Кнігу Леаніда Лаўрэша трэба чытаць некалькі разоў. Правільней сказаць – трэба не чытаць, а ўважліва вывучаць і асэнсоўваць цікавыя эпізоды горадабудаўнічай гісторыі Ліды. Я рабіў гэта з аднолькава вялікай цікавасцю, задавальненнем і … прыкрасцю. Справа ў тым, што некалькі дзесяцігоддзяў таму я як выпускнік менскага палітэха працаваў у Лідзе архітэктарам горада, але тады належнай цікавасці да гісторыі горада не праявіў. А былі гэта 1960-я гады, і я мог быць больш актыўным сведкам, удзельнікам і нават летапісцам шматлікіх гістарычных працэсаў, якія разгортваліся ў краіне. Аднак менавіта такім пісьменнікам стаў Л. Лаўрэш.
Нягледзячы на ўяўную прастату структуры і манеры выкладання матэрыялу, кніга надзвычай змястоўная, “шматслойная” і ўспрымаецца як шэраг партрэтаў аднаго і таго ж, здавалася б, знаёмага чалавека. Л. Лаўрэш дабіўся цікавасці чытачоў да кнігі краязнаўчага характару, выкарыстоўваючы спалучэнне рацыянальных спосабаў і вынаходлівых прыёмаў.
Бо, усё ў канчатковым выніку зводзіцца да таго, што Л. Лаўрэш прыводзіць велізарны аб’ём “здабытага” ім жа багатага факталагічнага матэрыялу, малавядомага і зусім невядомага, прадстаўленага аднолькава цікава і ў кароткім тэксце, і ў змястоўных ілюстрацыях. Аднак вельмі важна, як адбіраюцца і як падаюцца падзеі і з’явы з гісторыі горада. Лепшыя фрагменты кнігі – тыя, у якіх чытачу як прыемнаму суразмоўцу не проста паведамляецца нейкі цікавы факт, а “давяраецца” яркі, нават у нейкай ступені таямнічы эпізод, ініцыяваны шпацырам па старой Лідзе. Наколькі ж цікавей становіцца аповед, калі адчуваеш асабістыя, эмацыйна афарбаваныя адносіны да эпізоду з боку аўтара, ды яшчэ і прыцягнутага для гэтай мэты знаёмага яму чалавека, які дзеліцца з намі сваімі непаўторнымі ўражаннямі і характэрнымі ўспамінамі!
І тады не толькі раскрываюцца старонкі гісторыі старажытнай Ліды, але лёгка запамінаюцца яе персанажы, імёны, даты, нумары будынкаў, іх стылявыя асаблівасці і г. д. Бо, тады чытач можа жыва ўявіць сабе, як, напрыклад, выглядалі дамы Фларэнтына Длускага, якія стаялі на Віленскай вуліцы або братоў Стукатараў, таму што шмат у чым гэтаму спрыяюць прыведзеныя ўспаміны мілай аўтару Сонечкі, якая жыла тут у свой час і шпацыравала ў вялікіх дварах гэтых выдатных будынкаў.
Падобна гэтаму, у іншай сітуацыі, не мог сам Л. Лаўрэш па сваім узросце бачыць і затым расказаць нам пра выдатныя асаблівасці маляўнічага ландшафту мясцовасці, якая называлася “Выган”, якая стала потым калоніяй дзяржаўных дамоў і гарадскім паркам. Аднак цалкам наглядную карціну з далёкіх 1950-х малюе нам на аснове сваіх асабістых назіранняў уважлівы погляд часта цытаванай аўтарам Ларысы Канчэўскай, якая таксама стала нам як быццам добра знаёмай.
Спецыфіка маёй прафесіі абумовіла павышаную ўвагу да аднаго з раздзелаў кнігі, а таксама захапленне настойлівасцю і пэўнай вынаходлівасцю Л. Лаўрэша ў сваіх навуковых пошуках. Я маю на ўвазе тэму своеасаблівасці архітэктурных аб’ектаў Ліды 1920-1930-х гг., якія раскрываюць адметнасці яе горадабудаўнічай культуры ў міжваенны перыяд. Гэтыя ў значнай ступені практычныя і рацыянальныя пабудовы да гэтага часу зусім не былі ўключаны ў навуковы абарот беларускімі даследчыкамі. Л. Лаўрэш жа, прарабіўшы вялікую працу, па крупінках сабраў неабходныя звесткі пра гэтыя аб’екты і іх аўтараў у архівах і бібліятэках Польшчы.
Мая адзіная заўвага ў адносінах да рэцэнзаванай кнігі і адначасова пажаданне яе аўтару тлумачацца выключна адсутнасцю спасылак на крыніцы. На мой погляд, спасылкі на крыніцы, ніколькі не прымяншаючы добрых якасцяў кнігі і яе працавітага аўтара, дадалі б кнізе дакладнасці, падкрэслілі б – шырату кругагляду аўтара, а зацікаўленым чытачам зрабілі б даступнай дадатковую інфармацыю.
Кішык Юрый Нікадзімавіч, кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ, студзень 2026 г.
Наша слова.pdf № 5 (214), 4 лютага 2026.

