У кнігу ўвайшлі выбраныя творы, напісаныя з 2002 па 2024 г. Паэзія Р. Малахоўскага адметная і разнастайная. У ёй выразна бачны лірычны герой — усвядомлены чалавек, які жыве, кахае, ідзе наперад, пераадольвае цяжкасці і дзеліцца сваімі неацэннымі назіраннямі з чытачом. Захапляе багацце яркіх, сакавітых вобразаў, лагічных высноў і дэталяў, якія дапамагаюць глыбей адчуць паэзію. Сутнасць вершаў не ляжыць на паверхні, што робіць іх прачытанне цікавым заняткам. Яскрава выяўленае пачуццё рытму і мелодыкі, гарманічная кампазіцыя зборніка не пакінуць чытача абыякавым да паэтычнага радка.
(з анатацыі)
Многія паэты вяртаюцца ў гады, дзе прайшло іх маленства. Рагнед Малахоўскі — не выключэнне. Хоць і нарадзіўся ён у пасёлку Сямчан Магаданскай вобласці (Расійская Федэрацыя), з трох гадоў жыў у Беларусі, у нарачанскім краі. Скончыў Нарацкую сярэднюю школу № 2. Галоўнае возера нашай краіны, вядома, не магло яго не вабіць. А паколькі любіў паэзію, сам узяўся пісаць творы, адзін з вершаў так і назваў — «Нарач». Не толькі пра хараство яе пісаў, а і пра тое, што ў гэтым узросце хвалюе. Калі ж табе толькі васямнаццаць, то, як у вядомай песні, павінны быць «в каждой строчке только точки». У яго ж усё было інакш:
У казачны той вечар я адзін
Шукаў сваё каханне між вятроў.
Аб гэтым будзіць вечны напамін
Шаптанне прыбярэжных чаратоў.
У вершах Рагнед Малахоўскі вяртаецца ў часы дзяцінства
Верш «Нарач» увайшоў у яго першую кнігу «Беражніца» (2005). Адкуль такая назва з’явілася? На беразе лірычны герой напаткаў гэтую багіню азёраў. Выйшла з вады, «ківае галавой: „Хадзем са мною“». Як было не радавацца такой магчымасці: «Істужкай зіхатнула зорка ўранні, // Упала на высокі бераг твой. // Заплюшчыў вочы, загадаў жаданне — // Ніколі б не расстацца мне з табой!»
Потым былі наступныя кнігі: «Жыві!» (2014), «У дзённай мітусні» (2012), «Выгнаннік дзьмухаўцовага раю» (2016). Лірычны герой ужо радаваўся не толькі дзеве-беражніцы. Сустракаўся і з дзяўчатамі, прайшоўшы ў каханні, як многія, праз яго радасці і нягоды. Да асобных момантаў і звяртаўся ў творах, некаторыя з іх маюць і прысвячэнні. Вобраз жа беражніцы стаў для яго дарагім, таму так назваў не толькі сваю першую кнігу. Вершам «Нарач», у якім згадваецца яна, адкрыў і свайго роду выбранае «Шлях слязы», укладзенае Віктарам Шніпам і выпушчанае Выдавецкім домам «Звязда». Апроч твораў з вышэйназваных кніг, у яго ўвайшлі і «Вершы розных гадоў», якія прадстаўлены асобным раздзелам.
У кнізе «Жыві!» ёсць і верш «Беражніца». Да яе Рагнед Малахоўскі звяртаецца ў розных іпастасях. Не толькі называе «багіняй азёраў», а «хімерай паэта», «дзяўчынай зямной», «вадзіцай святой»… Упэўнены: «беражніца, вадзіца святая, // Жыццядайная моц твая. // Калі хваля бяжыць залатая, // Ачышчаюся я». Ачышчэнне адбываецца і «шляхам слязы». Гэты верш аўтар таму і ўзяў назвай свайго выбранага, бо ён у пэўнай ступені адпавядае таму, што цікавіць яго не толькі як паэта, але і як нашага сучасніка, які ў хуткасці будняў шукае сваё месца, высвятляе, хто ён на гэтай зямлі.
Калі ж мець на ўвазе сказанае ў чатырохрадкоўі «Лекі для душы» — гэта найперш для самога сябе. Але і для іншых, хто бярэцца за такое няпростае ў наш час рамяство, як паэзія, калі кожнага, хто спрабуе такім чынам праявіць свой талент, падсцерагаюць прынамсі дзве перашкоды. Прытым абедзьве аднолькава значныя. Напісана так шмат, што вельмі цяжка сказаць нешта такое, каб яно ўспрымалася новым. Другая перашкода практычная. Цікавасць да паэзіі, на жаль, зменшылася. Толькі далёка не ўсе, хто бярэцца за паэтычнае пяро, усведамляюць гэта. Таму і з’яўляюцца «правільныя» вершы, у якіх паўтараюцца прапісныя ісціны незалежна ад таго, якая тэма закранаецца.
Рагнед Малахоўскі паспяхова пераадолеў гэты бар’ер, прайсці праз які па-сапраўднаму можа толькі той, хто, ведаючы сабе цану, на дробязі свой талент не разменьвае. Разумее, што сказаць штосьці новае — няпроста.
Пры гэтым не выратуе і рыфмаванне, хай сабе з пошукам арыгінальных рыфмаў. Верлібр таксама нічога значнага не дасць, калі не будзе закладзены той важны сэнс, які прымусіць чытача захапіцца сказаным, а вобразнасць, хай сабе і нечаканая, прагучыць натуральна, бо ўсё загадзя асэнсавана.
Не ведаю, як прыйшоў ён да такой высновы. Адкладваючы ўбок чарнавікі, якая з’яўляліся свайго роду загатоўкамі для будучых твораў, ці ўнутрана перажыўшы, асэнсаваўшы ўсё гэта.
Яму лепш ведаць. Чытачу важны гэты ўрок у той ступені, у якой ён прагучаў у чатырохрадкоўі «Лекі для душы»:
Паэзія! Няма найлепшых лекаў
Для стомленай душы
бяздушным векам.
Яна з мяне смяялася, але
Вучыла творцам быць і чалавекам.
Гэтая вучоба, як відаць з кнігі «Шлях слязы», шмат дала яму. Безумоўна, маючы на ўвазе найлепшыя творы, а іх пераважная большасць. Яны, як тое зерне, толькі паэтычнае. Аднак, як і ў любым зерні, калі добра прыглядзецца, можна заўважыць не толькі адборныя зярняты, але і жыціцу. Гэтым часцей грашаць раннія вершы. На першы погляд і не вельмі адчувальна, але пры ўважлівым чытанні гэта кідаецца ў вочы. Хоць бы такі прыклад…
У вершы «Нарач» цікавы вобраз «акраец дня заранкаю гарыць». Такое параўнанне магчыма пры здзіўляльнай назіральнасці. На яе здатны толькі сапраўдны паэт. Але гэта не значыць, што ўдалай вобразнай знаходкай трэба злоўжываць. Рагнед Малахоўскі, на жаль, спакусіўся. «Акраец» зноў з’явіўся ў вершы «Распятае каханне». Праўда, з наступленнем ночы: «а ночы акраец пад чарамі зор палымнее».
Аднак гаворка пра тыя набыткі, якія сведчаць аб высокім майстэрстве Малахоўскага-паэта. Пэўныя пралікі ў яго можна знайсці толькі пры надта прыдзірлівым пошуку. Дасягненні ж заўважаюцца адразу. Побач з «Распятым каханнем» стаіць верш «Расстанне», у якім, як відаць з назвы, лірычны герой расстаецца з той, якую пакахаў. У гэтым творы ўражвае навізной вобраз, які спалучае ў сабе два паняцці, па сваім змесце супрацьлеглыя. Але ў дадзены момант яны вельмі да месца, бо за імі і выяўляецца стан таго, хто перажыў няспраўджанае каханне, ад чаго застаўся боль у сэрцы і душы:
Сняжыначка кахання ледзянога
Слязінкаю прабегла па шчацэ.
А я стаю, тужлівы, ля парога,
Сціскаючы пярсцёнак у руцэ.
