Страшныя гісторыі для самых смелых. Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Страшныя гісторыі для самых смелых. Кацярына Хадасевіч-ЛісаваяКазкі для самых бясстрашных: Кацярына Хадасевіч-Лісавая знаёміць чытачоў  з жанрам «хорар»

Напэўна, у кожнага дарослага чалавека ёсць гісторыя з дзяцінства, звязаная з літаратурай ці кіно ў жанры «хорар»: калі цікавасць да містычных сюжэтаў перамагла над страхам і, нягледзячы на строгія забароны бацькоў, у рукі трапляла кніга пра зомбі ці фільм пра вампіраў. Аднак часта такое першае знаёмства з жахлівікамі адварочвае чытачоў ад жанру і становіцца вялікай перашкодай для цеснага знаёмства чалавека з таямніцамі твораў пад грыфам «хорар».

Між тым сёння гэтую праблему лёгка вырашаюць дзіцячыя пісьменнікі, чые жахлівікі не столькі пужаюць, колькі зацікаўліваюць яркімі вобразамі, глыбінёй і запамінальнасцю сюжэта. Канешне, падобныя творы не пазбаўлены жудасных нотак, ад якіх мароз па скуры, але для дзіцячай псіхікі яны больш бяспечныя.

«Страшныя гісторыі для самых смелых» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой убачылі свет у мінулым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда». У кнігу ўвайшлі шэсць апавяданняў, напоўненых містычнымі персанажамі славянскай міфалогіі і неверагоднымі падзеямі.

Тут юныя чытачы пазнаёмяцца з паданнямі невялічкіх беларускіх вёсак, міфічнымі істотамі, чыё аблічча выклікае марафон мурашак па спіне, цікавымі прыгодамі падлеткаў, якія раней ніколі не верылі ў чараўніцтва, пакуль не сустрэліся з ім сам-насам.

Кніга арыентавана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, таму нават самыя жудасныя, на першы погляд, гісторыі завяршаюцца хэпі-эндам. Пісьменніца не адмаўляецца ад думкі, што містыка існуе ў нашым, а не толькі выдуманым свеце, аднак падказвае чытачам спачатку арыентавацца на логіку і цвярозы розум, а не ісці на повадзе ў эмоцый.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая як сучасная дзіцячая пісьменніца размаўляе з дзецьмі на зразумелай ім мове, прапаноўвае цікавыя заданні і прыемныя літаратурныя падарункі, прывіваючы любоў да чытання з дапамогай сучасных метадаў. Такім падыходам могуць пахваліцца не ўсе пісьменнікі — многія ўсё ж такі застаюцца прыхільнікамі класікі. І гэта не дрэнна, бо традыцыйныя канцэпцыі — аснова любой літаратуры. Аднак сучаснае пакаленне дзяцей расце зусім у іншай рэальнасці: вялікая колькасць інфармацыі і пастаянны доступ да гаджэтаў фарміруюць іншы тып мыслення. Таму звычайнымі кніжкамі з мінімальнай колькасцю карцінак іх ужо не зацікавіць. Кацярына Хадасевіч-Лісавая спрабуе інтэграваць сучасныя тэндэнцыі ў традыцыйны падыход і, як можна ўбачыць па колькасці прыхільнікаў яе творчасці, робіць гэта паспяхова.

У кнізе «Страшныя гісторыі для самых смелых» юных чытачоў чакае квэст «Кажаны прыносяць сны» і цудоўныя размалёўкі ад мастачкі Дзіяны Бецун. Дарэчы, яе маляўнічыя ілюстрацыі ўпрыгожылі і старонкі выдання, надаючы міфічным вобразам асаблівую выразнасць і жывапісную глыбіню.

Лізавета Крупянькова.

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме