Чэшскі раман пра японскую мару.
Калі я сказала, што цікаўлюся чэшскай літаратурай, прадстаўнік выдавецтва “ Янушкевіч “ з хітрай усмешкай працягнуў мне гэты раман. “ Новы пераклад, – запэўніў ён, – вам дакладна спадабаецца!” І меў рацыю, бо мне сапраўды вельмі спадабалася гэтая кніга. А гумар у тым, што большасць крытыкаў, а таксама перакладчык, заяўляюць, што кніга разлічана на падлеткаў-старшакласнікаў, я ж абсалютна не трапляю ў мэтавую аўдыторыю. Тым не менш, прачытала Прачынаюся ў Сібуі за выхадныя і лічу кнігу адной з лепшых з таго, што чытала апошнім часам.
Героі кнігі Анны Цымы – дзівакі-інтэлектуалы. Кожны з іх асаблівы, таленавіты, яркі. Вельмі прыемна чытаць пра такіх людзей. Я літаральна палюбіла і апантаную япаністку Яну, і яе сяброўку Крысціну, рыжавалосую студэнтку хіміка- фармацэўтычнага факультэта, крэатыўную кантрабасістку Маціко і яе брата Акіру, дзівакаватага фатографа; нават не існуючага японскага пісьменніка Кіямару Кавасіту, апавяданні якога раскіданыя па рамане, а ягоны лёс з’яўляецца галоўнай загадкай усяго твора.
А самы мой любімы герой, канечне, інтэлігентнае пудзіла Віктар Кліма, навуковец-вар’ят, з тых, што ходзяць з выдранымі гузікамі, але здабываюць са сваёй ускудлачанай галавы самыя неверагодныя ідэі. Лічу, што на такіх Клімах і трымаецца свет.
Падзеі рамана адбываюцца ў розныя часы і ў розных кропках свету. З Прагі чытача перакідвае ў Токіа, з пачатку 21-га стагоддзя – у пачатак 20-га, ад аднаго героя да іншага і так ўвесь час, але такі прыём ківача зусім не перашкаджае сачыць за падзеямі. Наадварот, чытач як бы адначасова сядзіць і ў бібліятэцы Карлавага універсітэта, і каля помніка Хаціко ў Сібуі. Межы і адлегласці перастаюць існаваць, думка робіцца ўсёмагутнаю і ператвараецца ў нешта большае, чым думка. У ідэю, у мару, што своеасабліва ўзаемадзейнічае з героямі. А бачыць яе могуць вар’яты і закаханыя.
Не ведаю, да якой катэгорыі аднесці сябе, але я таксама яе ўбачыла.
Раю да прачытання кнігу Анны Цымы ўсім, хто марыць, жадае рассунуць межы паўсядзённасці, мае ўпартасць і сілы хоць маленькімі крокамі рухацца да сваёй недасяжнай мэты. Кніга дорыць надзею, мы ж так хочам яе мець.