Холад адчужанасці ўзмацняецца дзякуючы ўдала падабраным эпітэтам. На першы погляд — яны шмат у чым звычайныя. Аднак гэта калі кожны браць паасобку. Пастаўленыя ж ледзь не адзін за адным, яны ўзмацняюць сэнс сказанага. З’яўляецца яшчэ большая эмацыянальная афарбоўка. У творы паўстае ўжо не проста «сцяжыначка кахання», а «лёгкія сцяжынкі», якія ператвараюцца ў «жыцця старонкі».
Знаёмячыся са «Шляхам слязы», неабавязкова чытаць старонку за старонкай. Лепш рабіць гэта, зазіраючы ў змест кнігі, запыняючы позірк на тых назвах, якія нечым прывабліваюць. Сярод іх і «Леапардавыя клёны». Дарэчы, на гэтым вершы я затрымаў увагу наўгад. Разгарнуў кніжку і… На папярэдняй старонцы ўбачыў верш «Слон і айфон». Прачытаўшы яго пазней, пераканаўся, што Рагнеду Малахоўскаму ўдаюцца і творы для дзяцей. Магчыма, трэба і далей працягваць пісаць у гэтым кірунку. Аднак у «дарослай» кніжцы падобны верш — чужароднае цела, а вось «Леапардавыя клёны» пачаў чытаць адразу.
Хапае высокіх слоў у ацэнцы створанага сучаснымі паэтамі. Толькі чамусьці пра «Леапардавыя клёны», здаецца, ніхто не пісаў. Дарэмна, бо гэты верш можна аднесці да ўзораў лірыкі Рагнеда Малахоўскага аб каханні. Быў ён напісаны ў 30-гадовым узросце. Прываблівае ўсё. Аднак найбольш — нечаканае параўнанне лістоты клёнаў са зверам, які на Беларусі не сустракаецца. Настолькі нечаканае, што «леапардавымі» дрэвамі хочацца не толькі любавацца, а і сфатаграфаваць іх. Між іншым Рагнед Малахоўскі — і фотамастак, у афармленні вокладкі кнігі «Шлях слязы» выкарыстаны адзін з яго здымкаў. Нечакана і тое, што ў сюжэтную канву твора ўводзіцца вобраз:
Заслаўе. Помніш адпачынак
дзіўны наш?
Там будавала восень са смугі калоны.
Ішлі праз ціхі парк і бачылі міраж —
Насустрач беглі леапардавыя клёны.І мы збянтэжаныя крок ступілі ўбок
І фотаздымак не зрабіць
не мелі права.
А клёны лісце з долу скручвалі
ў клубок
Пад пільным позіркам самога
Ізяслава.
І трэцяя нечаканасць — лірычны герой апавядае аб сваіх пачуццях да Ганны, якой прысвяціў твор. Нібыта і не шматслоўна сказана, але так шчыра, што бачна ўся праўдзівасць пачуццяў, якія ўзмацняе прысутнасць такіх дзіўных у гэтую асеннюю пару клёнаў.
Пасля гэтага так і хочацца вярнуцца да ранейшых вершаў паэта пра каханне, а іх у Рагнеда Малахоўскага шмат. Часцей прысвечаных «Н. Н». Адзін з іх — «Выпрабаванне часам» — прываблівае тым, што лірычны герой сапраўды праходзіць своеасаблівае выпрабаванне на любоў, каханне.
Аднак выпрабаванне часам — не толькі тое, што звязана з жыццём асабістым, у якім аўтар бачыцца адным з яркіх прадстаўнікоў сённяшняга пакалення саракагадовых, а і падагульненне сваіх творчых набыткаў. Калі назваць толькі самыя значныя, пра якія можна сказаць, што іх з напісаным іншымі паэтамі не зблытаеш, атрымаецца шмат. Гэта, апроч названых, «З забыцця», «Знясілены дождж», вялікія падборкі «Імпрэсій» і «Валуноў», «Адзінота», «Шустрыя вожыкі», «Шалік для горада»… Відавочна, што Рагнед Малахоўскі як паэт адбыўся. Як кажуць у такім выпадку, пачакаем новых твораў. Каб у іх, вобразна кажучы, сляза таксама была ў радасць.