надзеі ўсё ж такі дадуць усход.

Дарэчы, па раману можна здымаць серыял, калі даверыць сапраўдным прафесіяналам – будзе не адарвацца.

Асобна адзначу мову як асаблівае майстэрства пісьменніка, яна заварожвае, столькі смачных, жывых слоўцаў, неадпрасаваных літаратурнасцю, столькі выразаў і сэнсаў, якія ўсплываюць у памяці таго жыцця, калі мы яшчэ і не жылі тут.

У кнізе ёсць усё, што робіць чалавека беларусам.

anzhela_by


“Воўчую выспу” шаноўнага спадара Кастуся чытаў у часопісе. Маёй дурасці тады хапіла, каб выказацца ў сваім ЖЖ пасля прачытання першай часткі,  кшталту: аўтар прыдумляе, бо там столькі фактаў, якія не маглі адбыцца па звычайных фізічных законах. А навошта прыдумляе?

Пасля выйшла другая частка. Канешне, я прачытаў. І ўся мая дурасць стала для мяне настолькі відавочнай, што зрабілася сорамна.

Кастусь Цвірка напісаў пра тыя часіны і тыя падзеі так, як толькі і можна было пра іх напісаць – ён стварыў легенду. У якой столькі ўсяго, чаго не можа быць, але разам, менавіта разам – такое было. І цяпер ужо цэнтральным у гэтай легендзе робіцца чалавек, ягоная прагнасць да чалавечага, сумленнага жыцця, і менавіта гэтая скіраванасць на стваральнае жыццё робіць з чалавека заклятага ворага ўлады. На росшукі якога кінуты войскі, задзейнічала авіяцыя… А ён ад улады хаваецца з ваўкамі…

Гэта што тычыцца самога сюжэту. Увогуле ж, кнігу спадара Цвіркі я паставіў бы ў той шэраг на паліцы, які трэба б было зрабіць абавязковым для чытання кожнаму маладому пісьменніку (тут малады – не ўзрост), які рызыкнуў стаць на няўдзячны шлях стварэння тэкстаў на беларускай мове.

Таму што мова Цвіркі – гэта жывая мова, мова мэтра. Дзе ён паказвае літаральна чорным на белым, якія цуды можна ствараць з беларускіх літарак і як шыкоўна можа слацца бездакорнае палатно тэксту.

Не перачытваў… Вось колькі часу мінула, а помніцца адзін штрых з аповесці. Зазвычай у нас для тлумачэння ці паказвання пэўных акалічнасцей асабістага жыцця, пачуццяў, змен у адносінах аўтар распісвае старонку-дзве, ці хоць палову старонкі. Кастусь Цвірка, каб паказаць здраду жонкі, адно звяртае ўвагу галоўнага героя на чужую кепку на тым цвічку, дзе заўсёды вісела ягоная. І кропка. А рэакцыя героя дадасць нам усё неабходнае для разумення сітуацыі – рэакцыі не было…

Цешыць, што чытаюць кнігу маладыя. Што такая проза запатрабаваная сёння, і што бачаць у ёй галоўнае – сапраўдную мастацкую, літаратурную мову.

В. Г.

Пакінуць адказ