Я размалюю для цябе неба. Валерый Гапееў

Я размалюю для цябе неба. Валерый Гапееў

На 100% цікавая кніга. Якраз такой глыбіні, якую адолее любы чытач у любы настрой.

Кожнае апавяданне — маленькі /па аб’ёме/ шэдэўр. Тут і падарожжы ў часе, і містыка, і навука, і прага да здзяснення мары, і каханне, і сяброўства, і адзінота чалавека…

Ну, толькі што п’есы не люблю чытаць. Падумала я. Але “Сертыфікат” торкнуў з другой старонкі!

Настаўнікі — тэма вечная. Нам хочацца, каб яны былі ідэальнымі, а атрымліваецца, што яны — людзі, не адабраныя, не лепшыя з лепшых. Думаю, у кожнага школьніка ёсць гісторыя, пасля якой ён расчараваўся ў свеце менавіта з-за канфліктаў у школе. Магчыма, гэта лепшая навука: не будзь гаўном, бо ты ж бачыш, наколькі гэта непрыгожа.

Можна доўга пра гэта пісаць, але лепш пачытаць Гапеева. Ён нагадвае, што ўсё было і будзе паўтарацца, але светлыя душы абіраюць светлы шлях, як бы іх чэрці ўбок ні цягнулі.

Антыўтопія “Я размалюю для цябе неба” пра ненармальнае грамадства, дзе ўсё быццам бы празрыста, спланавана, адкрыта і вядома, — неверагодна цудоўнае апавяданне. Складана нават напісаць, пра што яно. Яно пра ўсё. Пра нас.

Калі б у чалавека была магчымасць купіць у хатнюю бібліятэку толькі 10 кніг, то гэты зборнік Гапеева я б раіла абавязкова ўключыць у спіс. Ёсць над чым падумаць, можна перачытваць.

volia_pisha.

Пакінуць адказ