Калі кніг з рук аўтара апынулася ў маіх, я не мог не спытаць: “Чаму – Лошыца?” І ён адказаў проста: “Бо маё дзяцінства прайшло побач з ёй”.
Такія кнігі не робяцца шырокай з’явай сярод чытачоў. Больш за тое, у многіх яна не выкліча цікавасці, і ў тым, лічу я, няма вялікай бяды. Гэта кніга – для сваіх, для апантаных, для ўлюбёных…
…Са школы нас вучылі, што радзімы – дзве. Адна маленькая, з маленькай літары пішацца – гэта месца твайго нараджэння. Яго запісваюць у пашпарт. А другая радзіма – вялікая, з вялікай літары, ёй трэба ганарыцца.
Пра сувязі між вялікай і малой радзімай нам не тлумачылі. Іх быццам і не існавала. Не хочацца нешта банальнае пісаць зараз… Згадаю хіба пра той час у раёнцы, калі Алесь Зайка прынёс тры свае першыя заметкі пра першае ўпамінанне вёсак, нейкія гістарычныя факты пра іх, паходжанне назваў. Гэта быў пачатак выніку 40-гадовых пошукаў у архівах. Пасля публікацыі – шквал пісьмаў і званкоў. “А пра нашу вёску Алесь Зайка напіша?” Аўтар і сам здзівіўся той запатрабаванасці сваіх росшукаў. І выйшла кніга пра ўсе населеныя пункты раёна, умомант распрададзеная, а ў вёсках ставілі вялізныя валуны і мацавалі таблічкі з датай першага згадвання.
Аказваецца, маленькай радзімай таксама можна ганарыцца. Бо яна мае сваю гісторыю. І сувязь між вялікай радзімай і малой робіцца заўважнай: менавіта з малых гісторый ствараецца вялікая.
Няварта дзівіцца, што кніга пра Лошыцу будзе найперш цікавая тым, хто побач з Лошыцай вырас, каму яна вядомая дагэтуль. Але яе значэнне для ўсёй гісторыі і культуры краіны тое ж, якое мае звычайны валун у падножжы мура.
Тым больш, што Лошыца – асаблівае месца для Мінска. І для краіны ў цэлым.
Застаецца дадаць, што цалкам кніга створана паводле пісаных правіл, дзе біяграфічны даведнік –– на два дзясяткі старонак, указальнік імёнаў і спіс літаратуры на чатырох старонках.
В. Г.
Лошыцкая сядзіба – адзін з самых ўнікальных гісторыка-культурных аб’ектаў на мапе Мінска. Сядзібны парк, флігель і комплекс гаспадарчых пабудоў у атачэнні старадаўняга парка фарміруюць надзвычай атмасферны ансамбль, прасякнуты гісторыяй краіны і лёсам людзей, якія яе стваралі.
З Лошыцай звязаны імёны драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, кампазітара Станіслава Манюшкі, сусветна вядомага навукоўца Мікалая Вавілава і грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Да сядзібы маюць дачыненне прадстаўнікі сем’яў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх, Любанскіх і Кеневічаў, Чапскіх і Путкамераў, а таксама вялікая колькасць вядомых іншых грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў культуры і навукі.
Лошыцкая сядзіба ў кнізе Юрыя Кур’яновіча – не толькі гістарычны помнік, але і своеасаблівы «партал у часе», трапіўшы ў які можна апынуцца ў XVIII ці ХІХ стагоддзі, паблукаць па старадаўніх алеях, адчуць гукі дома часоў Прушынскіх і пазнаёміцца з людзьмі, якія гасцявалі ў маёнтку.
Чытачы змогуць пазнаёміцца і з гісторыяй Лошыцы па-за свецкага жыцця: у савецкія часы ў сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры і сфарміравалася беларуская селекцыйная навука, у часы Вялікай Айчыннай вайны ў доме месцілася рэзідэнцыя акупацыйных уладаў.
Асаблівая ўвага ў кнізе звернута і на музейную гісторыю Лошыцкай сядзібы. Пасля рэстаўрацыі, у красавіку 2015 г. у былой сядзібе Прушынскіх і Любанскіх пачаў працу музей «Лошыцкая сядзіба», а ў прысядзібным флігелі – доўгатэрміновы выставачны праект «Кола часу».
– Чатыры дзесяцігоддзі ў Лошыцы вялася навуковая праца, і пачыналася яна не на пустым месцы, – распавядае дырэктар Інстытута пладаводства Акадэміі навук Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Таранаў. – У часы Любанскіх у сядзібе вырошчваліся пладовыя і кветкавыя расліны, а курыраваў гэтую работу будучы акадэмік Васіль Пашкевіч, якога расейцы лічаць заснавальнікам свайго пладаводства. У самога Васіля Васільевіча сядзіба была ў Груцішках – за восем кіламетраў ад Койданава. Тут ён пачынаў сваю селекцыйнцую работу. Дзякуючы таму задзелу, які быў створаны ў Лошыцкай сядзібе да рэвалюцыі, Аляксей і Эма Сюбаравы ў 1932 годзе стварылі першыя беларускія віды чарэшні, якія ў 1950-ых гадах на выставах ВДНГ СССР атрымлівалі залатыя медалі. А іх паплечнік Анатоль Валузнёў стварыў цудоўныя гатункі чорных парэчак, адзін з якіх так і называецца – “лошыцкая”.
Чым цікавая Лошыца? Гэта традыцыі высокакультурнай сельскай гаспадаркі. Гэта гармонія паміж культурай, інжынерыяй і біялагічнымі навукамі. Я вельмі спадзяюся, што Лошыца адродзіцца як храм гармоніі. Каб тут была і навука, і практыка, і культура, і выхаванне. Я быў знаёмы з Валузневым. Гэта была выбітная творчая асоба. Ведаў я і іншых аграномаў, не такіх знакамітых. Але іх высокая культура, самаахвярнасць і патрыятызм – гэта прыклад для ўсёй моладзі.