Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Валянцін Акудовіч

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Валянцін Акудовіч

БЕЛАРУСКІ  СІЗІФ У ЛЮСТРЫ ЧАСУ

Што трэба, каб мемуары цікава чыталіся? Каб аўтар быў адметнай асобай, меў багатую на падзеі біяграфію і здолеў гэтыя падзеі займальна апісаць. Здавалася б, простыя патрабаванні, але чамусьці большасць мемуараў беларускіх пісьменнікаў, якія даводзілася чытаць, — нецікавыя і нудныя як бухгалтарскія справаздачы. Ёсць нават такі жарт, што ў ранейшых пісьменнікаў была біяграфія, а ў цяперашніх – толькі бібліяграфія.

Першае ўражанне ад новай кнігі Валянціна Акудовіча (не хочацца называць яе апошняй) – гэта мемуары, якія чытаюцца з цікавасцю, а некаторыя фрагменты –  нават з захапленнем. Безумоўна, можна спрачацца наконт жанравай прыроды кнігі пад назвай  „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала”, аўтар сам называе яе і мемуарамі, і ўспамінамі, і хронікай, і нават эсэ. Найпрасцей сказаць, што гэта мемуары, напісаныя ў жанры эсэ, улюбёным жанры Акудовіча, у якім – паводле прызнання самога аўтара – ён толькі і ўмее пісаць і ў якім створаны ўсе ягоныя кнігі:  „Мяне няма. Роздум на руінах чалавека”, „Разбурыць Парыж”, „Дыялогі з Богам”, „Код адсутнасці”, „Архіпелаг Беларусь”, „Кніга пра Нішто”, „Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (у Акудовіча ёсць і біяграфія, і бібліяграфія). Насамрэч, новая кніга „беларускага прарока постмадэрнізму” і „хроснага бацькі Бум-Бам-Літу” – гэта досыць складаны па структуры і стракаты стылістычна тэкст (вядома, постмадэрністычны), у якім знайшлося месца і для біяграфічных успамінаў аўтара, і для ягоных ранейшых твораў у розных жанрах (у тым ліку, апавяданняў і вершаў), і для хронікі інтэлектуальнага і мастацкага жыцця Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў, і для партрэтаў знакавых постацяў беларускай культуры і навукі, для рэцэнзій Акудовіча на тэксты сяброў-паплечнікаў і для рэцэнзій сяброў-паплечнікаў на тэксты самога Акудовіча, для літаратурных маніфестаў „слупоў Бум-Бам-Літу” і для сачыненняў навучэнак Беларускага Калегіума (асабліва рэкамендую сачыненне Юлі Цімафеевай „Як я не пайшла ў Тыбет” і верш Марыйкі Мартысевіч „Ноч над Бяздонкай”)…

Калі для самога Акудовіча кніга „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала” – гэта, несумненна, падсумаванне пражытага і зробленага, то для неабазнанага чытача яна можа служыць уводзінамі ў Акудовіча, альбо ўвогуле ўводзінамі ў незалежную культуру і інтэлектуальнае мысленне Беларусі, дзе як у цудадзейнай пігулцы сабраныя найважнейшыя думкі і ідэі аўтара ў храналагічнай паслядоўнасці і эвалюцыйным развіцці ды яшчэ разам з аўтарскімі каментарамі-падказкамі і тлумачэннямі (напрыклад, забаўнае і запамінальнае тлумачэнне сутнасці постмадэрністычнага метаду). У гэтым сэнсе, новую кнігу Акудовіча можна ўспрымаць як белетрызаваную і істотна дапоўненую версію ягонай колішняй працы „Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю” (апублікавана ў 2004 г. у кнізе  „Разбурыць Парыж”), дапоўненую хрэстаматыйнымі цяпер ужо тэкстамі-прыкладамі, жыццёвым досведам аўтара і асэнсаваннем культурных падзеяў і працэсаў з дыяхранічнай перспектывы.

Калі задаць простае пытанне, пра што новая кніга Акудовіча, можна смела адказаць, што яна ў першую чаргу – пра самога Акудовіча (напэўна, аўтар, катэгарычна запярэчыць) і тым уласна цікавая. Прынамсі для мяне. Бо прасачыць і асэнсаваць жыццёвы і творчы шлях выбітнага беларускага мысляра, філосафа, пісьменніка – не абы якая інтэлектуальная прыгода. Тым больш, што аўтар піша пра сябе шчыра, з годнасцю і самаіроніяй адначасова, не намагаецца прыўкрасіць сваю біяграфію і схаваць непрывабныя факты („Я краў тры разы”). Ведаючы Акудовіча з сярэдзіны 80-х гадоў як таленавітага літаратурнага крытыка і сябра Леаніда Дранько-Майсюка, я нічога не ведаў пра ягонае дзяцінства, юнацтва, вучобу ў Літаратурным інстытуце. Таму ўразіў мяне (і, думаю, уразіць іншых чытачоў) наступны фрагмент з кнігі:

„Я паступаў вучыцца ў самыя розныя інстытуцыі 11 разоў. Першым быў Серпухаўскі тэхнікум электрасувязі, куды падлеткам паехаў з дзядзькам аж пад Маскву пасля восьмага класа. Потым чатыры разы паступаў у Мінскі палітэхнічны інстытут (на дзённае і завочнае аддзяленні). Затым – два разы ў Тэхналагічны інстытут. Яшчэ два разы – у БДУ (між іншым, на “філасофію” таксама). Перадапошні раз, відаць, можна было б абмінуць увагай, бо ў Інстытут сельскай механізацыі (ці як ён там называўся?) я падаў дакументы адно таму, што без такога падману мяне з працы не адпускалі ў горы… Карацей, куды б 10 разоў ні прасіўся вучыцца, мяне ўсюды не пускалі”.

Нечаканыя намаганні для будучага беларускага інтэлектуаліста! Не дзіўна, што лёс (аўтар называе яго Конам) не хацеў, каб Акудовіч стаў электрасувязістам, інжынерам, сельскім механізатарам ці нават шэраговым выкладчыкам філасофіі, але затое дазволіў хлопцу з правінцыйнага беларускага мястэчка паспяхова здаць экзамены ў маскоўскі Літаратурны Інстытут, дзе было 100 чалавек на месца. А пазней лёс (лёс, Кон ці сам Акудовіч) не захацеў, каб выпускнік Літінстытута застаўся працаваць у прэстыжным маскоўскім часопісе „Знамя” і вярнуў яго ў Беларусь, у Мінск, дзе ён цэлае дзесяцігоддзе не мог знайсці літаратурнай працы, годнай ягонаму таленту, уладкаваўшыся інструктарам  па турызме ў Доме піянераў. І хаця ў мінскім літаратурным асяроддзі 80-х гадоў многія ведалі Акудовіча як адметнага і ўдумлівага літаратурнага крытыка (публікацыі ў „Немане” і „Літаратуры і Мастацтве”), ягоны бліскучы шлях у літаратару і філасофію сапраўды пачаўся, як ён сам піша ў кнізе, у 1991 годзе з працы ў газеце „Культура”, дзякуючы сяброўскай пратэкцыі Леаніда Дранько-Майсюка і з лёгкай рукі галоўнага рэдактара газеты Вольгі Іпатавай, якая даверыла Акудовічу весці філасофска-культуралагічныя рубрыкі „Эліта”, „Суплёт ідэй”, а потым „блаславіла” і літаратурна-філасофскі сшытак „ЗНО”, які Акудовіч прыдумаў і рэдагаваў разам з Алесем Разанавым і Ігарам Бабковым, і праз які прайшлі дзесяткі маладых аўтараў: літаратараў, перакладчыкаў, навукоўцаў.

„На той час мне было ўжо трохі за сорак (а першую сваю кнігу Акудовіч апублікуе ва ўзросце 48 гадоў – С.К.). Як толькі што казаў, апошнія некалькі год факт маёй адсутнасці там, дзе я ўжо даўно мусіў быць, пачынаў пакрысе трывожыць. І тады я суцяшаў сябе самаробным афарызмам: маўляў, глыбокая рэчка цячэ паволі. А трохі пазней зразумеў: не мае значэння, рана ці позна ты прыходзіш, істотна іншае – аб’явіцца ў свой час, не з пустымі рукамі і там, дзе цябе чакаюць”.

Як пазней жартавала Вольга Іпатава, на працу ў „Культуру” яны ўзялі інструктара па турызме, а звальняўся ён вядомым культуролагам, філосафам, знакавай постаццю незалежнай культуры Беларусі. Няма сэнсу пераказваць далейшыя этапы творчага шляху Акудовіча, які падрабязна адлюстраваны ў кнізе і які быў не толькі ягоным асабістым шляхам, але і рэвалюцыйным працэсам станаўлення новай літаратуры і навага мыслення ў Беларусі: газета „Наша Ніва”, часопіс „Фрагменты”, часопіс „Крыніца”, Беларускі Калегіум і інш.

„Дарэчы, незалежная культура Беларусі – унікальны феномен. Насуперак уладам у яе прасторы былі створаныя шматлікія адукацыйныя, навуковыя, аналітычныя ды іншыя інстытуцыі, якія плённа працуюць ужо шмат год. Сюды ж далучым шэраг газет, часопісаў, альманахаў, выдавецтваў, асветніцкіх, літаратурных, інтэлектуальных ды іншых суполак, адно пералік якіх зойме невядома колькі месца. Тут упершыню паўстала і досыць ярка сябе праявіла беларускае нацыянальнае мысленне ўжо менавіта як мысленне”.

Узнаўляючы бурлівае літаратурнае і інтэлектуальнае жыццё Беларусі другой паловы 80-х гадоў ХХ – першых дзесяцігоддзяў ХХІ ст., якое ён параўноўвае з рамантычнай эпохай „буры і націску”, Акудовіч малюе ў кнізе партрэты многіх сяброў і паплечнікаў: пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў, выдаўцоў і рэдактараў незалежных газет і часопісаў, якіх ён (што праўда, не заўсёды ўцямна) падзяляе на дзве катэгорыі: дойлідаў і эгацэнтрыкаў. Таму на пытанне, пра што кніга  „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым…” можна адказаць і наступным чынам:  пра Валянціна Акудовіча, пра фенаменальны для аўтара і для ўсёй Беларусі час і пра герояў гэтага часуархітэктараў і будаўнікоў новай інтэлектуальна-мастацкай прасторы: Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова, Сяргея Дубаўца, Алеся Анціпенку, Барыса Пятровіча, Ігара Логвінава, Алеся Аркуша, Адама Глобуса, Міхала Анемпадыстава, Валерку Булгакава, Андрэя Хадановіча, Альгерда Бахарэвіча, Артура Клінава, Міхася Баярына і многіх іншых.

