Пад асобнымі коўдрамі. Вольга Гапеева

Пад асобнымі коўдрамі. Вольга ГапееваДаўно не чытала вершаў. Звычайна, калі чытаю паэзію, то трапляю ў стан “і няхай увесь свет пачакае” ☺️ Але жыццё стала надзвычай мітуслівым увесну і “выключыцца” з яго было складана. Аднак калі адчула, што нешта не тое са мной, выцягнула з паліцы зборнік Вольгі Гапеевай “Пад асобнымі коўдрамі”. Ён чакаў мяне яшчэ з восеньскай “Прадмовы” у Вільні.

📙 Гэта зборнік, які адразу робіць табе добра. У яго надзвычай прыемная вокладка: і колерамі, і тактыльна. Яго можна проста трымаць у руках і пагладжваць – і ўжо добрая тэрапія 😁 А ўнутры класная папера, вёрстка і, вядома ж, вершы.

📚 Гэта далёка не першы зборнік Вольгі, што я чытаю, але такі match з яе паэзіяй у мяне ўпершыню. Кніга дала мне акурат тое, што цяпер трэба. Было лёгка засяродзіцца на тэкстах, я разумела і бачыла тое, што ў іх адбываецца, спачувала і грэлася душою калі іх. Стоп-кадры жыцця цяперашняга і ўспамінаў пра дзяцінства – дзесьці балючыя, дзесьці кранальныя; трапныя фармулёўкі і назіранні; дэталі, імгенні – прыгожыя і сумныя.

📌 …у выгнанні
хочацца рабіць бачнай
сваю рэальнасць каб не пачувацца
самотніцай без гісторыі…

♥️ Гэтае чытанне было як ціхая гутарка з аўтаркай, і напэўна кожная тут казала пра сваё, але неяк атрымалася супасць, паразумецца. Узнікла простая і вельмі чалавечная цеплыня паміж мной і гэтыя кнігай.

📌 …малечы вяртаюцца з пляжа
ні чытаць ні пісаць яны яшчэ не ўмеюць
ім даводзіцца ўсё несці ў сабе
так расце памяць…

✨ Не ведаю, ці можна і ці варта спрабаваць сказаць пра паэтычны зборнік штосьці больш канткрэтнае. Лепей, напэўна, працытаваць.

📌 часта мы забываем дыхаць

прачынаемся і адразу бяжым думкамі
у дзень учорашні або заўтрашні

 

гэты дзень як малое дзіця
просіць пабыць з ім
але ў нас выступы
справаздачы
адкрыцці
пераезды…

kniznyja_razmovy.

 

Пакінуць адказ