Вербніца. Антаніна Хатэнка

Вербніца

Літаратурная прэмія Міхася Стральцова 2022 года рашэннем журы ў складзе Алены Стральцовай, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Міхася Скоблы і Аксаны Спрынчан прысуджана Антаніне Хатэнцы за кнігу “Вербніца” за вернасць класічным літаратурным традыцыям, тэматычнае і вобразнае багацце мовы, папулярызацыю паэтычнымі сродкамі народных звычаяў і абрадаў.

У прасторы кнігі «Вербніца» сышліся ў сугучча яркія, эмацыйна вострыя вершы аўтаркі, створаныя яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя, і глыбокія, роздумныя творы нядаўняга часу. Паэзія, проза, эсэістыка на-поўна выяўляюць эстэтыку і духоўныя каштоўнасці пакалення, якому выпала жыць і ствараць на сумежжы эпох. Адметнасць мастацкага стылю, вобразнае, метафарычнае асэнсаванне гэткіх філасофскіх катэгорый, як жыццё і смерць, плыннасць зямнога быцця і вечнасць, святло і цемра, дабро і ліха, ствараюць непаўторны ўзор аўтарскіх здагадак, адкрыццяў, азоранняў у дарозе пазнання сябе ў свеце і свету ў сабе. Лірычна тонка, ледзь кранальна паэтка думкай, словам, інтуіцыяй, гукапісам спалучае стараладнасць, зберажоную ў народнай памяці, і пульсаванне штодзённасці. Мелодыка і рытміка твораў, багацце сэнсавых адценняў і ледзь не метафізічнае светаўспрыманне, адчуванне сваёй зямлі, сваёй культуры, свайго пачатку неўпрыкмет разгортваюць неасяжныя далягляды і нібы растаемніваюць прадаўнія коды нашай прысутнасці тут і цяпер, у сутоку мінуласці і прышласці.

З навін


 


З інтэрв’ю 

— Ты — пяты лаўрэат Стральцоўскай прэміі, і ў цябе былі годныя папярэднікі — Анатоль Вярцінскі, Алег Мінкін, Наста Кудасава і Анхела Эспіноза Руіс. Хто з іх табе блізкі светапоглядна?

— Калі паперадзе ідуць такія тытаны, як Анатоль Вярцінскі, ніхто з тропу не саб’ецца. Вярцінскі — мой літаратурны настаўнік, дарадца, сябра. Анхела — іспанка, якая піша вытанчаныя вершы па-беларуску. Кудасава — чуйны нерв Беларусі. У абедзвюх паэтак вогненная энергетыка, боль, выбух, любоў, адчай, самота ўсяленская і — радасць жыць, дыхаць, перамаўляцца з травамі, рэкамі… А найбліжэй мне ўсё ж Алег Мінкін. Мы з-пад адных стрэх ледзяшы адломвалі, аднымі вечарамі наталяліся. З пакалення мы аднаго, як з гнязда буслінага.

— Вернемся да тваёй «Вербніцы». Як падлічыў адзін прафесар, вярба — самае частаўжывальнае дрэва ў беларускай паэзіі, што можна праілюстраваць радкамі Ларысы Геніюш: “З беларускай учэпістай гліны і рабра прынямонскіх вярбін я — галінка ля белага тыну напалову забытых святынь». Але ж вярба надта крохкая, можа, у якасці «будматэрыялу» нам лепш падышоў бы, напрыклад, дуб?

— Што вярба гэткая папулярная ў літаратуры — не дзіва. Яна — самае ўстойлівае, учэпістае, упартае, нязломнае дрэва. Нездарма перад Вялікаднем мы адзначаем Вербніцу, калі галінкі вярбы набываюць цудадзейную моц. Хто з нас не памятае, як сцябаюць сямейнікі адно аднаго, прыпяваючы: “Не я б’ю — / вярба б’е, / за тыдзень — / Вялікдзень. / Будзь здароў, / як вада, / і расці, / як вярба!!. Што да згаданага дуба, то моц у яго такая, што, прысланіўшыся ці абняўшы яго камель, адчуваеш прыток сілы. Зноў жа, у народзе гаварылі: “У сасновым лесе маліцца, / у бярозавым любіцца, / у дубовым волю каваць, / у яловым душу д’яблу прадаваць”. Так што дуб волю куе, але не даруе тым, хто пілуе дубровы на побытавыя патрэбы. Не рабілі з яго раней ні падлогі, ні мэблі. Хіба дамавіны і крыжы — дуб яднаў зямлю і неба.


І мае асабістыя “пяць капеек”.

Самае таемнае, самае цудоўнае і самае прыгожае ў свеце – новае жыццё – жанчына нараджае праз самы моцны боль. Яна нараджае ў пакутах. Можа і таму найлепшыя радкі ў жанчын-паэтак ствараюцца якраз тады, калі іх атуляе боль, калі бяда прыйшла, калі туга засціць белы свет.

Мне цяжка нешта пісаць пра паэзію, лічу, тое павінны рабіць адмыслоўцы, для якіх, да прыкладу, гаварыць пра тэорыю вершаскладання ды розныя тэндэнцыі – як семкі лускаць. Мне ж цяжка…

Неяк вельмі даўно, калі яшчэ толькі пачынаў працу журналістам, швагерка сказала-пахваліла: “Як добра напісаў! Усё, што я хацела б сказаць, ды слоў не знаходзіла”. Для мяне тое было крышку дзіўным, а гады жыцця пераканалі: не ўсе людзі могуць совамі сфармуляваць свае думкі. Мне пашанцавала, дай крыху Бог таленту. Але не даў іншага: умець заўсёды выказаць словамі ўсё тое асабістае няўцямнае, што варушыцца ў душы, што іншым разам гняце, іншым – асвятляе. І калі чытаю вершы Антаніны Хатэнкі, мне згадваецца мая швагерка, і мне хочацца ўсклікнуць да паэткі: “Якая ж вы малайчына! Вось жа я тое адчуваў, а выказаць не мог!”

І словы, словы, якія ўжо названыя тут словатворамі! Як жа яны да месца, якія яны трапныя, якія свае, зразумелыя, вобразныя, сугучныя з душой: светлакрай, звятрэлы, пульсота, мройліва…

В. Г.


“Грукала ў браму тваю”

(роздум над кнігай Антаніны Хатэнка “Вербніца”)

Антаніна Хатэнка мае свой адметны і непаўторны паэтычны голас, які нельга зблытаць ні з якім іншым. У мінулым годзе паэтка атрымала літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова, а дзейснае тады яшчэ выдавецтва “Кнігазбор” у серыі “Кнігарня пісьменніка” выпусціла ў свет яе кнігу “Вербніца”, у якой прадстаўлена не толькі паэзія, але проза і эсэістыка. Чытач знойдзе тут шмат цікавага для сябе ў кожным з раздзелаў, але  хацелася б сказаць пра паэзію Антаніны Хатэнка, якая ўспрымаецца мной як надзвычай арыгінальная, тонкая, здольная закрануць пачуцці чытача.

Асноўны матыў паэтычнай спадчыны, сабранай у кнізе, –  пошук шляхоў-дарог да самой сябе, сваёй існасці, уласнай сутнасці.

Да сустрэчы маёй з сабой
цёмна-цёмна…
Куды ісці?
Заблюдзіліся мы абое.
Я ў бяссмерці, і я ў жыцці.
“Да сустрэчы маёй з сабою”

Гэты матыў розгаласам праходзіць праз многія вершы зборніка: “Адвітанне”, “Блакіт”, “Дзедасвет”, “З вышы”, “Мой шлях ляжаў”, “Да абаронцы”. Лірычная гераіня Антаніны Хатэнка задаецца вечнымі пытаннямі: “І чаго мы шукаем на свеце?”, “А дзе мы ўдома?” –   і нястомна шукае адказы на іх. Часам яна канстатуе: “Спамінаю сябе самую. І сама па сабе сумую”.

