Вецер нішто і рэха цьмы. Ігар Кулікоў

“Вецер нішто і рэха цьмы”

Ігар Кулікоў добра знаёмы аматарам беларускай літаратуры як выдатны перакладчык і адметны паэт. Яго тэксты гэта сапраўднае падарожжа ў княства мовы і такая характарыстыка зусім не перабольшванне, бо ў сваёй паэтыцы аўтар удала і на вышэйшым прафесійным узроўні спалучае строгасць формы і незацуглянасць думкі, архаічнасць і словатворчы эксперымент. Крок за крокам узнаўляе і стварае пласт лексікі эпаса, так мала прадстаўлены ў нашай літаратуры – лексіку “свамовы”. Слоўнік ці “слоўе”, па вызначэнні самаго аўтара, напрыканцы кнігі – звычайная з’ява. Відмо, бавы, адзоў, мысьлітва, конадзень, стаўбіт – нібы дэжа вю, знаёмыя і незнаёмыя, вынырваюць з нашай родавай памяці, але яшчэ неакрэсленыя, неўнаяўленыя ў цяпершчыне.

Вельмі верагодна, што непадрыхтаваны чытач, сутыкнецца з пэўнымі цяжкасцямі, калі ўпершыню возьме якую кнігу Ігара Кулікова ў рукі, але варта толькі зрабіць пэўныя высілкі, наладзіцца на гэтую нязвыклую хвалю і далягляд беларускай мовы значна пашырыцца. З’явіцца тое апірышча, адчуванне якога, так не хапае, каб зрабіць крок наступны.

Напрыканцы 2021 пабачыла свет яго пятая кніга вершаў “Вецер нішто і рэха цьмы”, і ў пэўнай ступені гэтая кніга якраз той самы крок у будучыню, які зрабіў Ігар Кулікоў папярэдне стварыўшы сабе, а заадно і іншым, падмурак, на якім можна стала атабарыцца, і не толькі ўзнаўляць відзежы мінулага, але вытлумачыць сябе сучаснага – з крыві і плоці, тут і зараз.

…я той хто кожны дзень стаіць па ежу ў краме
я той хто слухае купаньне ветру ў вецьці
я той хто адбіваецца у лужах пад нагамі
я той хто зьнікне ў падваротні сьмерці
я той хто насяляе спальныя раёны
я той хто не знаходзіць сабе месца
я той хто углядаецца у змрок аконны
я той хто хоча зоркамі сагрэцца

Для тых, хто ўважліва сочыць за творчасцю Ігара Кулікова, вершы такога плану будуць сапраўдным адкрыццём. Герметычны свет яго ранейшай паэзіі не даваў праявіцца асобе аўтара, распушчаў яе ў метафізічным водуме і “свамоўнай” лексічнай плыні. Гэтая плынь заварожвала, але за ёй не было бачна чалавека Ігара Кулікова.

Прыемна, што гэты наўмысны ці ненаўмысны крок насустрач чытачу, быў зроблены не пераступаючы праз сябе. І ўсё тое, чым быў адметны аўтар, засталося пры ім, а мы пабачылі новыя грані, на якія раней Куліковым не акцэнтавалася ўвага. Абстрактная прастора твораў, замянілася на пазнавальныя лакацыі, але, як і раней, яны прасякнуты метафізікай, пастаяннай прысутнасцю нечага большага чым проста жыццё:

У горадзе гэтым, калі і хадзіць, то туды, дзе рака.
Увогуле, месты – ня месты бяз рэкаў, а самыя рэкі –
ня рэкі бязь леташніх лісьцяў, якія замест медзяка
кідаюць вятры па бясконцай дарозе з варагаў у грэкі,

каб знову вярнуцца. Вяртаюся й я з сваіх спальных краёў:
дзе волакам цела цягну, дзе мэтром скарачаю прастору, –
і ўсё, каб прамовіць вадзе, што ня знае мяне: “Я прыйшоў,” —
і доўга глядзець, як прыступкі, шукаючы першаапору,

бясстрашна сыходзяць на дно, на нішто і зьмяняюцца ў глей.
А поруч самотны стары, ад прахожых схаваўшыся ў моўчу,
глядзіць для прыліку на вуды, напраўду ж – кудысьці далей…

 

Для тых, каму гэтыя аўтарскія пошукі пададуцца дарэмнымі і трывіяльнымі, ёсць магчымасць прачытаць раздзел “Вялікае княства”, дзе будуць задаволены чытацкія чаканні аматараў папярэдніх кніг Ігара Кулікова. Акрамя таго ў выданні прадстаўлены твор Роберта Браўнінга “Да цёмнай вежы Чайлд Роланд дайшоў”, перакладзены з анлійскай мовы.

 

Кніга “Вецер нішто і рэха цьмы” – найлепшы варыянт, каб пазнаёміцца з творчасцю Ігара Кулікова, максімальна камфортна для сябе ўвайсці ў свет яго паэтыкі і пазнаёміцца з самім аўтарам ва ўсёй яго шматаблічнасці. У ёй арганічна сумяшчаюцца моўныя пошукі і гістарычныя экскурсы, асабістая эзістэнцыя і нечаканыя абагульненні. Выдатная спроба раскрыць сваё паэтычнае “я”:

Я – ніхто. І маёмасць мая – нішто.
Бездыханны ў дыханным целе.
У адсутнасьці я над ракою мастоў,
у магчымасці іх над плыньню.
Я жыву, каб сабою злучыць берагі, –
хто ж над прорвай мяне расьсьцеле?
Хто ж утопча мяне ў залатыя сьнягі,
каб нарэшце скарыць вяршыню?
Я – ніхто, і маёмасць мая – нішто,
я – нідзе і ніколі болей.
Я магу яшчэ быць.
Не сьпяшайся.
Пастой.
Чуеш, вока ад неба коле?

Міхаіл Бараноўскі.

Пакінуць адказ