Стрыжэ і піша. Сяргей Календа

Стрыжэ і піша. Сяргей Календа

Ну як застацца абыякавай да гісторый з працоўнага жыцця цырульніка, да якога я ўжо 1,5 гады хаджу сама і прыводжу сына? Аніяк. Асабліва калі перад тым, як прыйсці да Сяргея Календы як цырульніка, я ўжо прачытала некалькі ягоных кніг і ўвогуле ведала яго перш як літаратара.

📘 “Стрыжэ і піша” – шчырыя, а часам і даволі правакатыўныя гісторыі. Пра людзей, якія прыходзяць да Сяргея Календы стрыгчыся на працягу апошніх 20 гадоў. Але ў першую чаргу яны – пра самаго Сяргея. Пра ягоны цырульніцкі шлях – са старэйшых класаў школы, калі ён, скончыўшы курсы, стаў стрыгчы людзей, да цяперашняй працы ў Вільні. Пра працу на здымнай кватэры, пра цырульні з гаспадарамі і гаспадынямі рознай ступені адэкватнасці. Пра модныя паказы і пра салон пры вялікім гатэлі. Пра навучанні – і ў якасці студэнта, і ў якасці выкладчыка. Пра працу ў розных краінах. Пра форсмажоры і факапы. І розныя нестандартныя ўратаванні з безвыходных, падавалася б, сітуацый.

😎 Я неяк не задумвалася, якімі… эм-м, рознымі могуць быць людзі, што прыходзяць у цырульню. Не, я ведаю, што людзі розныя 😏, і сама мела пэўны досвед працы з людзьмі. Але Сяргей, відавочна, сабраў самыя сакавітыя і незвычайныя гісторыі са сваёй цырульніцкай біяграфіі. Такія, што часам хацелася прытрымліваць сківіцу рукой. Некаторыя гісторыя смешныя, некаторыя дзівакаватыя. Ёсць і даволі вусцішныя. Паміж імі – цырульніцкія прыкметы, забабоны, назіранні.

📚 Тое, што было тут пазнавальным, – аўтарская інтанацыя. Яна была такой і ў ранейшных кнігах пісьменніка, нават у яго дзіцячай кнізе “Хлопчык Томчык”. Пра любыя, няхай і самыя вычварныя, здарэнні Сяргей расказвае нейтральна, амаль абыякава. Пры тым, што адзначае, што пачырванеў ці разгубіўся.

📷 У кнігі незвычайнае афармленне. Ілюстрацыі для яе зробленыя з дапамогай штучнага інтэлекту. Падаліся мне крыху аднастайнымі, але выглядаюць запамінальна і ярка.

kniznyja_razmovy


Страшна сказаць: у той час, калі нашы касмічныя караблі баразнуюць касмічныя прасторы ў сённяшнім трэндзе жаночая і квір-літаратура, калі выдаўцы кажуць аб запатрабаванасці кніг “пра нас” (разумееце, пра што я), калі літаратурны бамонд абмяркоўвае аголенасць душ у целаў “смелай і новай” літаратуры, Сяргей Календа выдае кнігу, ну… дрындушак – невялічкіх апавяданняў, на адну-паўтары старонкі. На першы погляд, гэткія гісторыйкі, якія добра паслухаць дзе ў кампаніі за добрай чаркай кубкам кавы. Амаль анекдоты. Недзе цікавыя, недзе вясёлыя….

Можна сказаць так, канешне.

А мне адразу згадаўся некалішні ЖЖ. І вось такія гісторыі. Калі б той сэрвіс быў жывы, і Сяргей Календа размяшчаў свае запісы хай два разы на тыдзень – у яго быў бы рэальны поспех. Помніцца, не адна кніжачка выйшла на паперы вось такога ЖЖ-фармату – аўтары наўпрост збіралі і выдавалі свае ЖЖ-шныя запісы.

Так, фармат – той. Але сутнасць трошкі іншая.

Калі ў ЖЖ запісы былі найчасцей рэфылексіямі аўтараў над здарэннямі і падзеямі, то ў Сяргея Календы гэта амаль што погляд з боку.

Часам вельмі цікава атрымліваецца: вось аўтар удзельнічае на сцэне аповеду, ён і галоўны герой быццам, але ў той жа час мы амаль што не заўважаем ягонай ацэнкі. Ён выводзіць сам сябе за эмацыянальную мяжу падзеі, пакідаючы нас унутры яе.

І гэта нешта новае.

Канешне, недзе і слоўца, і два сваіх эмоцый аўтар устаўляе, але цалкам кніга – гэта запісы старонняга назіральніка. І гэта асабліва прываблівае прытым што аповед вядзецца ад першай асобы.

Другі момант. Большасць кароткіх аповедаў – канцэнтрацыя эмоцый і перажыванняў. Іх столькі, што льга б было разгарнуць тэкст на старонак наццаць. Да прыкладу, як у кароткім аповядзе пра подласць майстрыхі з замешваннем фарбы. Але гісторыі такія, якія ёсць. Фактаграфічныя. У некаторых наяўнасць пачуццёва-выбуховага рэчыва на адзінку моўнай абалонкі крытычная.

Гэта кніга каштоўная менавіта вось такімі згусткамі пачуццяў.  І калі чытачы чакаюць кніг “пра нас” – то вось яна. Бо ці не кожны самы кароткі аповед – гэта не проста гісторыя, гэта характар, асоба, якая раскрываецца праз трагічную, камічную, нечаканую сітуацыю. А яшчэ, канешне, гэта кніга пра прафесію, абраную справу, імкненне да майстэрства… Кніга пра шлях майстра? Мабыць, недзе і так. Бо ён тут ёсць, праз выраз, адзін-два сказы, праз абзац у розных гісторыях мы прасочваем гэтую няпростую пуцявіну ад баязліва вучня да майстра.

А яшчэ гэта пра любоў. Так, пра любоў да сваёй справы. І да людзей. Самых розных.

Сёння чытач сам робіць  ацэнку прачытанага, прычым, часцей не як можа, сыходзячы са свайго чытацкага вопыту і назапашаных ведаў пра літаратуру і пісьменства як такое, а як хоча (ці як падкажуць). Таму не стану спрачацца з тымі, хто скажа пра кнігу “лёгкае чытво” ці нешта ў падобным стылі. Ды яшчэ з улікам ілюстрацый, зробленых штучным інтэлектам.

Сяргей Календа дасягнуў таго ўзроўню майстэрства, калі расказанае ім можа успрымацца некім як кароткі анекдот, а некім – як прыпавесць. І ў гэтым мне бачыцца свая каштоўнасць кнігі. Якую прыемна было прачытаць у тым ліку і з-за дасканалай мовы, умення аўтара расказваць і расстаўляць лёгкія, ледзь заўважныя, акцэнты.

В. Г.

 

One thought on “Стрыжэ і піша. Сяргей Календа

Пакінуць адказ