Слёзы на вецер. Дар’я Бялькевіч

Дар’я БялькевічБеларуская паэзія – такая дзіўная штука, што можна быць вядомым паэтам з арміяй прыхільнікаў, часта выступаць на літаратурных мерапрыемствах, ладзіць творчыя вечары, але пры гэтым быць без друкаванай кнігі. Да нядаўняга часу так можна было сказаць і пра маладую і вельмі таленавітую паэтку Дар’ю Бялькевіч. Але сёлета ў чэрвені ўсё змянілася, і ў выдавецтве Янушкевіч у Дашы выйшаў дэбютны паэтычны зборнік “Слёзы на вецер”, у які ўвайшлі вершы, напісаныя за апошнія 5 гадоў.

Вядома ж, не ўсе, бо кніжка невялічкая, усяго 68 старонак, але гэта выдатны кніжна-папяровы старт для 28-гадовай паэткі. Праўда, яшчэ раз падкрэслю, што ў беларускай літаратуры Даша не навічок. І асабіста я вельмі радуюся, што цяпер яна мае кнігу. Бо я неаднаразова слухала вершы Дашы ў яе выкананні, і мне ўжо тады падабалася. Таму я пачынала чытаць кнігу з пэўным хваляваннем, бо – а раптам гэта эфект жывога выканання, і на паперы ўся магія знікне. Спойлер – не знікла 🙂

Даша, дарэчы, вядомая яшчэ і сваімі менеджарскімі здольнасцямі. Бо многія нашы цудоўныя літаратурныя імпрэзы і фестывалі, якія вы, магчыма, таксама наведвалі, каардынавала таксама Даша. Ну а яшчэ песні на яе вершы спяваюць некаторыя беларускія выканаўцы.

Як слушна заўважыў Андрэй Хадановіч у тэксце на вокладцы кнігі: “Даша Бялькевіч не заканчвала філфакаў, затое чытала паэзію і слухала жывых паэтаў”. І гэта не замінае ёй валодаць рыфмамі, рытмамі, метафарамі і іншымі літаратурнымі тропамі, каб вершамі як стрэламі трапляць у сэрцы. І вось маё параўнанне тут максімальна банальнае, але зборнік Дашы вельмі свежы і яркі.

Увогуле, найважнейшай для мяне рысай Дашынай паэзіі стала ўмелае абыходжанне са словам і гульня слоў. Мне нават не хочацца называць гэта словам “каламбур”, які хоць і літаратурны прыём, але цягне за сабой шэраг непатрэбных канатацый, якія да яго даўно прывязаліся. Каламбур як нейкі жарт.

Якія тут жарты, калі Даша піша пра сур’ёзнае і актуальнае, адгукаецца на палітычныя падзеі. Атрымліваецца зусім не смешна, але вельмі дасціпна.

Напрыклад, наступнае трохрадкоўе, якое можа вам ужо і сустракалася, ды вы не ведалі, што гэта Даша:

Працэс літаратурны –
літаратурмы,
літаратруны.

У дэбютным зборніку хапае такіх невялічкіх трапных кароценькіх вершаў, канцэнтравана эмацыянальна насычаных.

Не пішу пра каханне:
Яно – мярцвяк.
Пра яго або добра,
Або ніяк.

Падобныя вершы набываюць нават афарыстычную афарбоўку:

Найлепшы прыватны псіхолаг –
навігатар на польскай мове:
dalej prosto.

Я лічу, што маладую беларускую паэзію варта падтрымліваць, таму вельмі раю вам гэты зборнік. У мяне сёлета ён узначальвае спіс найлепшых прачытаных паэтычных кніг.

xbohx

 

Пакінуць адказ