Навіны такія, што ледзь прымушаю сябе нешта рабіць. Але рабіць лепей, чым не рабіць: і для самой сябе, і для іншых.
📕 Таму сёння раскажу пра кнігу, якую ўжо паказала ў рылз. Гэта французская калядная кніга Шакці Стааль і Марыянны Барсілон, у якой воўк-гурман мае падступны план. Ён хоча заманіць Дзеда Мароза да сябе, каб згатаваць яго нейкім адмысловым чынам.
✉️ Воўк піша адзін ліст, потым другі, але толькі з трэцяга разу ў яго атрымліваецца больш-менш прыстойнае пасланне. А пасля ён пачынае падрыхтоўку, гатуе вытанчаныя стравы, чысціць комін, каб Дзед Мароз не перапэцкаўся і быў прыдатны для гатавання… Але так стамляецца, што засынае! Таму воўк прапусціць візіт Дзеда Мароза, але апошні пакіне яму ліст і невялічкі падарунак 😏
👌🏻 Нестандартная кніга пра Каляды, пагадзіцеся. Французы любяць прайсціся па самаму святому 🤭 А яшчэ яна незвычайная сваім афармленнем. Усе лісты можна разгарнуць і прачытаць, можна ацаніць вышыню коміна, а агонь у каміне будзе пералівацца амаль як сапраўдны. Да таго ж у самым пачатку кнігі замацаваны выпуск газеты “Лясное рэха”, які можна пагартаць-пачытаць.
✨ Кніга надзвычай прыгожая і арыгінальная. Спадабаецца і дзецям, і дарослым, і сама просіцца пад ялінку. Дужа рэкамендую!
📖 “Як Воўк пісаў ліст Дзеду Марозу”, Шакці Стааль. Ілюстрацыі – Марыянна Барсілон. Выдавецтва “Папуры” @papury.bel_new, 2025. Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская.