Часам  матыў пошуку ўласнага “я” пашыраецца да пошуку Радзімы на “бязлюднай зямлі”. Знаёмае, думаю, многім пачуццуё ў варунках сённяшняга дня. У гэтым пошуку лірычная гераіня прыходзіць да бязрадаснай всновы:

Ні кута ў мяне тут, ні дому,
Хоць да кропелькі ўсё знаёма.

Насельнікі гэтай “бязлюднай зямлі” “мову (няўцям?) прадалі, і не ўчуеш, дзе свой, дзе чужы”, і разуменне гэтай ісціны адгукаецца болем у душы лірычнай гераіні.

Лёс роднай зямлі, Роду – яшчэ адзін важны матыў лірыкі Антаніны Хатэнка. Паказальны ў гэтых адносінах верш “Вырай журавовы”. Паэтка быццам пераймае Купалаву эстафету – “рабіць агледзены” скарбу-спадчыны, жыць клопатам пра тое, “ці гэты скарб не сплыў дзе проч, ці трутнем ён не з’едзены”. Сама паэтка адчувае гаючую повязь са свамі папярэднікамі – песнярамі роднай зямлі. Пытанне, якім задаецца лірычная гераіня (“Дзе мой край? Дзе мой дом? Дзе мой кут?”)  гучыць не толькі як пасыл да вядомага верша Ул. Караткевіча, але нагадвае пра знакаміты Коласавы“родны кут”.  У вершы чытаецца не толькі адчуванне еднасці з паэтамі-папярэднікамі, але і  канстатацыя трагічнага разрыву з Краем, у якім лірычная гераіня адчувае сябе чужаніцай.

Адметная рыса лірыкі Антаніны Хатэнка – трагічная нота гучання. Уласцівасць тонкіх глыбокіх натур – здольнасць прадчуваць беды свету, як і трагічныя падзеі ўласнага жыцця.  Матыў трагічнага прадчуванне наскрозь працінае лірычную спадчыну паэткі, а часам перарастае ў адчуванне бязмежнай адзіноты чалавечага Быцця (“Белае маё растанне”, “Заклён”, “Іста”).

Выратавальным для лірычнай гераіні становіцца разуменне сямейнай любові як існасці жыцця, увасобленае ў вершах, прысвечаных родным – матулі, дочкам, родзічам-сямейнікам (“Перадзім’е”, “Пераменлівая восень”, “Да Роду”).

Змяншае боль і грэе душу лірычнай гераіні “белай надзеі лілея”. Матыў надзеі, што ўзрастае няма ведама адкуль (з глыбінь душы? з бясконцасці Сусвету? з магуты-Веры?) асвятляе вершы і дорыць надзею чытачу (“Адплата”, “Бывай, мой дом”, “На парозе”, “Воля”).

Антаніне Хатэнка ўласціва глыбіннае адчуванне роднага слова, на якім і трымаецца словатворчасць паэткі. Народжаныя ў адпаведнасці з патрэбай радка словы не падаюцца чужымі, незразумелымі ці няўклюднымі. Яны могуць выклікаць толькі захапленне здольнасцю да словатворчасці.  Віртуознае валоданне родным словам – адметная рыса мастацкага стылю паэткі і прыкмета вяршыні паэтычнага майстэрства. Чаго варты хаця  б гэты радок: “Ды заходзіцца з плачу каня – заўтра каменем радасць кане”.

Магчыма, чуйнасць да роднага слова дапамагае паэту знайсці і шлях да сябе:

…З крапкі веры (ні менш ні  болей) –
“як у небе, так на Зямлі” –
Рэкі шчасця й азёры болю
Я і я
Ў Акіян вялі.

Зоя Шклянік

Пакінуць адказ