Буду казаць пра другую частку трылогіі – “Адаптацыю” і трэцюю – “Вольны птах”. Бо першая, якая і дала назву трылогіі, выходзіла раней асобнай кнігай. Сямейная сага мяне не надта кранула, хоць рэальная карцінка, створаная аўтарам, была жывой і яскравай. Мабыць, справа якраз у той яскравасці і аголенасці пачуццяў, ад якіх ты, чытач, іншым разам мусіў бараніцца. Упускаць у сябе чужыя мітрэнгі і чужы боль, раскрываць сваю душу для чужых пачуццяў – справа рызыкоўная для тваёй эмацыйнай стабільнасці. Згоду на сваю псіхічную неўраўнаважанасць ты даеш аўтару тады, калі бачыш наперадзе перад сабой нейкі вынік. Калі чужы боль нечаму вучыць, узбагачае цябе вопытам, калі нешта адкрывае, тлумачыць, парадкуе думкі. Прыклад з юнацтва – “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо. Вельмі няпроста было чытаць, але ж цягнула…
Такім чынам – “Адаптацыя”.
Пранізлівы тэкст. Аўтафікшн? Мастацкі твор? Так выказаўся Янка Лайкоў пра творчасць Адама:
Мікола Адам у сваім новым творы віртуозна балансуе на мяжы нон-фікшн і белетрыстыкі, ствараючы аб’ёмную мастацкую рэальнасць, пакрокава рэканструюе мінулае, напаўняе прастору твора фактамі, жывымі эмоцыямі, побытавымі і гістарычнымі падрабязнасцямі, дзякуючы чаму складваецца ўражанне, што чытаеш дакумент эпохі.
Так, “Адаптацыю” льга назваць дакументам эпохі. Невядомы мне горад Шахцінск ажыў. Для аўтара гэтае месца – месца сілы, сапраўднасці. Вядома ж, найбольш гэта звязана з тым, што тут адбылося сталенне героя.
Для мяне, чытача сённяшняга, як і для маці героя, Шахцінск – месца страшнае. Дзе ў героя і ягонага брата іхняя маці бачыла толькі два рэальныя шляхі: ці ў турму, ці ў шахту, пад зямлю.
Мае рацыю Лайкоў: Адам умее стварыць рэальную карцінку, выпуклую, праўдзівую, колькімі сказамі, згадкай пра нейкі эпізод, каб за ім паўстала рэальнасць. Часам жахлівая да немага крыку. Як, прыкладам, гісторыя ў колькі абзацаў пра дырэктара школы і ягоную жонку. Засядзеліся ў гасцях, пайшлі позна вечарам праз пустку. Небяспечнае месца… Дырэктара зарэзалі, жонку ягоную згвалцілі і пакінулі на марозе голай. Неяк выжыла. Дрыготка не ад факту, а ад наступстваў: іх не было. Ніхто асабліва не шукаў забойцаў і гвалтаўнікоў. Бо ж занадта многа падобных гісторый тут здаралася…
Адам бязлітасны ў сваіх успамінах. І бязлітасны ў тым ліку да сябе. І тут, лічу, самае каштоўнае. Бо якім чынам цалкам рускамоўны хлопец робіцца беларускім аўтарам – вось што цікавае. Адам не хавае сваёй сапраўднай прычыны руху да гэтага: юнацкае эга. Жаданне і імкненне вырасці і стаць некім значным. Самарэалізавацца. Навучыцца. Падмурак гэтай упэўненасці, што ён здольны на большае, чым абіранне між шахтай і турмой, быў закладзены настаўнікамі. Ці ўсяго адной настаўніцай. “Ты – іншы”.
Гэты момант важны.
Бязлітасна шчыры Адам і ў адносінах да сваёй сям’і, бацькоў, стасункаў з імі. Іншым разам аж вусцішна робіцца ад той непрыхаванай рэчаіснасці. Часам закрадваецца думка: навошта ж так адкрыта – пра бацьку, роднага ж? Але тое – выбар аўтара…
Зрэшты, калі мы хочам бачыць і разумець, як і ў якіх умовах нараджаецца беларускамоўны пісьменнік, давайце бачыць усё…
Цікава, як уяўляецца вёска герою, калі ён прыязджае сюды з Казахстана назаўсёды, без шанцаў вярнуцца ў свой родны Шахцінск. Вёска робіцца жывой. Асобай. Якая не прымае прыезджага, а той успыхвае нянавісцю да вёскі і ўсяго, чым яна ёсць.
А потым Вёска стане апірышчам. Але потым. І гэты шлях прапісаны цудоўна: як той далёкі Шахцінск згубіць сваё значэнне ў галаве героя, і як Вёска стане сэнсам і месцам вяртання.
Мажліва, нехта ўпікне героя аповесці ў самалюбстве і славалюбстве, дый, мабыць жа, будзе мець рацыю. Але калі мы чакаем ад аўтара аўтафікшну праўды – дык ён нам яе і выдае. Зрэшты, самае малое прыхарошванне сябе ці утойванне нечага тут лёгка б угадвалася. Бо на фоне хірургічна ўскрытага мінулага самая малая пухліна фальшу будзе заўважная.
Другая палова “Адаптацыі” каштоўная ўжо іншым: згадкамі пра “Першацвет”, пра літаб’яднанне пры часопісе. Тут – дзясяткі прозвішчаў, аповед пра літаратурны “дзвіж” без прыхарошвання. Тут – пра шлях да літаратуры, пра “кухню”. Шчырасці не менее, ад гэтага тэкст гучыць вельмі праўдзіва і амаль дакументальна.
Працяг тэмы жыцця літаратурнага аб’яднання і шляху ў літаратуры – у трэцяй частцы трылогіі, у “Вольным птаху”. Хоць тут літаратура ідзе фонам праз усю гісторыю кахання, якую можна назваць фантасмагарычным сном, настолькі яна, гісторыя, маларэальная. Ды дакументальнасць пэўных падзей “прызямляюць” яе, дадаюць веры. У сутнасці, ужо не так і важна: была дзяўчына і яе сяброўка ці не было. Важна іншае: тыя перыпетыі, праз якія праходзіць герой, і тыя вынікі, якіх ён дасягае, тое, кім ён становіцца.
…Цікава, што калі Андрэй Федарэнка напісаў свой першы аўтафікшн, успаміны-згадкі пра свой шлях у літаратуры, у ягоны бок часам ляцелі крытычныя стрэлы: маўляў, ці не зарана схапіўся аўтар за мемуары? Цяпер жа, бачым, тая самая мемуарная літаратура, атрымаўшы новую, сучасную і модную назву “аўтафікшн”, сталася і папулярнай, і запатрабаванай. Спахапіўся Бахарэвіч, выдаў ажно дзве кнігі пра сваё мінулае, за ім – Шчур, далей… Зрэшты, сёння ўжо і не згадаеш усіх кніг падобнага жанру. Каштоўнасць трылогіі Міколы Адама “І прыдбаў гэты дом” відавочная не толькі адлюстраваннем пэўнага перыяду ў частцы нашага літпрацэсу, але і той самай бязлітаснай шчырасцю як да сваіх згадак, так і да сябе. Яшчэ – павагай і любоўю да сваіх сяброў, безагляднае захапленне іх талентамі. І тое кранае. Не так часта гэта ў нас і сустрэнеш, дарэчы, калі ўжо казаць з той самай адамаўскай шчырасцю…
Веніямін Мінянкоў.

