Пакуль чытала кнігу, прыгадвала назву гурта, у якім прымаў удзел аўтар у 90-я: “Правакацыя”.
📗 “Папяровы голем”- зборнік вельмі кароткай прозы (нататак, зацемак, назіранняў) – шмат у чым правакацыя і ёсць. І я ўсё думаю, чаму Бахарэвіч захацеў зрабіць яе менавіта такой?
📖 Недзе на сярэдзіне мне нават захацелася адкласці кнігу, бо было непрыемна ад фрагментаў, дзе я пазнавала вядомых людзей, літаратараў, па якіх аўтар праходзіцца даволі рэзка. Канкрэтныя прозвішчы ён не называе, але калі вы цікавіцеся беларускай літаратурай, то пазнаць (прынамсі, некаторых) не будзе складана.
🤷🏻♀️ З гэтай нагоды думалася вось пра што. У кнізе Акудовіча, якая сёлета ўзяла прэмію Гедройця, вельмі шмат вядомых людзей, пераважна, з літаратурнага кола. Багата каго Акудовіч крытыкуе, але аргументавана і карэктна. І няёмка мне, як чытачцы, пры гэтым не становіцца. А ў “Папяровым големе”, нават без імёнаў, – станавілася. Магчыма, менавіта таму, што імёны не былі названыя.
✨ Аднак у “Папяровым големе” ёсць не толькі правакацыя. Ёсць вельмі прыгожыя фрагменты, лірычныя, балючыя. Найперш тыя, што тычацца Менска і Беларусі.
Часам здаецца, што Беларусь сыходзіць. Распускаецца ў смузе гісторыі, зьнікае, бо няма больш сілаў. Гісторыя ўжо прыняла рашэньне. Але калі й так: Беларусь будзе зьнікаць доўга, мы не пабачым захаду нашага маленькага цьмянага сонца. Таму можам з чыстым сумленьнем, стомлена выгукнуць “Жыве”. Бо з нашай перспектывы яна і праўда яшчэ жывая. Але вечнага жыцьця не існуе. Балюча бачыць, як тое, у што ты верыў, паволі пагружаецца ў цемру часу.
😎 Злы Бахарэвіч толькі ў дачыненні да людзей. Да гарадоў і розных іншых лакацый бывае нават пяшчотны. Да сябе – крытычна-іранічны, але п’едэстал, з якога ён пра сябе прамаўляе хоць і невялікі, але заўважны:
Я буду скардзіцца, пакуль мяне не пачуюць. А калі пачуюць – буду скардзіцца, што апублікавалі скаргі без майго дазволу. Усё, што я ўмею, – хваліцца і скардзіцца. Затое зь якім майстэрствам! Зь якой жарсьцю… Часам яны ўжо не разумеюць, скарджуся я ці хвалюся. Ды я і сам усё часьцей блытаю між сабой два гэтыя заняткі.