Пятая прэмія “Добры Слімак” – у Ігара Бабкова

З чым мы шчыра віншуем творцу і зычым здароўя, плёну і нязгаснай веры ў добрую сілу чалавечай думкі.

Гэты разам слімак з рук майстра-разьбяра па дрэве Уладзіміра Буракова, прыхапіўшы колькі рысаў Будды, увасобіў у сабе метафізічнасць сусвету і метафарычнасць тэксту, абапіраючыся на класікаў нашай літаратуры.

Як мы дапаўзлі да гэтага? Бо дапоўненае перавыданне “Адама Клакоцкага” сапраўды нельга было не заўважыць, у цяперашні час інфармацыйнага панавання мейнстрымных твораў і трэндавых тэм проза Ігара Бабкова – кропка апоры для існавання сапраўднага. Ну, а ягоныя вечары ў музеі Багдановіча, дзе раскрывалася метафізіка твораў Купалы, Багдановіча і іншых, для многіх сталіся адкрыццём.

Шчыра дзякуем Ігару Бабкову за сустрэчу і надзвычай шчырую, змястоўную сяброўскую гутарку. Далібог, пасля такіх сустрэч неба ўзнімаецца крышачку вышай.

на ніжнім здымку: майстар-разьбяр Уладзімір Буракоў, аўтар праекту Валеры Гапееў, наш лаўрэат, пісьменнік, філосаф Ігар Бабкоў.

 

Пакінуць адказ