З героя кнігі Акудовіч  ахвотна ператвараецца ў сведку, які апісвае сваіх сяброў і калегаў з любоўю, разуменнем, удзячнасцю, але і з гумарам – таксама як і самога сябе. Гэтыя рухомыя партрэты – часам разгорнутыя на некалькі старонак, часам лаканічныя ў некалькіх абзацах – несумненная каштоўнасць кнігі. Калі кагосьці з чытачоў асобы Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Алеся Асташонка, цікавяць больш, чым асоба самога Акудовіча, – калі ласка, аўтар ахвотна ператвараецца ў сведку, выводзіць свайго героя на авансцэну і ўмее ахарактарызаваць яго каларытна і запамінальна:

„Паверце мне, у Разанава геніяльнае вуха. Разанаў чуе слова ў яго яшчэ вільготнай, трапяткой прааснове: можа быць, у вушных ракавінах Разанава (як у марскіх – мора) увесь час шуміць, пераліваючыся, магма тых першагукаў, з якіх потым і ўзнікаюць словы <…> Вялікі паэт бясспрэчным аўтарытэтам ідэальнага класіка надаваў нашай досыць авантурнай ідэі магчымасць сапраўднасці. Хаця што да менеджарскіх здольнасцяў, то Алесь Разанаў, пэўна, і сам не ведаў: ёсць яны ў яго ці няма? У нябёсах такім рэчам не вучаць, а ён адтуль не вылазіў”.

 

„У гэтым сэнсе ён (Алесь Асташонак – С.К.) абсалютна супрацьлеглы Анатолю Сысу. Пры тыпалагічным падабенстве бязладных жыццяў і неўпарадкаваных смерцяў, Анатоль Сыс пры жыцці вычарпаў свой творчы патэнцыял даастачы – і сышоў у невараць пусты, як цень. Цалкам інакш у Алеся Асташонка. Ён – суплёт бліскучых пачаткаў (у прозе, драматургіі, эсэістыцы, перакладзе), якія нідзе не спраўдзіліся напоўніцу”.

Калі пасля публікацыі кнігі Адама Глобуса „Сучаснікі” сябры і знаёмыя аўтара бралі ў рукі кнігу з надзеяй, што пра іх у кнізе нічога не напісана, то пасля публікацыі кнігі Акудовіча „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым…” многія знаёмыя, відаць, гартаюць кнігу з надзеяй:  ці напісаў аўтар нешта пра іх? Напэўна, Акудовіч баяўся кагосьці пакрыўдзіць, бо напрыканцы кніга ператвараецца ў галерэю вядомых постацяў і іхніх заслугаў перад беларускай культурай, што можна лічыць адзінай заганай гэтай унікальнай кнігі. Унікальнай, бо сур’ёзныя культуралагічныя разважанні пра метафізіку адсутнасці, прыроду постмадэрнізму, інтэлектуальную і эстэтычную абмежаванасць нацыяналізму перамяжоўваюцца ў ёй з дынамічным апісаннем падзеяў з жыцця аўтара і краіны, з імкненнем зразумець, а часам і апраўдаць людзей побач – беларускіх Сізіфаў, праца якіх не застанецца марнай.

Ад празмернага пафасу кнігу на сур’ёзную тэму (хроніка беларускага інтэлектуальнага жыцця на працягу чатырох дзесяцігоддзяў) ратуе іронія і гумар, уласцівыя Акудовічу і ў творчасці, і ў жыцці. З новай кнігі Акудовіча можна выбраць добрую жменю сакавітых літаратурных показак (напрыклад, пра тое, як знаныя беларускія філосафы выдавалі сябе за новасібірскіх клоунаў; пра тое, як беларускі паэт чытаў Гегеля; пра тое, як арганізатар “Філасофскіх вандровак” адчуў сябе барадатым і лысым Дыянісіям у атачэнні гурма німфаў і інш.).

Для прыкладу працытую гісторыю пра тое, як, паводле сведчання Акудовіча, узнікла назва часопіса навучэнак Беларускага Калегіума „Паміж”:

„Я тады працаваў у склепе турысцкага рыштунку кашталянам (як назваў маю „каморніцкую” пасаду Алесь Разанаў). Канец траўня, спякота на вуліцы, а ў мяне прахалода. Без спеху цырую чарговы намёт. З вясёлым смехам пад скляпенні спускаецца ладная гурма дзяўчат. З усіх тых кароценькіх спаднічак і сукенак, што на іх апранутыя, у XVII ст. якой-небудзь фрэйлен матэрыі не хапіла б нават на сподняе. – Паміж, – кажуць. Я сарамліва апускаю вочы долу і вінавата пытаюся: – А вы падумалі, што хлопцы будуць думаць? Яны рагочуць:  – Дык гэта ж цудоўна! Дадатковая рэклама”.

Напэўна, розных цікавых гісторый і здарэнняў у жыцці аўтара было значна больш, толькі частка з іх захавалася ў памяці і патрапіла ў кнігу. У прадмове Акудовіч папярэджвае чытача, што ён – чалавек без памяці („Не, сёе-тое з прамінулага памятаю, аднак не вельмі каб шмат, бо ўсё, што са мною адбылося, як бы адсланяецца ад мяне, робіцца не маім амаль адразу, на другі трэці дзень звальваецца ў нейкую глыбокую студню, дзе і ляжыць на дне покатам…”), а да таго ж ён не вёў дзённікаў, на якія мог бы абаперціся.

