Чарговы камінг аўт: я не чытала гэтай кнігі ў дзяцінстве. І цяпер, дарослая, здзіўляюся, чаму пэўная колькасць дзіцячай класікі была па-за маёй увагай. Пры тым, што я шмат чытала, хадзіла ў бібліятэку і сярод любімых мела ўрокі літаратуры.
📗 Але! Я радая, што прачытала кнігу ў выдатным беларускім перакладзе і дзівосным аздабленні. Прачытала разам з 8-гадовым сынам, які прасіў рабіць паўзы, каб разгледзець малюнкі, і згаджаўся слухаць нават удзень (а ўдзень у яго багата справаў, і маміна чытанне не ў прыярытэце).
👩🏼 Даротка жыве ў шэрым і плоскім Канзасе разам з цётачкай і дзядзькам. Аднойчы іхны дом, дзе ў той час былі толькі дзяўчынка і сабачка Татосік, падхоплівае вірхаслуп. Яны доўга лятуць і прызямляюцца ў маляўнічым краі. Даротка знаёміцца з мясцовымі жахарамі і адразу ж пачынае шукаць дарогу дадому. У сваіх пошуках яна сустракае саламянае пудзіла па імі Страшыдла, Жалезнага дрывасека (са сваёй кранальнай гісторыяй) і сарамлівага ільва. Вось такой кампаніяй яны і выпраўляюцца да ўладара краіны Оз – магутнага чараўніка Оза: каб здабыць мазгі для Страшыдлы, сэрца для дрывасека, смеласць для льва і шлях дадому для Дароткі. Іх будзе чакаць шмат прыгодаў і дзівосаў. Спойлерыць не буду (мо, хтосьці, як і я, не чытаў кнігу), але ўсё скончыцца добра.
✨ Мне спадабалася ў гэтай гісторыі ўсё: ад пяшчотнай, але адважнай Дароткі, да апошняй лятучай малпы. Шмат нечаканых паваротаў сюжэту, цікавых персанажаў, але заўсёды ёсць адчуванне, што ўсё будзе добра. Сэрца не падае ў пяткі, нават калі героі ідуць змагацца са злой вядзьмаркай ці на іх лятуць шалёныя мядзьвегры.
🎨 Я даўно і шчыра люблю ілюстрацыі Кацярыны Дубовік. І ў гэтым выданні яны не менш дзівосныя, чым звычайна. А нават больш. Часам я сама гартала наперад, каб пашукаць, ці хутка будзе наступная вялікая ілюстрацыя. Цяпер і назаўжды Даротка, дрывасек, Страшыдла і леў для мяне такія, якімі іх намалявала Кацярына.
❤️ Дужа раю ўсім-усім! І ў хатнюю бібліятэку, і ў падарункі харошым людзям. Надзвычайная кніжка атрымалася.
📖 “Чараўнік Краіны Оз”, Фрэнк Баўм. Выдавецтва “Тэхналогія”