Псіхараман. Язэп Гніль

Псіхараман. Язэп ГнільМне сказалі, што гэта – андэграўнд. Канешне, я ўзяўся чытаць, бо чаго-чаго, а беларускага андэграўнду не чытаў. Паралельна я шукаў усякае рознае пра андэграўнд – што ім ёсць і чаму. Начытаўся да той ступені, што сёння беларускім андэграўндам можна абвясціць нават мае дзве апошнія кнігі. Ну, тое перабольшванне трошкі, але затое я ўпэўніўся, што “Псіхараман” – насамрэч андэграўнд.

Многія выхаваныя традыцыяналізмам чытачы назавуць прачытанае мной трызненнем вар’ята. Улічваючы той факт, што аўтар сусветнавядомай казкі пра вядомую дзяўчынку запісваў ейныя прыгоды пад добрай дозай пэўных рэчываў, сам стаўлюся і прашу іншых ставіцца да такіх трызненняў з вялікай павагай.

Прабачце, мушу сур’ёна заўважыць, маючы пэўны досвед: трызненні таго ж шызафрэніка маюць пад сабой настолькі выкшталцоную структуру, што не кожны пісьменнік і прыдумае. Я да таго, што трызненне, якое б было цікава некаму яшчэ, крамя самога аўтара – мастацтва. Нездарма добры пісьменнік, які мусіць у сваю свядомасць умяшчаць ў адзіны момант дзве-тры-чатыры асобы і уяўны свет, павінен быць трошкі шызафрэнікам. Урэшце, магчымасць мысліць вобразна ўжо нечым хвароба. Дарэчы, аўтар гэтага тэксту для трызнення скарыстоўвае новае слоўца – трып, стан змянення свядомасці ад пэўных рэчываў. (Прызнаюся, мне давялося не адзін раз зазіраць у Гугл у пошуках пэўных сэнсаў.)

Пакрысе (калі пачаў чытаць усё запар, без выбару) маё разуменне мастацкай літаратуры перастала мацавацца на сюжэце, героях, завязках-кульмінацыях-развязках і іншых і прочых класічных падпорак сацрэалізму. Думка аб тым, што літаратура ў першую чаргу гэта стыль, загучала ўсё мацней, пакуль канчаткова не выйшла на ўзровень вызначальнага фактару. Да стылю, канешне, дадаецца аўтаматам уменне карыстацца словам, збіраць са слоў сказы і абзацы, фарміраваць прастору і думку. Якую ты мусіш разумець. Ці разгадаць.

Паўтаруся ў раней напісаным недзе ў ФБ. Ёсць у нас аўтар, В.П. Атрыманымі лаўрэацкімі граматамі і дыпломамі яму б можна было заклеіць хату, як шпалерамі. Ягоныя кнігі выдаюцца ў серыях, яны выходзяць у прыгожых вокладках, карэньчыкі якіх ідэальна б пасавалі да савецкіх “сценак”. Дык вось, гэтага аўтара я пачынаў чытаць разоў з пяць, розныя творы. Усё ніяк не мог зразумець: чаму мне “не заходзіць”. У афіцыйнай літаратуры ён – мэтр, амаль класік. Абяцаюць дэтэктыўныя загадкі, псіхалагічныя двубоі, прыгоды… А я не магу прачытаць дзесяць старонак. Мёртва! Сапраўдная мярцвячына, і таго, што павінна ўзнікнуць ад складання літар у радок – свету аўтара – не ўзнікае. Ну, не адчуваю я нічога!

У такім выпадку неяк на сябе глядзіш падазрона: можа, ты глухі да літаратуры? Але чапляюся за сваю свядомасць і набыты вопыт і кажу сам сабе страшнае (бо ж выношу прысуд): кінь спробы зразумець графамана. Нельга іначай зразумець стол – ён проста стол.

Пісхараман – гэта стыль. Гэта нешта жывое, што пульсуе ў скронях, што адчуваеш сам, што зацягвае. Зараз прывяду кавалак, буду чакаць, як нехта з чытачак (так ужо было) усклікне кшталту: “А я такога гаўна чытаць не буду!”. Ды калі ласачка, чытайце дабро ад В.П. і іншых “класікаў” СПБ.

Галава баліць кожны раз па-рознаму, быццам ты прыходзіш на рынак, стаіш, размаўляеш з прадаўцом і дамаўляешся, гатовы стаць на калені, бы толькі твой боль уняўся, ну ці скіньце ну хаця бы паўдзялення ўніверсальнай шкалы галаўных боляў. Бо галаўны боль гэта рынак. Галаўны боль не перадаецца па спадчыне, галаўны боль узнікае па прычыне. Калі трэба паказытаць сваё эга — прыдумаць, чым адметны я сёння, які ў мяне недахоп, які сёння вісіць, як дэкарацыя на маім целе, ну ці калі гэты недахоп нарэшце стрэліць, каб працягнуць і без таго паскудны сюжэт далей па рэйках, як вослік цягне вазок (сюжэцік пакуль што варты хіба што малога воза, нікчэмнага чарпачку ну ніяк не малой мядзведзіцы (усё вышэй пералічанае перадае парахавы-узрушаючы чалом Альдэбарану, свайму пакутліваму суседу, які кожнага раза, як я яго ўзгадваю, выскоквае з турмы дваяка-каардынатнай мары зорнага неба і шыпіць на мяне, што я зноў чорт ведае куды зайшоў)). Дык вось як на рынку. Стаіш на кавалку кардону, да чаго прывяла цэлая групоўка фактараў, пачынаючы малаадукаваным кардонамайстрам, які на кардоназаводзе дыміў трубамі з рота, пакрытага чалавечым потам, і трубамі з бетону, пакрытага едка цэлюлозным кандэнсатам, скончваючы добрай воляй. Стаіш на кардонцы, якая сама магла быць рынкам з найбагацейшым у Беластоку выбарам слядоў — чорных, шэрых, лічбавых і мачападцёчных. А перад табой стаіць грузная жанчына. Ну вы паспрабуйце боль ад тупога ўдару тыльнай часткай сякеры ў скронь падчас патрулю. Ён канешне на аўтарскі выраст, але вы насуньце, о які вы красунчык, ну слухайце, я нават зніжку зраблю, а хочаце вось у нас ёсць яшчэ такі вось боль, завоз новы, гэта сасуд, трэба будзе з ім да доктара з гэтым сасудам, ой. Сасуд лопнуў

Два словы пра аўтара. Так, ён мне не вядомы, але пра яго льга што сказаць. Напачатку відавочна, што гэты твор з’явіўся як адказ на “Кінараман” Макса Шчура. Але, па колькасці прозвішчаў, якія згадвае аўтар у тэксце, зразумела, што ён увогуле валодае цяперашняй літаратурнай сітуацыяй. Ён, пісьменнік, чытае пісьменнікаў. Выключнае на наш час, згадзіцеся. Мажліва, ён малады, шукае сябе ў творчасці. І мне вельмі імпануюць такія паводзіны маладых – чытаць іншых. Бо Язэп Гніль  – не адзіны такі, перачытайце інтэрв’ю з Дудко – проста ўражвае, аб колькіх аўтарах ён мае што сказаць, і яшчэ больш цікавае тое, што яму “па масці” – тут і мейнстрым, і класіка. Карацей, хлопцы ў тэме. Тое цешыць. У нас адзінкі сучасных мэтраў чытаюць тэксты сваіх братоў па розуме. Бо ж некалі, сваё пісаць трэба, дый які геній будзе чытаць пасрэднасцяў?

Тэкст Язэпа Гніля розны. Часам катэгарычны і з’едлівы, бескампрамісны. Часам панурысты, бязлітасны да сябе і інышх. Рэзкі, злы. Правакацыйны. Глыбокі.

Раман можна разглядаць як маніфест, а можна як адчай і ўскрык даведзенага да роспачы. Ускрык, у якім – зерне цвярозага розуму і боль:

А ну і пра пратэсты. Гэта рэальна тое, да чаго вы імкнецеся? Літаратура пра другую сусветную? Гэта літаральна ВАВ. Мы будзем абсмоктваць палітзэкаў як ветэранаў? Пісаць, якія мы героі, а потым яшчэ і пра тое, што а раптам мы не маем рацыю, і цэнзура задушыць. І праз сто гадоў на юбілейным маршы людзей з неабмежаванымі магчымасцямі будуць чытаць вершы з’ехаўшых паэтаў у чорную ноч? Проста ёсць мяжа, калі літаратура пра нацыянальную траўму перарастае з нішавай андэграўднай хуйні, якая прадаецца ў Берліне, пра тое як марксізм і алігархі задушылі народны ўздым. Наступная стадыя — вашыя кніжкі пра вайну прасоўваюць амбасады, па іх матывах робяцца музеі. Тады ўсе разумеюць, што дзесяць апавяданняў пра пратэсты, гэта чарговая літаратура…

Дадам, што гэтай тэме прысвечаны добры кавалак тэксту, і ён варты ўдумлівага прачытання.

Па праўдзе, пісаць пра гэты тэкст вельмі няпроста, дый не стану спрабаваць. Галоўнае для мяне – гэта было новае і чытаць гэта было цікава. У любым разе, жадання адкінуць прэч не ўзнікала, хоць былі два-тры моманты сапраўднага трэшу, антыэстэтыкі, але розумам адчуваў, што тут неабходна уключаць асацыятыўнасць, шукаць падтэкст…

Аўтар умее тое, што павінен умець пісьменнік: пісаць. Ягоны тэкст вывераны, ён валодае словам у той меры, каб чытачу не даводзілася паўзці па старонках і спатыкацца аб дурнаватыя канструкцыі, недасканаласць пабудовы. Ён піша, каб мне было льга бачыць і разумець. Які свет будуе аўтар і якія ідэі прасоўвае – ягонае неаспрэчнае права.

А вось згаджацца ці адпрэчваць – гэта якраз неаспрэчнае права чытача.

Кажу: добра, што ёсць такая ў нас проза. І яшчэ болей грэе тое, што ёсць аўтары, якія чытаюць іншых.

В. Г.

 

Пакінуць адказ