Напэўна, некаторыя старонкі хронікі хацелася б паправіць героям гэтай кнігі і проста чытачам, добра знаёмым з аўтарам. Мне, напрыклад, карціць запярэчыць сцвярджэнню Акудовіча, што ён ніколі не быў на пасяджэннях „Тутэйшых”, пра якіх адзываецца з вялікай павагай, адлічваючы ад іх дзейнасці пачатак новай незалежнай культуры Беларусі („Я да таго міфа не меў ніякага дачынення, паколькі, як і раней, заставаўся сам-насам у вартаўніцкіх катухах ці турысцкіх скляпеннях. Хаця з цікавасцю чытаў усё, што ўжо трохі дэмакратызаваная прэса пісала пра гэтых хлопцаў і дзяўчат. Між іншым, душою я таксама быў з імі і адразу б далучыўся дзейна, толькі ніхто не клікаў, а самому было сорамна напрошвацца”).

Дакладна памятаю, як у 1987 г. я аднойчы запрасіў Акудовіча на сустрэчу суполкі ў Доме Літаратара. Валянцін моўчкі прасядзеў дзве гадзіны, са здзіўленнем назіраючы  за нашымі бурлівымі спрэчкамі-сваркамі, у якіх рэй вялі Анатоль Сыс і Адам Глобус, і падзякаваўшы, пайшоў сабе дадому.

Больш на нашыя сустрэчы Акудовіч не завітваў (праўда, прыйшоў на Дзяды-1988, пра што падрабязна напісаў у кнізе), і я падумаў, што яму з намі, крыклівымі юнакамі, проста не цікава. Ён быў на 10-15 гадоў старэйшы за нас,  супрацоўнічаў, а, можа, нават сябраваў з Міхасём Стральцовым, пісаў пра Янку Брыля, Алеся Адамовіча…

Цяпер ведаю, што я памыляўся. Акудовіч не далучыўся да „Тутэйшых” не таму, што быў старэйшы за нас, а мы былі занадта крыклівыя і амбітныя. Хутчэй, наадварот. Проста не прыйшоў яшчэ ягоны час, не такі быў ягоны Кон. Акудовіч чакаў, калі з’явіцца „Бум-Бам-Літ”…

Сябра журы ПГ-24


 

Узяўшыся за гэтую кнігу, я зразумела, што вельмі даўно не чытала Акудовіча. Напэўна, больш за 10 год прайшло з моманту, калі брала ягоныя кнігі ў рукі. Але можа гэта і добра 😁 І зараз патлумачу – чаму.

📙 Аўтар на самым пачатку кажа, што будзе шмат карыстацца сваімі ўласнымі тэкстамі і цытаваць сам сябе. І калі б я чытала яго нядаўна, магчыма, гэта б успрымалася як самапаўторы. А так я з асалодай “паўтарыла” усяго Акудовіча 🙂

📝 Гэтая кніга – і мемуары, і штосьці значна большае. Партрэт эпохі? Хронікі паўставання беларускай (беларускамоўнай) філасофіі? Зборнік эсэ пра фармаванне сучаснага беларускага мыслення? Усё разам.

👌🏼 Пры гэтым кніга іранічная і нават гарэзлівая. У ёй шмат жыццёвых эпізодаў, цікавых назіранняў, выбітных персанажаў беларускае культурнае прасторы ў розных, не заўсёды салідных дэкарацыях. Стральцоў, Разанаў, Баршчэўскі, Бабкоў, Някляеў, Жбанкоў, Алексіевіч, Хадановіч, Анемпадыстаў і яшчэ багата, багата прозвішчаў сустракаюцца на старонках кнігі. Пра ўсіх Акудовіч распавядае з любоўю і павагай, але гэта не замінае яму журыць і нават крытыкаваць.

🤭 Так, рэктару ЕГУ Міхайлаву ён прыгадае выказванне пра непрыдатнасць беларускай мовы для філасофіі, бо ў ёй папросту няма “філасофскага слоўніку”, Жбанкову – параўнанне Хадановіча з Пушкіным, а Алексіевіч тое, што яна «толькі плаціла ў Мінску за кватэру, але яе астральнае цела без астачы месцілася ў разлогах рускай культуры».

✔️ Тут будзе шмат пра Бум-Бам-Літ, пра літаратурныя і філасофскія часопісы, якія давялося ствараць і рэдагаваць Акудовічу, пра Беларускі калегіюм. А яшчэ – пра беларускую мову і шкоднасць тарашкевіцы 🫣; пра Беларусь, якая для Акудовіча стаіць перад усім іншым; пра беларускі нацыяналізм…

❤️ Для мяне чытанне кнігі стала вялікай асалодаю, і таму я яе ўсім настойліваю раю. Дарэчы, зусім нядаўна яна выйшла ў аўдыё ў выкананні Змітра Бартосіка. І дадам, што кніга ў сёлетнім шорт-лісце прэміі Гедройця.


Валянцін Акудовіч ствараў мемы, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Галоўны ягоны мем “Мяне няма” жыве ўжо трэці дзясятак гадоў.

Так я падумаў, калі ўзяў у рукі кнігу “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”.

У новай кнізе Акудовіч застаецца верным сабе: ён зноў парадаксальны, афарыстычны і іранічны.

Але не забываймася, што перад намі кніга ўспамінаў. А гэта значыць, што чытача чакаюць шматлікія цытаты з ранейшых кніг, артыкулаў, эсэ і інтэрв’ю “філосафа, якога няма”. Ну і таксама цытаты з тэкстаў пра яго самога.

Мабыць, найбольш цікавая і эмацыйна насычаная частка ўспамінаў — пра 90-я гады. Час, калі дзеячы беларускай культуры, паводле Акудовіча, былі падобныя першым хрысціянам.

Пазней… Пазней ужо не тое — хоць да зор нібыта па-ранейшаму ляцелі ўсе разам, але перыядычна ўсё ж згадваюцца сваркі і звады. Што праўда, разбірацца ў праўдах і крыўдах аўтар успамінаў не імкнецца і сваю пазіцыю не агучвае.

Затое пра сябе піша даволі шчыра. Напрыклад, сумленна расказвае, як давёў да слёз дырэктарку Беларускага калегіюму Ірыну Дубянецкую.

Кніга “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” — добрая крыніца ведаў пра беларускую культурніцкую дзейнасць 90-х і “нулявых”. Праўда, будучым гісторыкам усё адно варта не забывацца, што ўсе мемуары — крыніца суб’ектыўная, таму патрабуюць верыфікацыі ў іншых.

Zmicier Dziadzienka


Не трэба баяцца Акудовіча…

Бо ж кожны сабака ў нашай літаратурнай слабодцы ведае, што Акудовіча няма. Дарэчы, а вось спытаеш: чаму няма? – і не пачуеш цямнага адказу. Акудовіча ж няма па той прычыне, па якой не можа ляцець страла Зянона. Здаецца, гэтак…

Чаму баяцца Акудовіча звычайныя людзі-чытачы, для якіх філасофія трошкі складаней за квантавую фізіку? Ды ж мабыць таму, што  кожны баіцца незразумелага. Таму, што спрачацца, адгукацца, захапляцца можна са зразумелым, на зразумелае, зразумелым. А што такое філосаф-літаратар Акудовіч? А во такое:

…ўзаконіць амбівалентнасць у якасці парадыгмы ўласнага лёсу. 3 апошняга вынікла магчымаснь асвойтваць геаграфію транснэндэнтнага, не ахвяруючы ўжытковым, і песціцца ва ўтульнасці жытла, не пазбягаючы скразнякоў астральнага бязмежжа.
І ўсё ж не будзем ідэалізаваць амбівалентнасць у якасці парадыгмы існавання. Дваістае прачытанне сябе, як падзеі быцця, пагражае непаўнатой прысутнасці і там і тут, тоіць небяспеку блытаніны ў прамежку паміж нелінейна рассунутымі скранямі і не выключае таго, што аднойчы дваістаснь абернецца раздвоенасцю, дзе кожная з супрацьлегласцяў гэтай раздвоенасці станецца асобным, але аднолькава чужым для паэта лёсам…

Гэты тэкст Валянцін Акудовіч сам змясціў у гэтую кнігу. Хай і з іншай нагоды, але я не змагу не скарыстаць магчымасць паэксплуатаваць  аўтара ў сваіх мэтах. Дык вось, далей Акудовіч піша, як чытаў гэтыя радкі Павел Якубовіч (той самы, ага), і весела рагатаў. І самому Акудовічу было весела. А праз нейкі час у тым жа кабінеце гэты тэкст чыталі два сур’ёзныя чалавекі, паводле пасад – інтэлігенты, інтэлектуалы. І яны гыгыкалі з тэкста.

І для Акудовіча тое было крыўдным.

Прывяду тлумачэнне аўтара першай сітуацыі:

Я павесяліўся разам з імі, бо іх смех быў не крыўдлівы – хутчэй наадварот. Гэтак з аднаго боку, а з другога, галоўны рэдактар “Савецкай Беларусі” і не мусіў разумець мае тэксты. У гонар яму было тое, што ён мог весела прызнацца ў гэтым. 3аакцэнтую, ключавым словам тут ёсць весела…

Цяпер вы разумееце, чаму не трэба баяцца Акудовіча-філосафа? Вы і не абавязаны разумець ягоныя тэксты. Ён сам так лічыць. Ён пакідае кожнаму чытачу выбар – і пры гэтым не называе дурнем таго, хто выбірае не разумець і не чытаць.

Ну, а крыўду Акудовіча ў другой сітуацыі, імаверна, вы адчулі. Калі чалавек гыгыкае з напісанага незразумелага, то справа не ў напісаным. І калі тое – кіраўнік дзяржаўнай установы, то “за дзяржаву абідна”.

Нельга зразумець філасофію настолькі, каб свабодна гутарыць у згаданым дыскурсе, адно прачытаўшы адну ці нават тры кнігі. Сам Акудовіч кажа так: ”Ён думаў, што варта змусіць сябе адкрыць філасофскую кнігу, і ты адразу зможаш яе чытаць, як кнігу прозы ці паэзіі”. І гэта не ўпіканне, а спачуванне ў тым выпадку.

Дык нахалеру нам увогуле такія тэксты ў літаратуры і каля літаратуры, калі іх нельга зразумець шараговаму чытачу?

А во пра гэта і кніга. Хаця, правільна будзе сказаць: і пра гэта. Не трэба баяцца: у гэтай кнізе не сустрэнуцца кавалкі, падобныя на той, што я прывёў напачатку. Так, тут будуць разважанні і высновы: каштоўныя, як на мой погляд, недзе нечаканыя, але праўдзівыя ўжо ў сваёй неверагоднасці і нават парадаксальнасці. Льга было б напісаць: кніга для масавага чытача, але не напішу. Бо кніга цікавая адно тым, каму баліць за літаратуру, за культуру ўвогуле, за краіну. Тым, хто хоча ведаць, чаму адбывалася тое, што адбылося, у чым сутнасць з’яў і змен у нашай літаратуры і нават што такое постмадэрнізм:

Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у “Буквары” быў такі сказ: “Мама мыла раму”. Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэты сказ і, да прыкладу, пішаш:
Мама любіць
Рамы мыць.
Тата любіць
Шыбы біць.

Гэта жартам, але далей Акудовіч вельмі хораша тлумачыць па прынцыпе ад простага да складанага, ды завяршае ў сваім стылі:

Дубавец аднойчы напісаў, што ён хацеў бы быць апошнім салдатам, што загіне за незалежнасць Бацькаўшчыны.
А я, постмадэрніст, хацеў бы быць ботамі таго салдата, якія сцягне з задраных ног марадзёр і пойдзе ў іх да бліжэйшай вёскі на танцы.

Такія вось яны, думаннікі…

Перад намі – нон-фікшн. Давайце нават набяромся нахабнасці і скажам: звычайны. І цяпер пастараемся бачыць перад сабой не тытана беларускай філасофскай думкі Акудовіча (якога яшчэ ж і няма!), а пісьменніка з прозвішчам Акудовіч, які быў, ёсць, і, выкажам спадзеў, яшчэ доўга будзе. Да таго ж, сам аўтар ускосна заклікае нас трымацца абранага рызыкоўнага шляху і ад пачатку кажа чытачу: не бойцеся інтэлектуалаў!  Гэта не загана і не заразная хвароба:

Інтэлектуалы таксама людзі, і нішто чалавечае іх не абмінае. У завею яны настаўляюць каўнер, у спякоту хаваюць нос пад брылём, зімой чакаюць Калядаў, а ўвесну – калі жанчыны распрануцца. Хаця, адрозна ад іншых, інтэлектуалы пры гэтым яшчэ думаюць “трохі пра вечнае” (Янка Брыль). Ну, не абавязкова пра ўласна вечнае, аднак прынамсі пра тое, што не ўбачыш вокам.

Ну, і вось такі інтэлектуал  (заўважу яшчэ: на сціпласць не хварэе) вырашыў напісаць кнігу:

Я толькі сыпану на старонкі гэтага друкапісу жменьку-другую персанальных успамінаў ды некалькі калектыўных рэфлексій, бо без апошніх якія гэта мемуары інтэлектуала.

Праўду кажу, можа падацца (асабліва ў пачатку кнігі), што аўтар нечакана для нашай скромніцы-літаратуры не прамінае згадаць выпадкі, калі яго хвалілі, як ён недзе нешта там рабіў сама першы, як рухаў і зрушваў…

Мне нешта муляе, неяк яно і няёмка, але я ўсё ж такі не стрымаюся…

апраўдваецца Акудовіч і прыводзіць які выпадак.

Мне б хацелася спыніцца на гэтым месцы крышку больш. Так, аўтар не саромеецца недзе сам сябе пахваліць. Пры ўсім, ён няспынна хваліць іншых. Ды, разважаючы пра рух “Бум-бам-літа”, называючы імёны, пералічваючы заслугі кожнага, Акудовіч раптам выдае нечаканае:

Дзеля вырашэння ўласных канцэптуальных задач літаратура абы каго не абірае.

Няхай тут і пазначаецца, што не абы каго, але пры ўсім – літаратура як з’ява, як стыхія сама выбірае – вось канцэптуальная (скарыстаемся слоўнікам аўтара) думка Акудовіча. Такім чынам, колькі б ён сам сябе ні хваліў (ці іншых), ён трымае ў галаве тэзу: не ты абраў – цябе абралі. (Я ж, асмялеўшы да скрайнасці, вазьму  ды дадам: літаратура не проста выбірае, але ў пэўны гістарычны час зацяжарвае і нараджае.) І калі звярнуць трошкі больш увагі на містычныя думкі-разважанні Акудовіча пра Лёс і Кон, то стане відавочным, што аўтар цалкам разумее сваю ролю, якую яго мэтаскіравана абралі граць на сцэне жыцця. Талент Актора – важны, але трымаем на ўвазе Рэжысёра. І ключаваое: абралі.

Урэшце, пакінем метафізіку, пакуль ёй не стала балюча ад нашай пачатковасці. Вернемся да аўтара.

Не трэба баяцца, прынамсі, гэтай кнігі Акудовіча, бо тут, скажам так, сінтэз аўтабіяграфічнасці з біяграфіяй літаратуры і літаратараў, трошкі філасофіі, колькі грамадскай гісторыі на сконе веку.

Акудовіч раскрывае свой багаты досціп, тонкае чуццё гумару, мяккую саркастычнасць – і розум сапраўднага інтэлектуала. Прывяду словы Андрэя Дудко з ягонага нядаўняга водгука  на іншую кнігу Валянціна Акудовіча:

У Акудовіча ж кожная думка — гатовы афарызм, ды і мова такая пекная, што варта вучыцца.

Так, яшчэ і мова. Больш за тое, асаблівая лёгкасць стылю гэтай кнігі дапаўняецца сапраўднай літаратурнасцю – тут, хай і не надта часта, але сустрэнеш дзівосныя метафары, прыгожыя параўнанні. Прыкладам:

быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на надмагільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары.

Калі вас трошкі напружвае філасафічнасць выказанай думкі, звярніце ўвагу адно на “шурпаты час”.

Яшчэ:

ягоныя лёгкія былі бітма набітыя смуродам эпохі.

А вось так пра літаратурны працэс 90-х гадоў мінулага стагоддзя:

Літаратар сёння свабодны, як ніколі раней, бо ведае, што за напісанае не атрымае ні ордэна, ні кватэры, ні турэмнага тэрміну ці якога яшчэ прыстойнага ганарару.

А вось шчырасць:

А потым мы падступіліся да распрацоўкі канцэпцыі. Збіраліся ўсім хаўрусам раз-пораз колькі месяцаў запар і ўсё распрацоўвалі, распрацоўвалі, распрацоўвалі, пакуль у Някляева каньяк не скончыўся. Хаця мы яго ашчаджалі.

Ніжэй маем той самы лёгкі сарказм і – нечаканую выснову:

Пакуль абмяркоўвалі, куды скіравацца, на вочы патрапіла кавярня з назвай “Воля”. Натуральна, такую кавярню мы не маглі прамінуць і спусціліся ў скляпенне. Месцы там былі, аднак каву гатавалі толькі распушчальную (як зазвычай, там, дзе ёсць воля, – там нічога вартага болей няма).

Пра якую б падзею ні пісаў Акудовіч, ён у кнізе ні разу не нэндза, хоць далёка і не зухаваты аптыміст. Ён бачыць жыццё трошкі іначай за іншых, у яго ёсць Лёс і Кон, у сапраўднай дзейнасці якіх ён асабіста для сябе пераканаўся (можа, пераканае каго і з чытачоў, мяне дык дакладна сагітаваў у сваю веру).

Асабліва каштоўнымі сталіся для мяне згадкі-разважанні-прызнанні аўтара пра мову. Помніцца, нядаўна ў ФБ было ці то спрэчка, ці то перапалка простая: дзе ж мова? Мо ў кодзе генетычным? І вось сустракаю адказ Акудовіча:

Хаця, як вядома, насамрэч мова месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага.

Вельмі добра сам памятаю тыя 90-ыя і “блёк рэклямы”, ад якога мяне скаланала ўсякі раз. Усцешыўся (я не адзін!), калі Акудовіч, згадваючы Асташонка і “адсутнасць скуры” ў апошняга, успамінае такое:

Неяк Алесь знік на некалькі дзён з рэдакцыі, а калі вярнуўся да справаў, дык патлумачыў, што ў адной незалежнай газеце пабачыў слова “клюб”, і, каб хоць неяк ператрываць гэткі здзек з мовы, у яго не заставалася іншага выйсця, акрамя як тэрмінова бегчы ў краму.

І – вывад самога Акудовіча адносна той хвалі “тарашкевізацыі”:

Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы”  ў народ бяспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіла не з канфлікту правапісаў “тарашкевіцы” і “наркамаўкі”.

Я прыводжу ўсе гэтыя цытаты, і хочацца прыводзіць яшчэ больш – моцныя ў сваёй аргументацыі думкі рассыпаныя па тэксце кнігі быццам бы незнарок, усе яны да месца ў расповедзе аўтара пра асобныя з’явы ў літаратуры і грамадстве таго часу. Аўтар быццам і не акцэнтуе залішне ўвагу на гэтых думках, але яны каштоўнымі каменьчыкамі самі зіхцяць у выштукаваным палатне тэксту. Вось як гэтая:

Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне беларус у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага – да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама па сабе ні пра што не кажа. Быць беларусам на Беларусі –гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага місіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудам, а для ўсіх астатніх – от такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова ў Беларусі ёсць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ – эстэтычным актам).

Ну а вось тут парадаксальнае:

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду.

Паўтаруся: усё гэта – ў плыні расказу (і цікавага, і жывога) пра падзеі, пачынанні і нават проста адзін нейкі дзень. Тут пра “Тутэйшых” і “Бум-бам-літ”,  пра ЗНО і “Крыніцу”…

А яшчэ – пра людзей. Дзясяткі імёнаў, дзясяткі асоб літпрацэсу таго часу. І пра ўсіх – з павагай, цеплынёй, з пералікам талентаў, асаблівасцей характару… Па шчырасці, многія літаратары раскрыліся для мяне ў іншым святле, да многіх асоб дадалося маёй павагі дзякуючы прачытанаму. Ну і галоўнае, што для мяне асабіста: я не проста пабачыў той самы працэс знутры, але зразумеў ягоную сутнасць (ці, прынамсі, ён стаў мне больш зразумелым).

