Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе. Нявіннасьць. Макс Шчур

Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе. Макс Шчур

18+
“Падобна, такой шчырай кнігі ў айчыннай літаратуры яшчэ не было” – напісана пра кнігу.  Пра шчырасць тут лішне. Наўпрост: такой кнігі ў айчыннай літаратуры не было.

Няпроста складна напісаць пра кнігу, якая якраз разбурае ўсякую сістэму складу. Таму і мае думкі наконт яе будуць такімі ж бессістэмнымі, якія можна чытаць хоць з канца, хоць з сярэдзіны.

Маё знаёмства з творчасцю Шчура пачалося з невялікай кнігі “Рукапіс, знойдзены на папялішчы”. Ці спадабалася? Не магу сказаць. Бо гэта была мая першая кніга беларускага аўтара, якая была “не як усе”. Таму для мяне яе ацэнка выявілася немагчымай. Адно што я зразумеў: перада мной нешта новае і незвычайнае. Наста Кудасава пра гэтую кнігу выказалася так: “Шчур заўжды вельмі дасьціпны, іранічны і самаіранічны”. О так: досціп і іронія Шчура – ягоная візітная картка…

Макс Шчур… жывы прыклад таго, што губляе літаратар, “адрываючыся ад калектыву”.

Макс Шчур – жывы прыклад таго, што здольны зрабіць адзін таленавіты чалавек у літаратуры без “сяброўскай падтрымкі” розных СМІ і творчых суполак.

Гэта гледзячы з якога боку паглядзець на з’яву. А маем рэальна з’яву, бо Шчур – асоба ў літаратуры, якая здолела стварыць з нуля пэўны кірунак і развіць яго.

Што да гэтай кнігі… “Жыццё надта кароткае, каб чытаць чужыя ўспаміны” – кажа Шчур у гэтай кнізе і… прапануе мне пачытаць свае згадкі. Шкада, гэтыя радкі сустрэліся мне на 422 старонцы (з 436 усіх).  Былі б яны ў пачатку…

Не, я б усё адно чытаў.

Аўтара, канешне, можна лічыць снобам ва ўсіх сэнсах. На аўтара можна крыўдаваць, на яго можна злавацца. Аўтара можна нават ненавідзець. Урэшце, з аўтара можна дзе і пасміхвацца, маўляў, які геніяльны гэты хлопчык Шчур, ай-ай, а мы яго недаацэньваем, і міжволі згадаеш нядаўна прыведзеную ў сеціве цытату з кнігі Усевалада Сцебуракі: “Ад нараджэньня ён быў такі адораны, таленавіты і разумненькі, што далей яму заставалася толькі дэградаваць».

З аўтара (ягонай памяці) можна дзівіцца. На яго можна адшукаць процьму эпітэтаў, пачынаючы ад бяскрыўднага дзівака і ваяра з ветракамі.

З адным мусім пагадзіцца ў кожным разе: Шчур шчыры. Шчур таленавіты.

Тэкст у гэтай кнізе можа выклікаць раздражненне з-за многіх прычын. Прыкладам, усіх сваіх упадабаных дзяўчат аўтар параўноўвае з кіназоркамі. Так і чуецца: “Ага, дзівіся, колькіх я ведаю”. Прыкладам, бязмежнай колькасцю названых імёнаў літаратараў розных краін і часоў і прыведзеных цытат. Прыкладам, той жа колькасцю замежных слоўцаў без перакладу ў зносках (“Не ведаеш? Ну і хер з табой…”).

Тэкст можа злаваць сваёй неўпарадкаванасцю, якую мы так любім ва ўспамінах, адсутнасцю хоць нейкага аналізу падзей і ўчынкаў, спроб “дакапацца да каранёў”, што мы таксама звыкла чакаем.

Тэкст можа выбешваць, асабліва ў ацэнках канкрэтных літаратараў і кніг, з’яў і падзей.

Над тэкстам можна недзе паблажліва ўсміхнуцца.

З другім мусім пагадзіцца ў кожным разе: тэкст цікавы. Такі, што чытаючы, пачынаеш у нейкі момант адчуваць перанасычэнне чужымі думкамі і згадкамі, быццам аб’ядаючыся спелым белым налівам, урэшце адкладваеш кнігу, каб праз колькі часу адчуць згадаласць па гэтым роўным, без асаблівых падзей, аповедзе. І зноў адкрываеш кнігу. Тэкст, які зацягвае, як прагулянка па цёплым восеньскім лесе, дзе хапае самых розных грыбоў, як ранішняя рыбалка на беразе з вудай, калі і клюе добра, і бярэцца не горш. Тэкст чапляе, тэкст не пакідае абыякавым.

Тэкст таленавіты, выспелены з любоўю.

Мяне, ад пачатку ведання пра Макса Шчура, займала пытанне: чаму ж ён, па сутнасці, чалавек публічны, ды адзін? Чаму, пры бясспрэчнай наяўнасці таленту, ягонае імя практычна не гучыць, у той час калі імёны не больш таленавітых за яго несліся з кожнага праса? Чаму, урэшце, некаму гранты і падтрымка, а Шчуру – не?

Гэта кніга дае адказ.

Між свабодай і посьпехам я заўжды абіраў свабоду

Так кажа сам аўтар пра сябе.

Па гэтай прычыне, як пераконвае сам, ён цураўся ўсякіх звязаў, саюзаў і груповак, калі падрос і пачаў асэнсоўваць іх сутнасць. Вынік таго асэнсавання мае досыць важкае значэнне не толькі для аўтара, але і для ўсіх нас, таму прывяду вялікую цытату:

Адна з галоўных рысаў беларускіх літаратараў усіх пакаленьняў (за рэдкімі ганаровымі выключэньнямі) — хуцпа. Называць белае чорным, не міргаючы. Не фільтраваць базар. Не адчуваць за сябе сораму — ні «іспанскага», ніякага. Пізьдзець на «галубом глазу». Пра сябе і іншых. Але збольшага пра сябе. Яны гэта робяць на аўтамаце, можна нават сказаць — ненаўмысна. Я заўжды быў у ахуі ад гэтай іхнай звышздольнасьці. Напэўна, гэта зайздрасьць: мне часам бракуе гэтага таленту.

Зрэшты, гэта ў іх не ад добрага жыцьця. Бяз гэтай рысы, мяркую, «прабіцца» ў наскрозь таксічным літаратурным асяродзьдзі папросту нерэальна.

Мэйнстрымавы белліт сёньня ёсьць плёнам жыцьцядзейнасьці некалькіх менскіх друкаманаў, якія, пры ўсёй вонкавай эпатажнасьці і любові да бяскрыўднага папяровага «хуліганства», прывыклі ўспрымаць сябе надзвычай сур’ёзна. Праз гэта мне асабіста атмасфэра ў сучбелліце нагадвае ўсё тую ж занудную «Заранку».

Вядома ж, з гэтым можна спрачацца, зразумела, што якім бы талентам ні валодаў Макс Шчур, ён не можа быць ісцінай апошняй інстанцыі. Ягоныя словы адлюстроўваюць ягонае бачанне свету, якое, безумоўна, можа быць скажоным з-за адлегласці і пэўнай ізаляцыі.

Але Макс Шчур – дасціпны і не любіць спрачацца. Бескампраміснасць – чарговая ягоная візітоўка. Якім ён бывае іранічным, такім жа можа быць і з’едлівым, цынічным, бязлітасным у сваёй ацэнцы чаго б ці каго б ні было. Ці ў кнігах, ці ў жыцці.

Але ж, мае права, як і кожны з нас, быць такім, якім яму хочацца і якім наканавана быць.

Менавіта пра гэта і кніга: пра тое, якім чалавек мае права быць. Як становіцца такім. У кожным разе, мушу паўтарыцца: Макс Шчур – асоба, а асоба ў літаратуры стварае з’яву.

Я не цешу сябе думкай, што вось прыйдуць часы і нашы літаратуразнаўцы – цяперашнія вучні-пачаткоўцы – будуць вывучаць у тым ліку і абавязкова творчасць Макса Шчура, аналізаваць, раскладаць па паліцах, асэнсоўваць, вылічваць унёсак. Не, на нашых балотах кветкі кшталту Г.С. вырастаюць не так часта і густа, каб быць стоадсоткава ўпэўненым, што нічога вартага не будзе пахавана пад напластаваннем новых сучасных твораў, “запатрабаваных чытачамі”.

Літаратура – гэта трошкі не тое, што пішацца “на злобу дня”.  Бо мастацтва не ствараецца па замове.

P. S. Спадзяюся, у другой кнізе Макс Шчур страціць нявіннасць – і раскажа пра тое не менш захапляльна, чым пра першае цалаванне аголеных дзявочых грудзей.

В. Г.


Сёньня дачытала першую частку, і гэта дакладна было варта чаканьняў!

Адразу прашу прабачэньня, што пішу на “ты,” аднак пасьля такой тваёй споведзі на “Вы” ўжо зусім неяк недарэчна звяртацца. 😉

Кніга файная. Як толькі яе атрымала, у першы дзень так зачыталася, што апомнілася толькі а трох гадзін ранку, а такога са мной не было гадоў 20:)

Месцамі ажно было адчуваньне, што пісалася менавіта для мяне, быццам загадзя пра гэта напісаць папрасіла. Шмат успамінаў з дзяцінства ўзнялося, больш таго – падзей, каторыя дагэтуль ні разочку не ўзгадваліся. Ужо маўчу пра музыку, што пачынала граць у галаве, – успомніліся нават пахі (не толькі водар дзіцячага мыла, але і смурод вясковай прыбіральні), – а гэта асабліва дзіўна, бо апошнія гадЫ жыву зусім без адчуваньня пахаў (наступствы ковіду), і гэта натуральнае паскудзтва.

Карацей, сотні дробязяў, прыемных і не вельмі: I found it so easy to relate to those tiny little things..

Суперска напісаў, даўно так не пранімала!

Яшчэ адна класная штука, якую ўзяла для сябе з першай кнігі – тое, што стала лепей уяўляць, што можа рабіцца ў галаве майго сына-падлетка: таксама вельмі каштоўна, і асобная за гэта падзяка!

Дзякуй вялікі за годнае чытво, за шчырасьць, за тэрапію!

З павагай і захапленьнем, А.


Шчыры, правакацыйны і іранічны раман “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе. Кніга 1. Нявіннасьць” — аўтабіяграфічны вопыт паэта і перакладчыка Макса Шчура. Гэта кніга пра беларушчыну, савецкае дзяцінства, літаратурны андэрграўнд і пошукі сябе. Для дарослай аўдыторыі.

Кніга — белетрызаваная аўтабіяграфія. Сам аўтар вызначае жанр кнігі як «мэм-угáры». Ягоная спроба зразумець, чым ёсць само па сабе і як узнікае асобна ўзятае чалавечае «я», падаецца з уласцівым аўтару гумарам, часта на мяжы здзеку: не толькі з чытача, але і з сябе самога.

Дзеянне першай кнігі, «Нявіннасьць», пачынаецца ў 1910-м і заканчваецца ў 1994 годзе. Гісторыя сям’і беларускіх партызан і аргентынскіх рэпатрыянтаў, (не)савецкае дзяцінства, перабудова ў асобна ўзятай школе на ўскрайку Берасця, далучэнне да беларушчыны і паэзіі, удзел у Таварыстве беларускай мовы, літаратурны андэграўнд, стварэнне першага рок-гурта — усё гэта складае зьмест першай кнігі ўспамінаў.

Ніякіх падрабязнасцей, у тым ліку інтымных, аўтар ад чытачоў не хавае. Падобна, такой шчырай кнігі ў айчыннай літаратуры яшчэ не было!
З сеціва.

One thought on “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе. Нявіннасьць. Макс Шчур

Пакінуць адказ