Самота, што жыла ў пакоі насупраць. Вольга Гапеева

Самота, што жыла ў пакоі насупраць. Вольга Гапеева

Даўно паглядала на гэтую кнігу і нарэшце ўзяла пачытаць у @cytalnia. Водгукі пра яе чула розныя і была гатовая да ўсяго 🙃 Але з першых старонак кніга лёгка і прыемна чыталася, і я ўсцешылася.

✨ Яна мне нагадала кнігі Харукі Муракамі, якога я любіла і шмат чытала ў часы свайго першага студэнцтва. Да таго ж і пачынаецца “Самота” з японскіх эпізодаў. Гатэль, бібліятэка, гераіня, якая даследуе вулканы, таямнічая сяброўка, якая то з’яўляецца, то знікае, што ты да канца не ўпэўненая, ці існуе яна ўвогуле.

🧶 А потым іншыя героі, іншая прастора, але таксама штосьці кшталту гатэля, і таксама дзівакаватыя што гаспадар, што ягоныя пастаяльцы. Але і гэта яшчэ не ўсё, будзе трэці пласт… Тым не менш, японскі падаўся мне самым цікавым.

🤷🏻‍♀️ Хто ведае, якімі б былі мае ўражанні, калі б я прачытала кнігу адразу, за некалькі падыходаў… Але мне давялося зрабіць перапынак, і калі я да яе вярнулася прыблізна праз тыдзень, то магія знікла. Я даволі бадзёра дачытала кнігу, але без ранейшага зачаравання.

📘 Героі ўсіх пластоў кнігі ў выніку аказваюцца звязаныя, лёсы іх пераплеценыя. Але мне не хапіла глыбіні гэтай пераплеценасці ці тлумачэнняў, чаму яно менавіта так, а не інакш. Альбо – не хапіла загадкавасці, каб туману ў гісторыі было столькі, што ў ім увогуле магло быць што заўгодна з кім заўгодна.

✅ Я б сказала, што гэтая кніга добра пасуе, каб узяць яе ў падарожжа. Ці ў самалёт альбо цягнік. Калі табе няма на што пераключыцца, калі чытаеш кнігу за адзін падыход. Яна лёгка і хутка чытаецца, у тэксце дробнымі пацеркамі рассыпаныя цікавінкі: пра вулканы, пра жывёлаў і судачыненні з імі чалавека, пра аспекты чалавечай псіхалогіі і нават фізіялогіі. Будуць спасылкі на незвычайныя літаратурныя творы і аўтараў. То бок кнігу можна залічыць адначасова ў лёгкае і інтэлектуальнае чытанне. Магчыма, камусьці яна падастца нуднай (я ведаю асабіста двух такіх чалавек ☺️), але я занудзіцца не паспела.

👌🏻 Дадам, што кніга прыемная візуальна: мне спадабалася не толькі вокладка, але і шрыфт, і папера.

kniznyja_razmovy.


Кніга атрымала другое месца ў прэміі Гедройца-22 «за чароўнае запрашэнне чытача ў свет чалавечай годнасці, пералівістых думак і абэртонаў».


Ці звязаная схільнасць да меланхоліі са здольнасцю адчуваць прыгажосць і эмпатыю? Чаму самота — вырак сапраўды “чалавечнага” чалавека? Адсутнасць спачування да жывёл, адмаўленне жанчынам і рабам у правах — як ўсё гэта дзіўным чынам жыве ў адной душы і не знаходзіць месца ў іншай? Персанажы рамана Вольгі Гапеевай шукаюць адказу на пытанні, падарожнічаюць, уступаюць у стасункі, даследуюць паралельныя сусветы людзей, жывёлаў і вулканаў.

З анатацыі


Адна з найцудоўнейшых кніг, якія я прачытала ў апошні час. Ад складанага сюжэту, які прымушае ўвесь час думаць і падвяргаць свае думкі сумневам, да падабраных словаў і выразаў. Я ў захапленні. Я радая, што нарэшце знайшла такую аўтарку, як Вольгу Гапееву. Яе гульня з мовай і кампазіцыяй спадзяюся стане маім прыкладам у будучыні.

Valiantsina


Спачатку кніжка чыталася цяжкавата. Нейкая жанчына-сейсмолаг прызжае у Японію на канферэнцыю ці на нейкае іншае мерапрыемства. Там яна сустракае новую сяброўку. Спачатку свядомасць старанна чапляецца за сюжэт, каб не згубіць гэтую вельмі нязначную сцежку сюжэту.

Толькі бліжэй да сярэдзіны я для сябе прыйшоў да высновы, што сюжэт у гэтай кніжцы для мяне не настолькі важны і цікавы. Важней для мяне былі думкі галоўных герояў. Многія думкі адгукаліся ў мяне ўнутры вельмі прыемнай цеплынёю. Асабліва апошняя частка. Быццам бехераўкі выпіў.

*****

Слабасць мая ў стоме, яна цягне мяне да сябе ў ложак, дзе мы гадзінамі глядзім адна на адну.

Sasha Evsyuchenya

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме