Пасажыры карабля Тэсея. Сцяпан Стурэйка

Кніга Сцяпана Стурэйкі – найбольшае маё расчараванне апошніх месяцаў. Столькі добрага я чула пра аўтара, так расхвальвалі кнігу спецыялісты, і тэма, якая вельмі мяне цікавіць. Знайшла кнігу, прачытала і – ” што гэта было”? Так і не зразумела, ці то аўтар чытачоў лічыць неразумнымі, ці то сам прыкідваецца гарадскім вар’ятам, каб улады не чапляліся?

Аповесць ” Пасажыры карабля Тэсея” пададзена ў форме псеўдадэтэктыва з містычна-двухсэнсоўным фіналам і паралельнымі рамантычна-філасофскімі разважаннямі галоўнага героя. Разважае герой цікава, пытанні ставіць разумныя: ўсё ж, народ – гэта дрэва, якому патрэбныя моцныя карані, або рака, што няспынна нясецца наперад, змываючы мінулае? Ці можна, ці патрэбна захоўваць гістарычныя аб’екты ў натуральным выглядзе ці лепш дазволіць ім трансфармавацца ў штосьці іншае? Я б хацела паўдзельнічаць у такой дыскусіі, толькі фармат дэтэктыва на яе не разлічаны, ён патрабуе актыўных дзеянняў, што прывядуць героя і чытача да нейкага адказу, а ў кнізе мы прыходзім у тупік. Замест узгорка – яма, замест адказаў – яшчэ больш пытанняў.

Другая аповесць ” Разбуральнік” – поўны правал. Гэта не аповесць нават, а нейкі сцэнар баевіка для ” Беларусьфільма” пра прыгоды бравага лейтэнанта Качуры. Тут і шпіёны, і КДБ , і сакрэтныя агенты, і забойствы з пагонямі. У такой мешаніне сэнс канчаткова губляецца і ціха канае на абочыне разам з разгубленымі чытачамі.

Адзінае, што мне спадабалася з усёй кнігі – гэта апошняе апавяданне пра вяртанне. Добра, што я пачала чытаць менавіта з яго, бо інакш не знайшла ў сабе сілы прачытаць кнігу. Тут і ўспаміны бабулі дарэчы, і герой – нармальны чалавек, не звязаны са спецслужбамі, і радасць ад прадчування вялікай,цікавай і карыснай працы так удала перададзена. Можа аўтар, калі захоча!

Paniardolynk Kva


“Еўрапейская культура тым і адрозніваецца ад нашай, што цэніць старое, не дае яму заняпасці. Яны ўсё паднаўляюць ды кансервуюць…

Ты ўсміхнулася і прамаўчала. Але потым усё ж дадала, што адна з уласцівасцей спадчыны – прыцягваць да сябе разбуральную сілу, і часцей за ўсё яе разбураюць не ворагі, а тыя, каму спадчына напраўду належыць.”

Аповесці даследчыка культурнай спадчыны Сцяпана Стурэйкі складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Калі верыць аўтару, напісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях. Героі даследуюць беларускую гісторыю часам не ў самых спрыяльных абставінах,  галоўным чынам, познесавецкіх. Гэта кніга пра Беларусь – з яе страчанымі помнікамі даўніны, адноўленымі рытуальнымі абрадамі, местачкоўцамі і службоўцамі, кантрабандай і не толькі.

Зборнік аповесцяў Сцяпана Стурэйкі «Пасажыры карабля Тэсея» ўпершыню выйшаў вясной 2022 года. Наклад кнігі распрадаўся, а летась за гэтую кнігу Сцяпан атрымаў 2 месца Прэміі Гедройця.

hartajka


У кнізе ё тры творы, адзін маленькі, а два другія прыкладна аднолькавага памеру. Спачатку агульна пра ўсе.

Ва ўсіх творах прасочваецца разважанне пра захоўванне гісторыі і спадчыны. Думкі цікавыя і нават часам вельмі нечаканыя і неадзначныя (што добра). Але адной гэтай тэмы, на мой погляд, для цікавай гісторыі малавата. Таму гэтыя думкі даследуюцца удоўж і ўпоперак, паўтараюцца, і чытаць такое робіцца нудна. Да таго ж, падаюцца яны вельмі прама, усе ляжыць на паверхні. Вось гэтага вось “героі шукаюць адказы, а знаходзяць сябе” з анатацыі я не заўважыла; тэма пра пошук сябе, канешне, ёсць, але няшмат і нічога цікавага па ёй не адбываецца. Толькі спадчына-спадчына-спадчына…

Яшчэ вельмі сапсавала кнігу безліч нейкіх канспіралагічных сюжэтных твістоў. Нейкія ЦРУ, КДБ, таемныя савецкія распрацоўкі – вар’яцкія і бессэнсоўныя. Навошта яны тут? Толькі руйнуюць паглыбленне, бо адразу перастаеш верыць у падзеі твора.

Па творах.

(4*) Пасажыры карабля Тэсея. Атмасфера сучаснай беларускай глыбінкі, а таксама вось гэты нудны лістападскі настрой – ачмурэнныя. Галоўны герой таксама спадабаўся. Другую палову твора псуе паўтор думак і канспіралогія. Канцоўка нібы ўмысна такая ўся загадкавая, каб ты падумаў, што ў яе глыбокі сэнс, але яго я неяк не ўбачыла.

(2*) Разбуральнік. Тут амаль увесь твор пабудаваны на вар’яцкай канспіралогіі і проста дзікіх паваротах сюжэту. Спадабалася першая глава, дзе гісторыя зусім не звязаная с асноўным сюжэтам і яшчэ першыя некалькі да з’яўлення замежных спецагентаў. Далей бязглуздзіца жудасная.

(3*) Наперад! Вяртанне. Выглядае цікава, але малавата. Здаецца, што гэта кароткі змест большага твору, а не паўнацэнны аповед. Ну і асноўныя думка неяк слаба аформленная.

Карацей, Сцяпан, пішы яшчэ, але не пра спадчыну і спецслужбы, калі ласка.

Elizabeth

Пакінуць адказ