Другая частка кнігі выглядае цяжэйшай, больш насычанай філасофскай думкай, складаней для успрымання. Але ж, наколькі я маю вопыту ў спробах чытання філасофскіх кніг, гэта ўласціва ўсім філосафам, гэта прарываецца міжволі і ў Акудовіча: ад простага, лёгкага для ўсведамлення, звяна аўтар кляпае свой ланцуг, зводзячы ў цябе ў нетры ўжо сапраўднай філасофскай думкі. Дзякуй аўтару, што ў гэтай кнізе заставаўся побач і не расціскаў рукі падтрымкі, тлумачачы па ходзе: на якой асіне і з якога боку спеюць яблыкі…

Трэба зазначыць яшчэ адзін момант: ці пра падзеі, ці пра людзей, аўтар глядзіць (і нам паказвае) з двух ракурсаў: асабіста-чалавечага і культурна-філасофскага. І робіць тое неўпрыкмет, не назойліва (зрэшты, мабыць жа, прафесійнае). Гэты сімбіёз дапамагае стварыць яркія вобразы, раскрыць характары асоб і паказаць нам падзеі ў поўнай іх глыбіні, дасягнуць сэнсу.

Што мне асабіста прыйшлося не па нораву. Не так і шмат, але адзначу.

Не люблю, калі аўтар і раз, і другі падчас свайго расказу устаўляе “Аб гэтым мы яшчэ пагаворым… аб гэтым падрабязна пазней…”. Гэта збівае дынаміку, наводзіць на думку аб хаатычнасці думак самога аўтара. Дый не заўсёды аўтар пасля згадвае, кшталту: “А вось цяпер больш падрабязна пра нашых чорных гусей…”

Другое: цытаванне і самацытаванне. Канешне, яно ўзбагачае аповед, няма чаго спрачацца, а без нечага і не абысціся. Але праблема яшчэ і ў тым, што, напрыклад, даўняе інтэрв’ю надта ж розніцца стылёва і ад таго падаецца чужым нарастам на дрэве тэксту.  Другое і больш важкае: не заўсёды ўсё цікавае, а нешта элементарна састарэла. Мне падаецца, мела б сэнс даваць не вялікія кавалкі, а выбраныя месцы, найбольш яскравыя, адметныя, якія б дапаўнялі выказаную раней думку, дапамаглі шырэй раскрыць з’яву.

Трэцяе, для мяне нечаканае, па шчырасці. Акудовіч згадвае дзясяткі імёнаў, аддае даніну не аднаму творцу. І не па адным сказе ці абзацы: разгорнута, шырока. Ён знаходзіць і паказвае адметныя якасці як старэйшых, прыкладам, Разанава, так і маладзейшых (Глобуса), маладых (Мартысевіч). Але… я не сустрэў пра Сыса. Так, згадкі пра паэта ёсць – у сувязі з расказам пра Асташонка, дзе аўтар падкрэслівае, што Сыс рэалізаваў сябе цалкам і “сышоў у невараць пусты, як цень”, успамінае Акудовіч і бойку сярод “Тутэйшых”, дзе фігуруе Сыс. І ў аповедзе пра 50-годдзе Разанава:

побач са мной чорт прынёс і пасадзіў Анатоля Сыса (ужо на падпітку).

І далей досыць непрыгожы эпізод з друзай крышталю і выштурхваннем Сыса за дзверы.

Мажліва, Сыс не ўпісаўся ў вызначаную для асвятлення ў кнізе канцэпцыю… Так, не постмадэрніст, наўрад ці можна і філасофска-інтэлектуальнай назваць ягоную паэзію (ці можна? Ці яна такая і ёсць?). Але тут я лаўлю аўтара на слове: “…для мяне абсалютна неістотныя эстэтычныя схільнасці ды прыхільнасці аўтара. Класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн, постмадэрн. Гэта ўсё адно – калі таленавітае”. Сыс – таленавіты. Ягоная асоба ў тыя гады, пра якія і піша аўтар, – з усіх асоб асобней. “Па колькасцi паэтычнай энергii на радок, падобна, яму саступяць i Купала, i Багдановiч” – так казаў пра Сыса Акудовіч. Канешне, не мне, як чытачу, указваць аўтару, пра каго пісаць у кнізе, каму лаўры, каму цярноўнік, каму лебяду. Ды ж раней у лекцыі для Беларускага Калегіюма Валянцін Акудовіч у пераліку іншых “межавых слупаў”, якiя “…ў агульнай прасторы беларускай лiтаратуры “выгарадзiлi” поле Новай лiтаратурнай сiтуацыi”, называе і Анатоля Сыса.

Маю “хацелку” можна разглядаць як прыдзірку, ды, шчыра кажу, мне ўсё ж у гэтай кнізе не хапіла менавіта Сыса. Вельмі не хапіла.

Але разам… кніга выдатная. Кніга разумная, цікавая, пазнавальная і навучальная (не павучальная, бо не павучае, а менавіта навучае). Амаль немагчымае для беларускай літаратуры спалучэнне, але яно адбылося. У ФБ я падтрымаў думку пра тое, што менавіта яна і заслугоўвае першае месца, бо самая адметная з усіх і самая…  глядзіце вышэй. Дык чаму б і не даць прэмію Гедройца Акудовічу – “За распрацоўку праекта, выраб і устаноўку помніка самому сабе, сваім сябрам-аднадумнікам і часу перамен”.

В. Г.

Пакінуць адказ