Вось такая навіна: выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла з друку 30-ы том серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, які склалі творы празаіка Вячаслава Адамчыка. У кнігу ўвайшлі самы знакаміты раман аўтара “Чужая Бацькаўшчына” (1978), выбраныя апавяданні і дзённікі.
…Гавораць, кожнай эпосе – свае кнігі; што беларуская літаратура з яе стрыжнёвым “вайна-вёска” быццам аджыла сваё; што сёння час патрабуе новых форм, новай лексікі, новых тэм… Але ж гаварыць можна многае, ды ёсць веданне: над таленавітым час не мае ўладарання. І ніколі не састарэюць, не згубяць сваёй значнасці дзённікі, тым больш, шчырасці такога ўзроўню, які наўрад ці хто з аўтараў падобных змог пераадолець.
Ніжэй – два водгукі на прозу Вячаслава Адамчыка. Гэта – ад цяперашніх чытачоў, не прафесійных крытыкаў. Яны якраз і паказваюць сапраўдны ўзровень майстра і адказваюць на пытанне: ці трэба нам такія кнігі.
Калі я прачытала першае апавяданне Вячаслава Адамчыка, падумала, што нічога асаблівага ды яшчэ і мова цяжкая. На другім уцягнулася.
А трэццяе было “Дзікі голуб”… Выдатны прыклад, як у невялікім творы можна паказаць настолькі процілеглыя рысы чалавечай натуры. Ды яшчэ так пранізліва, што пачуцці нейкі час не адпускаюць. І ты ў думках вяртаешся зноў і зноў то да аднаго героя, то да другога.
А калі чытала “Аптэка №3”, пра старую Нямігу, у мяне чамусьці пачаліся успаміны пра іншыя мястэчкі Мінску: пр. Дзяржынскага, Розачку, Грушаўку. Якія яны былі раней, калі шмат дзе тырчэлі драўляныя хаткі ды баракі.
Гэтак жа і яго вясковыя апавяданні: я успамінала бабуліну вёску.
Дзіўны аўтар: нібы падключае к нейкай агульнай памяці. Як у апавяданні “На тутэйшай зямлі”: “Трохі з сябе, трохі ад людзей запісаў”…
Кніга з аксюмаранам у назве
У творы адразу заўважныя асаблівасці жыцця заходнебеларускай вёскі перад вайной. Сялянам не забараняецца верыць: стары крыж з новым белым ручніком вакол абраза ля вёскі, абраз у куце Алесінай хаты. Такія ж крыжы да гэатага часу стаяць і ў маёй каталіцкай вёсцы Суцькі, адкуль бацька родам, а Вілейскі раён таксама да вайны падпадаў пад апалячаную Заходнюю Беларусь.
У хрысціян у творы Вячаслава Адамчыка (Алеся была каталічкай) усё ж застаюцца язычніцкія погляды на свет – нехта сурочыў Алесю ў маладосці з дапамогай жабы і ржавай іголкі, бо яна была прыгожай і вабіла многіх аднавяскоўцаў. Хварэла, ссохла і, каб пазбавіцца гэтага, трэба было зацяжарыць, а ад мужа Мондры, які памёр пасля таго, як рассек у лесе нагу і захварэў, дзяцей раней не хацела, бо не кахала яго (навад выкідыш зрабіла на сёмым месяцы).
Магчыма, ужо ў назве аўтар падкрэслівае, што жыхары “ўсходніх крэсаў” і не ўсведамляюць сябе беларусамі, а калі б і хацелі імі звацца, то нешта ім перашкаджае. Бацькаўшчына застаецца чужой, хоць Міця спрабуе выпісваць беларускія газеты з Вільна, а маці Імполя працуе на асадніка: “…адсюль, з Польшчы, спрабавала даведацца пра бацьку, які хварэў на гішпанку ў Бугуруслане і прапаў”.
Часта радзіма называецца Польшчай, але ў гэтай гісторыі цікавы і прыём рэтраспекцыі, як выкарыстоўвае Вячаслаў Адамчык, каб вярнуцца ў мінулае, тым самым парушыўшы супадзенне фабулы і сюжэту ў творы, пра што яшчэ Арыстоцель пісаў. У слоўніку твора таксама шмат назваў польскамоўных: гмін – воласць, пастарунак – паліцэйскі ўчастак.
Нездарма стары Корсак кажа, што “нейкую Беларусь шукаюць. А я кажу – бог адзін і цар адзін”. Тутэйшыя людзі шукаюць вызначэня, хто ж яны, і ў кожнага свая думка. “Бог адзін, але людзі неаднолькавыя ў яго,” – кажа Міця. Свае думкі і наконт заваёўнікаў. Корсак лічыць, што немец лепшы быў за асадніка-паляка: “Паляк такі ж самы галадранец і абібок, як і наш чалавек. А немец – не!”
Акрамя таго, В.Адамчык смела ў параўнанні з аўтарамі 70-х закранае інтымную тэму, хаця і не так адкрыта, як сучасныя пісьменнікі.
Да маладых дзяўчат яго не цягнула, саромеўся каму-небудзь прызнацца, што падабаюцца маладзіцы, налітыя сокам, шырокія ў сцёгнах, якія ўжо нарадзілі дзяцей і спазналі смак мужчыны.
Калі вы любіце байкі, то кніга таксама для вас. Згадаць хаця б байку старога малацільшчыка Ладзіміра пра прывід чараўніка Кузюка і каваля Мазуру, які яго бачыў і ледзь не ўтапіўся.
Я жаніўся ў мясаед – Мне было сямнаццаць лет.
Гэтую песню спяваў Яўхім, пра смерць якога згадвае Міця. Першага зарэзаў цягнік, бо ён працаваў абходчыкам. Мне здаецца, гэта аўтарам было зроблена спецыяльна, бо праводзіцца думка, як навукова-тэхнічная рэвалюцыя забівае ўсё ў чалавеку. Паказана гэтае меркаванне таксама праз апісанне прыроды, як і многія думкі аўтара.
Няўжо ўсё без усялякага следу гіне на свеце, як загінулі старыя вольхі, дзе цяпер засталіся толькі ружаватыя, зрэзаныя скоса пні. І гэтыя пні счарнеюць, зарастуць травой, і іх пачнуць тачыць мурашы, а затым тут пойдзе расці малады алешнік.
На самой справе раман “Чужая бацькаўшчына” мае працяг, бо гэта цэлая эпапея. У наступных творах Міця трапіць у турму (так, напрыклад, Максім Танк у дзённіках адзначае, што тых, хто прывёў да аб’яднання Заходнюю і Савецкую Беларусі, адсунулі ў бок і нават падазрона ставіліся да заходнебеларускіх камуністаў), звар’яцелая Алеся мае моцны характар, каб забіць свякроў і залоўку Еўку (гэта ў нашым рамане яна толькі дзіця забівае, быццам тая ялавіца-карова, якая не целіцца), Хрысця чакае дзіця ад Імполя, апісваецца вайна… Апісваецца звышнатуральна: у жанчын крывыя зубы, барадаўкі і інш. Хрысця, як праведніца, дапамагае яўрэю, які прыняў яе ў Дварчанах, калі тую выгнаў стары Улас. Немцы забіваюць Хрысцю за сувязь з партызанамі, якую аўтар адкрыта не паказвае….
Тэкст В.Адамчыка адсылае да твораў Л.Талстога і Ф.Дастаеўскага. Напрыклад, Алеся ў наступных раманах пойдзе кідацца пад цягнік, але яе затрымаюць. Але не буду спойлерыць наступныя раманы, а раптам вы асіліце іх прачытаць самі. Прыемнага чытання!

