Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч

Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч

Ніколі не купляла кніг пра гарады. У мяне няма сэнтымэнтаў да незнаёмых мясьцін. Калі не падзяляеш эмоцый з аўтарам, а каб арыентавацца трэба ўвесь час заглядаць у мапу, ня варта й разгортваць падобную кнігу. (Але агулам мне пляваць на іншыя гарады.🫢)

Не знаю, якія з пачуцьцяў мяне ахоплівалі больш. Ці то жаданьне крычаць, ці то туга. Таму, каб не паглыбляцца ня ў вельмі прыемныя эмоцыі, вот караценькі сьпіс маіх думак.

💮З чым я дакладна не згодная – назва гараджан. Віцебляне, і няхай гэта раздражняе некаторых аб’ектаў. Мне ў задавальненьне.

💮Я таксама хадзіла ў мастацкую школу. Але мне вельмі падабалася, таму не падзяляю пачуцьцяў аўтаркі.

Шмат абавязковых мясьцін для плэнера, што згадваліся, мы не малявалі. А першая мастацкая школа лічылася у нас нікчэмнай. Быццам яны ўсе перамалёўвалі, а не тварылі.

💮Музэй воінам-інтэрнацыяналістам я бачыла. Яго складана не заўважыць, бо ля ўвахода стаіць вялічэзны чорны шар, які заўсёды прыцягваў маю ўвагу.

💮Шкадую, што ня бачыла стары дызайн вакзалу. Так сакавіта апісаны вітражы, што цяпер хочацца іх пабачыць.

💮Розныя ўражаньні ад помніку Альгерду. Ён мне заўсёды падабаўся. Такі статны, з арлом. Мо на паляваньне едзе. Таму прэтэнзіі (не аўтаркі) наконт недахопу мужнасьці ня зразумелыя. Хоць заўсёды здавалася, што не па статусе яму стаяць каля піўнухі. Нават калі яна носіць ягонае імя.

vasilisaloveyaoi


Люблю аўтафікшн, а калі пра дзяцінства, гарады, кніжачкі і з гумарам – ўвогуле 🔥. Менавіта такі “Сіні дом” Алены Пятровіч.

✨ Алена нарадзілася і сталела ў Віцебску, з’ехала адтуль пасля школы, паступіўшы ў БДУ. Гэтая кніга – ейны Віцебск, канца 80-х, усіх 90-х і першых гадоў 2000-х. Гэта не сістэматызаваная гісторыя горада, гэта ўспаміны, важныя месцы для аўтаркі. Гэта менавіта ейны горад.

👌🏻 Мае тры аргументы, каб прачытаць “Сіні дом”:

1️⃣ Вайб горада! Лакацыі (шмат якіх ужо няма), дрэвы, паветра, рака, вуліцы – бачыла, адчувала. Ну і ў мяне ёсць сведчанне сапраўдных віцебскіх, напрыклад @vadzimirz, што тут – “самы віцебскі вайб” 😎

🔍 Кнігу пры жаданні можна чытаць з мапай горада, але я чытала проста так. Я ўсяго двойчы была ў Віцебску, так што слаба ўяўляла, дзе і што знаходзіцца, але чытаць усё адно было кайфова. І пра віцебскія трамваі ( “трамвай – гэта адна з трох чарапах, на якіх стаіць наш горад”), і масты, і латгальскае барока, і крывы рабіны на плошчы Перамогі.

2️⃣ Гумар! У Алены ён такі, які са мной добра працуе. Мой улюбёны фрагмент – пра народныя казкі, якія доўгі час заставаліся яе comfort reading, але ў класе шостым мама ледзь не сілай забрала іх, сказаўшы, што досыць, дарослая. І прапанавала пачытаць больш адпаведных узросту  “Дзяцей Арбата” Рыбакова: “там цікава, пра рэпрэсіі 30-х у асяродку моладзі”.

3️⃣ Тут шмат літаратуры – розным бокам і ў розных кантэкстах. Я вельмі люблю такія кніжна-літаратурныя байкі (гл.папярэдні абзац 🤭). Фрагмент, які абудзіў мае ўласныя ўспаміны пра баўленне вольнага часу ў 90-я, – пра бібліятэку Казіка (якая насамрэч імя Броўкі, а хто такі Казік вы даведаецеся, калі прачытаеце). Аўтарка з сябрамі, набадзяўшыся па вуліцах, прыходзіла туды пачытаць часопіс “Бярозка” і парагатаць. Розных музычных узгадак тут таксама ёсць. І нават пра Славянскі базар будзе, але, магчыма, не так, як вы думаеце 😏

📘 Калі ведаеце кагосьці віцебскага – то трэба дарыць абавязкова! Але і не толькі ім: некалькі вечароў (альбо гадзін) прыемнага чытання амаль гарантаваныя.

kniznyja_razmovy.


“Сіні дом” — кніга прыватных успамінаў і адначасова — развітання з радзімай, але таксама гэта і даведнік па Віцебску, што грунтуецца на розных крыніцах — ад летапісаў да водгукаў у інтэрнэце. Хоць аўтарка яшчэ ў прадмове адзначае і некалькі разоў цягам далейшага тэксту акцэнтуе, што гэта “яе персанальная гісторыя”, “абсалютна суб’ектыўная гісторыя, што не прэтэндуе на ўніверсальную ісціну”, у творы чытачу прапануецца даволі паўнавартасны экскурс па Віцебску 90-х, яго галоўных славутасцях, адметнасцях гарадскога жыцця — з закідамі ў мінулае і ўяўную будучыню. Як прафесійная мовазнаўца, Алена разважае над усім вядомай баталіяй пра віцьбічоў-віцебчукоў-віцяблян, як чалавек, які цікавіцца гісторыяй і мастацтвам, звяртае ўвагу на мясцовыя помнікі, музеі і рэпертуар Коласаўскага тэатра, а як у недалёкім мінулым дзяўчына-падлетак — распавядае пра мясцовыя тусоўкі і канцэрты. Магчыма, часам у гэтым аповедзе вы адчуеце пэўную “віцебскую снобскасць” (раздзел “Славянскі базар”) — але беларускай літаратуры гэта не зашкодзіць, улічваючы, як шмат у ёй твораў ад імя гаротнага беларуса-селяніна.

Асабістаць гэтай кнігі ў спалучэнні са звесткамі з розных гуманітарных навук стварае цікавы мікс, у якім сплятаюцца акадэмічнасць, гумар, эмацыйнасць, паэзія і трапнасць назіраняў.

Як на мяне, галоўныя заслугі напісання і публікацыі “Сіняга дома” як мінімум тры.

Першая — у тым, што, гаворачы ад сябе, Алена насамрэч прамаўляе ад цэлага пакалення, пазбаўленага голасу. Пры гэтым яна свядома адмаўляецца ад выкшталцонай мастацкай мовы на карысць мовы мемаў і сацсетак, тым самым падкрэсліваючы сваю “народнасць” і імкненне да шчырай дыскусіі, у якой нараджаюцца жывыя думкі і выказваюцца неадцэнзураваныя меркаванні (тое, чаго так бракуе беларусам сёння).

Другая — кніга “Сіні дом” стварае вобраз Віцебска, альтэрнатыўны сённяшняму. Яна вяртае гэтаму “самаму рускаму гораду Беларусі” яго нацыянальнае аблічча. Магчыма, нехта палічыць асобныя месцы “Сіняга дома” надта празмерным ёрнічаннем з савецкага гераізму…

І трэцяя (у сучасным свеце гэта назавуць фемінісцкім пойнтам): кніга “Сіні дом” нарэшце прыносіць у беларускую літпрастору і легітымізуе той факт, што жанчына піша і выказваецца не толькі ў стылі “Да сябе пяшчотна”, але і пра палітыку, гісторыю, урбаністыку і наогул усё што заўгодна — у тым стылі, у якім ёй падабаецца — і гэта можа быць цікава і захапляльна. Памятаючы беларускую літаратуру з часоў “Прыгодаў Саламеі Пільштыновай” і “Мемуараў” Евы Фялінскай, я не магу прыгадаць ніводнай наратаркі, якая была б падобная да наратаркі “Сіняга дома” — і гэта як бы намякае, што ў наш час жанчыны-аўтаркі яшчэ не раз змогуць нас здзівіць.

Ад сябе я дадам, што мая гісторыя Віцебска — зусім іншая, нягледзячы на тое, што я пазнаю у тэксце ўсе лакацыі. Маім клубам была “Юла”, а не “Сава”, я бавіла час ў межах свайго раёна і цікавілася мала чым, што адбывалася за яго межамі, я чытала ў бібліятэках іншыя кніжкі і ніколі не ездзіла па маршруце 17-га аўтобуса. Але гэтая кніга дапамагла мне зірнуць на Віцебск па-новаму: усё раптам стала для мяне ў гэтым горадзе міфалагічным і рамантычным, усё рэабілітавалася і абаранілася ад абвінавачванняў у “прарасійскасці”, беднасці, змрочнасці і безвыходнасці гэтага месца. Я звярнула ўвагу на тыя мясціны, якія раней здаваліся проста нейтральнымі дэкарацыямі, дазналася, што, аказваецца, адзін з трох штыкоў хаваецца за іншы. Бо, нягледзячы на як быццам бязлітасны позірк аўтаркі, які імкнецца выкрыць у абліччы горада ўсякую фальш, яе мэтай з’яўляецца не зганьбіць Віцебск, а хутчэй, наадварот — страшна напісаць гэтае слова, але я напішу: увекавечыць.

Я мяркую, што гэтая кніга спадабаецца не ўсім. Я мяркую, што ў многіх могуць быць прэтэнзіі — і нават складана прадказаць, у якіх менавіта галінах. Аднак для мяне сам факт напісання і выдання гэтага твора пераважвае яго магчымыя мінусы ў прапорцыі прыкладна 100 да 0. Бо гэта вельмі смелы жанравы, стылявы і сэнсавы крок, які дае белліту зусім новую інтанацыю і новую гераіню. І галоўнае — гэта напраўду важны тэкст для пераасэнсавання сучаснымі беларусамі таго, хто яны такія і куды рухаюцца — хоць, здавалася б, гераіня ўсяго толькі распавядае пацешныя гісторыі з часоў школьнага навучання. Як той казаў, personal is political.

Марыя Лапо.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме