Хлопчык Томчык. Сяргей Календа

Гэта 7 кароткіх гісторый з жыцця маленькага Томаса і яго сям’і – мамы, таты і старэйшага брата. Кніга дзвюхмоўная – беларуска-англійская.

👨🏼 Томчык гарэзлівы і цікаўны, з Томчыкам бывае няпроста. У іранічных ( месцамі – абсурдных) гісторыях я пазнавала сябе, а ў няўрымслівым Томчыку – сваіх дзяцей.

🏜️ З Томчыкам здараецца рознае. Напрыклад, сям’я прылятае ў Егіпет на адпачынак, а хлопец не ў гуморы, бо не спаў нармальна. Але спаць ён не хоча, а хоча гуляцца, аднак сілаў няма, бо не спаў. І ён плача. А яшчэ плача мама, плача тата, плачуць афіцыянты і турысты, крабы і медузы. Нават Неферціці на падарункавым кубачку плача, а Тутанхамон на папірусе глядзіць сурова і ледзь стрымлівае слёзы.

🛻 Томас віртуозна ўмее выбіраць машынкі, перабраўшы разам з таткам увесь асартымент цацачнай крамы. Любіць гуляць з мячамі на дварэ, і дома мае цэлы арсенал мячоў і мячыкаў, самыя дробныя з якіх надзейна хаваюцца пад бацькоўскім ложкам. Томчык гатовы ў любой лужыне і ручаіне пабачыць мора. Напрыканцы кнігі хлопчык едзе ў Вільню. У дарозе яму, вядома, становіцца нудна, і Томас плача, а пасля просіць марозіва, шакаладу, чупа-чупс, пажарную машыну, свінку Пэпу, Маланку Маккуіна. Але ледзь машына заязджае ў горад, Томас пачынае ўважліва яго вывучаць праз акно. Сонны, у кватэры, у якую трапляе першы раз, Томчык паведамляе, што ён дома, і засынае.

👨🏻 Я прапанавала пачытаць кнігу Захару і яму спадабалася. Сямігадовага тут чапляе не тое, пра што, а тое – як. Шматлікія паўторы, пералічванне ўсіх магчымых машынак, відавочнае перабольшванне (пад ложкам аказваецца 343 мячыкі-папрыгунчыкі) – гэта весела, гэта цікава!

– Мама, ну не можа быць столькі мячыкаў! – ускліквае Захар. – Не бывае такога!

А я звяртаю ўвагу на тое, што мячыкі лічыў Томчык, а ён мог гэта зрабіць “па-свойму”. І нагадваю пра даўняе Захаркава: 2+2=22.

🎨 Малюнкі ў кнізе дакладна адлюстроўваюць сюжэт, і гэта таксама ўпадабаў Захар: разглядаў машынкі і цешыўся, калі бачыў падобныя на свае, рагатаў з крабаў, якія плачуць, і ўдакладняў, ці сапраўды Томчык і тата выглядаюць так, як на малюнках.

kniznyja_razmovy


Кажуць, што пісьменнік піша не для некага. Прынамсі, калі піша “дарослае”. А вось што тычыцца дзяцей, тут, мяркую, нельга не бачыць перад  сабой тых маленькіх чытачоў, ці іх бацькоў, якія будуць чытаць дзецям напісанае тваё.

Канешне, пытанне спрэчнае, але мне падаецца, што калі маюць бацькі належны талент, то менавіта ў іх атрымаецца вельмі добрая кніга для дзетак. Бо ты напішаш тое, што хацеў бы сам пачытаць дзіцяці.

Сваю кнігу “Хлопчык Томчык” Сяргей Календа адмыслова пісаў для сына. Мне думаецца, не проста пісаў, але ствараў, бачачы яшчэ ў пачатку перад сабой тое, што павінна атрымацца ў фінале.

Як па мне, атрымалася цікава і годна. Весела і пазнавальна.

Аповеды  – простыя, адметнасці ў іх дзве. Першая: тэкст пададзены разбітым на кароткія кавалкі, быццам верш, у слупок. І чытаецца ўсё амаль што як верш, тут ёсць свой унутраны рытм, ствараецца настрой. Другая асаблівасць тэксту  – у шматлікіх пералічэннях нечага. Ці гэта самыя розныя людзі – і  тут (вось што самае галоўнае)  малюнкі такіх людзей. Ці гэта розныя мячыкі – і зноў малюнкі тых мячыкаў. Ці цацкі ў магазіне. Зрэшты, тут ілюстраваны ці не кожны радок.

Згадваючы сябе маладым і свайго малога сына, пазней – дачку, як чыталі і гарталі з імі кнігі, успамінаю пачуццё прыкрасці: як жа не ставала часам для гісторыі менавіта малюнкаў. І як добра было, калі яны знаходзіліся, калі малое, слухаючы другі ці трэці раз, з задавальненнем пераможна тыкала пальчыкам у малюнак: вось, я пазнала!

Цяпер гляджу на кнігу Сяргея Календы, і ажно туга бярэ: як жа не хапала такой, каб слухаючы, дзіця бачыла тое, пра што чуе. Праца аўтара з мастаком – на вышыні, а мастачцы Марыі Шэндзель – мая павага.

Тут павінен прызнацца: у мяне праблема з ацэнкай работы цяперашніх мастакоў. Малюнкі ў кнізе “Хлопчык Томчык” мне вельмі падабаюцца. Акуратнасцю, падабенствам да сапраўднага і адначасова “дзіцячасцю”, лёгкім прымітывам. Гэтыя я разумею, яны мяне цешаць, чаго не магу сказаць пра ўсе-усе іншыя. Можа, я занадта старамодны, і гэта мой грэх.

Вельмі простыя гісторыі пра хлопчыка, зусім яшчэ малога. І нават не гісторыі – усяго толькі выпадковыя дні. Але і ў такіх днях можна знайсці тое адметнае, што стане кнігай. Сяргей Календа знайшоў. Бо для дзіцяці кожны новы дзень – гісторыя. Вельмі важная.

Прыканцы яшчэ пра адну асаблівасць тэксту гэтай дзіцячай кнігі – яна білінгва. На кожнай старонцы два слупкі тэксту: адзін на беларускай, другі – тое ж – на англійскай мове.

Мне застаецца пашкадаваць, што пакуль такой кнігі ў мяне няма. А вельмі б хацелася пачытаць з унукам.

В.Г.

Пакінуць адказ