Нясвіжская крыза альбо Вернуты рай. Уладзіслаў Ахроменка

Нясвіжская крыза альбо Вернуты рай. Уладзіслаў АхроменкаГэтую кнігу можна назваць помнікам пісьменніку, які сыйшоў у лепшы свет. Па-першае, тут два яго галоўныя раманы – «Музы і свінні» і «Тэорыя змовы». Па-другое, і гэта асабліва важна, – тут два незавершаныя раманы, якія Уладзіслаў Ахроменка пісаў у апошнія гады свайго жыцця. «Нясвіжскую крызу альбо Вернуты рай» ён пісаў разам са сваім сталым суатарам Максімам Клімковічам. Максім у прадмове да няскончаных раманаў піша, што «Нясвіжская крыза» завершана недзе на 70%. Другі незавершаны раман – гэта «Выкрадальнік гукаў», які Уладзіслаў пісаў самастойна, і мы сёння маем зусім невялікі яго фрагмент.

Раманы «Музы і свінні» і «Торыя змовы» досыць вядомыя, таму я не буду тут іх згадваць.

Мяне найперш зацікавіла «Нясвіжская крыза». Я ведаў, што пісьменнікі працуюць над гэтым творам, прычым прыкладна ведаў, пра што будзе раман. Ну і тут мушы сказаць, што праца ішла ў 2017-2018 гадах, яшчэ да ўсіх гэтых падзеяў, якія перакулілі свет, – да кавіду, да 20-га году і да войнаў. Я раіў Максіму самастойна завершыць раман, так бы мовіць, дарабіць супольную справу. Але ён вырашыў пакінуць твор незавершыным, патлумачыўшы, «што тэхнічна «Нясвіжскую крызу» можна было скончыць у сэнсе колькасці друкаваных знакаў, завершанасці лёсаў герояў і калізіі. Аднак гэта былі б толькі мае дапушчэнні-фантазіі на тэму, а не тое, што атрымалася б у выніку рэальнай сумеснай працы».

А мне ўсё ж шкада, што не дапісаў. Думаю, што сам Уладзіслаў быў бы за тое, каб раман застаўся для беларускай літаратуры завершаным. Яшчэ можна гэта зрабіць. Бо зусім не зразумела, дзеля чаго ў раман пакліканы Міхал Вітушка, толькі каб спаліць жыўцом былога старшыню калгаса, а цяпер бурмістра ВССКЛ Басоту, які зруйнаваў і спаганіў вясковыя моглкі, а тым больш не зразумела, што робяць у рамане браты-бізнэсоўцы Шапіры.

Дык пра што раман? У амерыканскага прэзідэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі ёсць усемагутны сябар князь Станіслаў Альбрэхт Радзівіл, які і дапамог Джону стаць прэзідэнтам, – грошы, уплывы багацеяў, спрыянне элітаў. Стась, з дапамогай невялічкай махінацыі ў кіраўніцве Кубы, адхіляе ад улады Фідэля Кастра. Робіць гэта з карыснай мэтай, бо просіць Джона, каб прапанаваў Хрушчову за вяртанне да ўлады Фідэля аддаць Стасю Нясвіжскі раён для стварэння Вялікага Савецкага Сацыялістычнага Княства Літоўскага. Вось такі досыць мудрагелісты «геапалітычны» сюжэт. З усімі пікантнымі падрабязнасцямі капіталістычнага і савецкага свету. Нікога не шкадуючы.

То бок гэта досыць класічная для Ахроменкі і Клімковіча стылістыка, якую яны называлі кінематаграфічнай.

Але ўдумлівы чытач пабачыць тут не проста забаўляльны сюжэт, ён зможа дазнацца паміж радкоў пра тамніцы нашага сучаснага светаўладкавання – пра прадажнасць уладаў, пра фальшывасць лозунгаў, пра лёгкае абалваньванне масаў, пра людскую хцівасць і хіжасць. Бяры і замяняй імёны герояў раман на імёны нейкіх сучасных кіраўнікоў і лідараў – і атрымаецца абсалютна дакланая гісторыя сённяшняга дня.

Вось такі атрымаўся ўніверсальны твор, які, я спадзюся, усё ж будзе завершаны.

А.А.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме