Прыгоды Пінокіа. Карла Калодзі (Наталля Рунге)

Прыгоды Пінокіа. Карла Калодзі (Наталля Рунге)

Што ж, “Пінокіа”… Як і ўсе дзеці нашай краіны, я доўга не ведаў пра яго існаванне. Упершыню я ўзяў у рукі кнігу, калі мне было гадоў дзевяць. Яна надоўга ўрасла ў маю памяць. “Бураціна” – гэта, як ні парадаксальна, болей “дыснэеўскі” твор: бліскучы, глянцавы, поўны прыгод, песень… Але яго прачытаў – і паклаў на палічку. Кніга ж пра Пінокіа – з тых, якія не забудзеш.

Мінулі ўжо дзесяцігоддзі (!), а я дасюль памятаю многія яе хохмы, кранальныя моманты і палёты аўтарскай фантазіі. Вось Зялёны Рыбак, які смажыць рыб жыўцоў. Страшна не было, хутчэй трывожна і цікава. Вось сам Пінокіа, які прыехаў у цудоўную краіну, дзе жывуць толькі адныя дзеці, і няма ні дарослых, ні школы. Вось ён плыве па моры, уцякаючы ад селяніна, – я ўяўляў і светлую, сонечную ваду, і скалы, і чаек – і гэтыя вобразы жывыя ў маёй памяці, хоць у кнізе зусім не было карцінак.

“Бураціна” – добра зробленая экшн-казка. “Пінокіа” – веха дзяцінства. Пінокіа –  гэта самародак. Самародак грубы, дрэнна апрацаваны, слаба адаптаваны для дзяцей, і ўсё ж кніга валодае вялізнай натхняючай сілай. Бураціна – добры сцэнар для дынамічнага спектакля. “Пінокіа” – гісторыя пра чароўны свет, дзе ёсць і феі, і Краіна Забаўлянак (куды лепей не трапляць), і цёплае мора з яго незлічонымі цудамі і сакрэтамі, і магутнае абаянне чарадзейнай казкі.

Кніга выйшла на досвітку дзіцячай літаратуры. Карла Калодзі паказаў многім аўтарам, як трэба прыдумляць, як трэба вырошчваць дзіцячыя кнігі.

Вёлунд.


Што можна расказаць пра “Прыгоды Пінокіа” у 2026-м годзе? ☺️ Што гэта класічны і шмат у чым ужо даволі дзіўны тэкст. Калі чытаць яго з сучаснай оптыкай, то ўзнікае багата пытанняў – і адносна падыходаў да выхавання, і да гвалту (нават з боку станоўчых герояў), і да пэўных сюжэтных паваротаў.

✨ Але часам хочацца чагосьці вельмі класічнага. Альбо чагосьці, што чыталі мы самі ў дзяцінстве. А ёсць сярод нас і тыя, для каго чытанне правераных, класічных тэкстаў ёсць абавязковай часткай выхавання ☺️ На такія выпадкі маем новы пераклад і новае выданне “Прыгодаў Пінокіа” ад выдавецтва @otkrytaya_kniga_izd. Нагадаю, што ў 2019-м годзе кніга ўжо выходзіла ў беларускім перакладзе Яўгена Салейчука ў выдавецтве “Галіяфы”. Але знайсці яе цяпер, мяркую, складана.

📘 У гэтым выданні і новы пераклад, які зрабіла Наталля Рунге, і новыя ілюстрацыі ад Святланы Чакуравай. Гэта кніга фармату А4 з вялікай колькасцю ілюстрацый, на форзацах – лабірынт і гульня. Добры падарункавы варыянт для аматараў класікі 🤗

👧🏻 Дарэчы, класічнага Пінокіа ў дзяцінстве мне не чыталі, толькі Бураціна. Упершыню я прачытала тэкст Калодзі па-беларуску сыну, калі таму было 4,5 гады. Чытала і, калі шчыра, моцна здзіўлялася. Сын таксама. У яго было шмат пытанняў пра тое, чаму ў гісторыі столькі лупцавання і пакутаў, чаму столькі несправядлівасці, хлусні і здзекаў. Тады я скарыстала гэтыя пытанні, каб пагаварыць, як змянілася жыццё, грамадствы, нормы і законы за апошнія паўтары стагоддзі. Што ж, праз 6 гадоў я ўжо не так пэўная ў прагрэсе чалавецтва… Але гэта асобная тэма.

🩶 Гэтым разам я перачытала кнігу сама. І думала пра тое, што яе па-ранейшаму можа выкарыстоўваць як дапаможнік у вывучэнні маральных норм, норм паводзінаў і чалавечнасці агулам. У кожнай дзікаватай (з сучаснай званіцы) сітуацыі можна задаваць пытанне: а што тут не так? Што б зрабіў ты?..

kniznyja_razmovy.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме