Зборнік апавяданняў Вінцэся Мудрова “Восень у Вільні” выдадзена ў якасці ўзнагароды за трэцяе месца ў конкурсе Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца (перамогу атрымала кніга “Забойца анёла”)
У кнігу ўвайшлі 10 апавяданняў рознай тэматыкі, у якіх аўтар трапна адлюстроўвае падзеі і адметнасці розных эпох: ад царскай да сучаснай.
Цэнтральнае апавяданне “Восень у Вільні” пераносіць чытача ў 1939 год, у той час, калі шапку мяняць (як у камедыі “Вяселле ў Малінаўцы”) за восень давялося тры разы: спачатку былі палякі, потым з’явіліся Саветы з Расеі, трэцімі прыйшлі літоўцы.
Беларусам жа была адведзена роля назіральнікаў ў той час, калі чужынцы дзялілі іх зямлю.
Ёсць у зборніку і апавяданні з катэгорыі 18+
Звычайна, чытаючы кнігу, нам бачыцца выкшталцоны малюнак інтэлегентнага пісьменніцтва, але ж за ёй часам хаваецца п’янства, здрады, выкрунтасы, ганарары выдадзеныя на падстаўных асоб і загулы на паэтычных семінарах. Прыадкрыць занавес адваротнага жыцця творчых людзей можна ў апавяданнях “Патрыцый” і ” Як добра быць паэтам”.
Лічу, што кніга будзе добрай знаходкай для таго, хто любіць творы ў стылі рэалізма, шчодра прыпраўленыя гумарам і сатырай.
Апошнія тры гады былі для Вінцэся Мудрова вельмі плённымі. У 2017 годзе, дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў, выйшла яго кніга «Забойца анёла», якая атрымала трэцюю ўзнагароду прэміі Гедройца. Праз год, у 2018-ым, Мудроў сам выдаў чарговую сваю кнігу ў выдавецтве Янушкевіча «Помнік літары Ў», якая таксама атрымала трэцюю ўзнагароду прэміі Гедройца. Але гэтым разам узнагарода прадугледжвала выданне кнігі. І такім чынам сёлета з’явілася найноўшая кніга Мудрова – «Восень у Вільні».
Мушу адразу зазначыць, што на гэты раз аўтару прыйшлося ўкласці кнігу досыць страката, уключыўшы ў яе як зусім раннія свае апавяданні, напрыклад, «Нячысцік у фраку» і «Рыбалка ў Бычках», напісаныя ў 90-х, і ў тым часе надрукаваныя ў выданнях Таварыства Вольных Літаратараў, так і зусім новыя. Але найперш стракатасць палягала ў тэматычнасці апавяданняў. Самы значны твор у кнізе, канешне, навэла «Восень у Вільні». Увогуле я хутчэй назваў бы гэты твор аповесцю.
Гэта досыць аб’ёмны тэкст, у цэнтры якога сям’я беларусаў, якая жыве ў Вільні напачатку Другой сусветнай вайны. За гэты невялікі перыяд горад некалькі разоў мяне гаспадароў. Спачатку былі палякі, затым прыйшлі саветы, іх змянілі літоўцы, і ўжо чакаецца, што хутка горад апынецца ва ўладзе немцаў. Расповед у творы вядзецца ад імя падлетка, на вачах якога ўсе гэтыя змены адбываюцца. І кожная з гэтых новых уладаў не любіць бацьку хлопца, бо той актывіст беларускага руху. Мне асабіста не зусім зразумелы фінал навэлы, дзе пасля таго, як хлопец выпадкова стаў ахвяраю літоўскіх конных паліцэйскіх, вырашае па выздараўленні далучыцца да польскага маладзёвага супраціву. Чаму ён так раптам расчараваўся ў беларусах, так і не зразумела.
Іншыя апавяданні можна падзяліць на некалькі груп: іранічныя творы пра няпростае жыццё беларускага пісьменніка, гэта апавяданні «Сюжэт», «Дзед і ўнук», «Патрыцый» і «Як добра быць паэтам!»; класічныя апавяданні Мудрова пра жыццёвыя казусы і прыгоды; і постмадэрністычнае апавяданне «Нячысцік у фраку», у якім пісьменнік апісвае анекдатычныя жыццёвыя жарсці фабрыканта Лапахіна на фоне рэвалюцыйных падзей пачатку 20 стагоддзя. То-бок, бачым, што творы ў кнізе сапраўды не аб’яднаны ні тэматычна, ні жанрава. Хаця, можа быць, у гэтай разнастайнасці і ёсць нейкая адмысловая канцэпцыя аўтара.
Самым па-мудроўску вясёлым творам у кнізе з’яўляецца апавяданне «Як добра быць паэтам!». Сапраўдны паэт, якога з ідэалагічных меркаванняў перасталі друкаваць у дзяржаўных выданнях, угаварыў свайго суседа, простага рабацягу і выпівоху Сцёпку Зайца, пачаць друкаваць свае вершы пад яго імем і дзяліцца ганарарам. Праз нейкі час фальшывага паэта запрашаюць на творчы семінар у абласны горад, дзе ён знаходзіць іншага аматара зялёнага змія. Яны разам ідуць на бераг Дзвіны, так бы мовіць адпачыць, і п’яныя паўваліваліся ў раку. І тут ўжо пачаліся сапраўдныя прыгоды, з якіх можна смяяцца да слёз.
Пасля ўсіх гэтых драматычных падзеяў, Сцёпка Заяц ідзе адагрэцца ў лазню, затым выпівае некалькі кухляў піва і ягонае заўчаснае жаданне завязаць з літаратурай знікае. «Сьцёпка выцер далонню пену з вуснаў і падумаў: Як добра быць паэтам!»