Сядзіба. Алесь Аркуш

Сядзіба. Алесь АркушКалі чытала «Сядзібу» Алеся Аркуша, пастаянна лавіла сябе на думцы: наколькі тонка ў нашым жыцці пераплятаюцца мінулае і сучаснасць. Мы жывём у дамах, ходзім па вуліцах, якія ўжо бачылі сотні лёсаў. Адусюль падыхае легендамі

Падаецца, што галоўны герой рамана не мае імя не выпадкова: мы ўсе, хто жыве тут і цяпер, быццам адзін герой. Кожны шукае свой кубак Стэфана Баторыя — нехта ў гісторыі, нехта ў мастацтве, нехта ў асабістых успамінах. Такі наш шлях: з таямніцамі, з блуканнем, з пошукам ісціны. Мы самі ствараем сабе легенды, каб было за што трымацца.

Містычнае сёння тлумачыцца драматычным учора. Беларусы заўсёды жылі ў атачэнні знакаў і сімвалаў і надавалі ім сэнс. Нашы продкі прыходзяць да нас на задушкі, а ў лясах, рэках і балотах жывуць розныя бажкі і духі. Нават ва ўзорах на вопратцы, посудзе людзі шукаюць знакі і сімвалы, у якіх захоўваецца вечнасць.

Нацыянальная рыса беларуса: умець прапускаць праз сябе час і не губляць цвярозасці. Уменне жыць і выжываць у безвыходнасці. Уменне быць стрыманымі, але шматсэнсоўнымі. Медытатыўнасць, шляхетнасць, здольнасць захоўваць баланс паміж сусветамі і рухацца ўнутры часу, які нібыта стаіць.

Наша спадчына — сядзіба ў вёсцы, дзе хаваецца подых мінулага. Тое, што робіць нас адметнымі.

📍Кніга ёсць і ў аўдыёзапісе, і ў друкаваным варыянце. Прачытана да летняга марафону #чытаемдадому ад @taja_kacia

chytaju_zlupaj.


Невялікі твор з невялікай інтрыгай. Полацак, стары дом з гісторыяй і ценямі. Лакальная дарагая аўтару тапаніміка. Раманчык-дэтэктыўчык у раманчыку з полацкім побытам і побытавай містыкай.

Даволі хутка атрымалася ўжыцца ў тэкст. Не як – мне апавядаюць гісторыю, а як – я гляджу гісторыю знутры, пражываю з героямі. З беларускімі аўтарамі так атрымліваецца не заўсёды (вінаватая штучнасць? змушанасць? мая нячуласць, вядома ж). Лічу здольнасць пасяліць мяне ў кнізе паказальнікам майстэрства пісьменніка. Хоць, напэўна, вельмі, вельмі суб’ектыўным паказальнікам.

Спадабалася дзяленне частак. Аўтар сапраўды адчувае дыханне тэксту, тэктанічную рытміку кампазіцыі: калі трэба спыніць думку, пакінуць недасказанае. Гэтыя фрагменцікі даволі лаканічныя, завершаныя (хоць лішніх, неістотных для сюжэту дэталяў хапае, мне, напрыклад, не вельмі цікава, дзе была якая крама ў Полацку). Некаторыя частачкі амаль бліскучыя па атмасферы, створаным настроі (пра сабачку, пра сабачку!).

А вось змест… Ну колькі ўжо ёсць беларускіх твораў, дзе так ці інакш шукаюць нейкі артэфакт, звязаны з велічнай гісторыяй Вялікага Княства (чуеце сарказм? не? а ён ёсць)… Гэта ўжо стала банальнасцю. І тое, што артэфакт у выніку робіцца недаступным і вабным – не спойлер, а штамп. Увогуле, здаецца, беларусы памяшаныя на тэмах скарбаў. І абавязковых зваротаў да мінулага.

Гістарычны дэтэктыў – мякка кажучы, неарыгінальны жанр для беларускай літаратуры. Але ў “Сядзібе” яшчэ і мала цікавы дэтэктыў з вельмі слабой інтрыгай (шчыра – без інтрыгі зусім). А містыку я ў прынцыпе не люблю. Такая ў мяне загана (іх у мяне процьма). Загадкавыя постаці і блікі мінулага можна было б прыняць. Але выгнанне барабашкі ў канцы… Ай…

Krysty-Krysty. 

Пакінуць адказ